Юбілейны праект крочыць па краіне

Разнастайныя мерапрыемствы праводзяць у НДЦ «Зубраня» да 50-годдзя ўстановы. Адным з іх стаў маштабны праект «Зубрёнка» голос звонкий» для дзяцей, якія адпачываюць у выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі Беларусі.

Праект рэалізуецца па розных напрамках. Гэта і правядзенне тэматычнага дня, прысвечанага юбілею цэнтра, і ўдзел каманд летнікаў у акцыі «Павіншуем «Зубраня» разам», а таксама выязныя сустрэчы-знаёмствы, падчас якіх арганізуюцца творчая, метадычная і спартыўная пляцоўкі. Рэалізаваць такі выезд-ваяж дапамагаюць дзеці, якія адпачываюць у цэнтры: удзельнікі валанцёрскага атрада «Крылы», творчыя калектывы, пераможцы спартакіяды.

Творча-спартыўная каманда цэнтра пачала візіты з выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі Брэсцкай, Мінскай, Гродзенскай абласцей. Завіталі госці са святочнай праграмай і ў кругласутачны лагер працы і адпачынку «Вясёлка», які працаваў на базе гімназіі-інтэрната Мядзела. Расказалі пра цэнтр, нагадалі, што ў ім за год адпачываюць больш за 16 тысяч дзяцей, праводзіцца 25 міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, паведамілі цікавыя гістарычныя факты, развучылі песню-гімн цэнтра… Таленавітыя дзяўчынкі ўзорнай студыі танца «Дэжа вю плюс» з Пінска і валанцёрскага атрада «Крылы» падаравалі гледачам святочны настрой.
— Да юбілею плануем наведаць 50 выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. У Мядзельскім раёне пабывалі ўжо ў пяці, — расказвае метадыст аддзела арганізацыі метадычнай працы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі Рэспублікі Беларусь НДЦ «Зубраня» Таццяна Куцко. — Сустракаюць нас вельмі гасцінна, праект цікавы не толькі гаспадарам, але і самім арганізатарам. Наша мабільная каманда з задавальненнем падарожнічае па краіне, мы бываем у самых розных аздараўленчых лагерах, праводзім таварыскія сустрэчы па футболе, піянерболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, нават бяжым крос. Разам з гэтым знаёмімся з сістэмай выхаваўчай работы, праводзім метадычныя кансультацыі, дзелімся досведам. Сёння нашы маленькія
артысты зазначылі, наколькі прыемна і пачэсна прымаць віншаванні з 50-годдзем беларускага брэнда — НДЦ “Зубраня”, як шмат дзяцей і дарослых ведаюць пра нас. Дзякуем за ўсе віншаванні, якія мы атрымалі, і запрашаем усіх далучацца да віншавальнага руху “Зубраняці — 50!”.
Прадоўжылася наведванне Мядзела сустрэчай і спартыўнымі мерапрыемствамі з дзецьмі з лагера «Дружба» Занарацкай сярэдняй школы: у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры прайшлі спаборніцтвы па піянерболе, шашках, шахматах і настольным тэнісе.
А на стадыёне Нарацкай сярэдняй школы №2 прайшоў таварыскі матч па футболе: юныя спартсмены з «Зубраняці» згулялі з выхаванцамі лагера «Фарбы лета» Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі.
У мінулую суботу ўдзельнікі праекта прадоўжылі візіты ў раёне: наведалі спартыўна-аздараўленчы лагер «Алімпіец» СДЮШАР раёна і палатачны перасоўны «Рубікон» гімназіі-інтэрната Мядзела.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



22 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя, Курорт, Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай img_4257 Царква ў Слабадзе від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела