Не бяры чужога і не бойся нікога

ЯК кажуць, прачытайце самі і перадайце іншым. Найперш — дзецям і ўнукам. Няхай таксама пачытаюць. Так, на ўсялякі выпадак.
Непаўналетні пастаўчанін згубіў у аўтобусе мабільны тэлефон. Заўважыўшы адсутнасць дарагой рэчы, вярнуўся з матуляй, разам шукалі згубу ў прысутнасці вадзіцеля. Але не знайшлі: у тэлефоне быў уключаны безгукавы рэжым. Назаўтра гэтым аўтобусам ехалі жыхары нашага раёна: падлетак са сваёй маці. Паміж сядзеннямі хлопец заўважыў тэлефон — і ўзяў сабе. Выйшаўшы з аўтобуса, паказаў знаходку маці (!), пасля чаго дастаў і выкінуў сім-карту. Ці трэба казаць, што неўзабаве ў гэту сям’ю завіталі людзі ў пагонах?
Дзеянні падлетка кваліфікаваны як крадзеж, а значыць, падпадаюць пад артыкул 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пакаранне за такое — грамадскія работы, або штраф, або папраўчыя работы да двух гадоў, або абмежаванне волі да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Аднак хлопцу двойчы пашанцавала. Па-першае, яму яшчэ 13 гадоў — а крымінальная адказнасць за названае злачынства наступае з 14-ці. А па-другое, бацька гаспадара тэлефона не пажадаў прыцягваць нашага земляка да адказнасці, пісьмова адмовіўся складаць заяву і папрасіў далейшую праверку па справе спыніць. Зыходзячы з названых акалічнасцей, Пастаўскі РАУС перадаў матэрыялы ў камісію па справах непаўналетніх нашага райвыканкама. На пасяджэнне якой неўзабаве і былі запрошаны згаданы падлетак з маці. Там у прысутнасці 13-ці членаў камісіі і сацыяльнага педагога школы давялося адказваць на малапрыемныя пытанні: Навошта ўзяў чужую рэч? Чаму не аддаў яе вадзіцелю? Як сталася, што маці дазволіла хлопцу пакінуць знаходку сабе? І што б сама рабіла, заўважыўшы чужое? А ўрэшце, ці ёсць у матулі з сынам свае мабільныя тэлефоны? А калі ёсць, дык што перашкодзіла набраць “102”? І неяк дзіўна гучалі словы маці: “Я перш у такой сітуацыі не была, а таму не ведала, што рабіць”. Няўжо і сапраўды дарослая жанчына думала, што забраць сабе чужую рэч — правільна?
Гэтым разам для непаўналетняга і яго сям’і, можна сказаць, усё абышлося. Хлопца і яго бацькоў не прыцягнулі да адказнасці (нават адміністрацыйнай), а толькі папярэдзілі аб недапушчальнасці здзяйснення супрацьпраўных учынкаў. Цяпер адказныя асобы будуць праводзіць з гэтай сям’ёй прафілактычную работу: сістэматычна наведваць, кантраляваць, гутарыць аб недапушчэнні крадзяжоў, арганізоўваць занятасць падлетка на канікулах, прыцягваць яго да ўдзелу ў клубных мерапрыемствах і г. д. Карацей кажучы, усяляк дапамагаць бацькам выхоўваць сына. Вельмі добра, калі гэты выпадак будзе хлопцу ўрокам на ўсё жыццё. І проста выдатна — калі веданне яго гісторыі засцеражэ ад неабдуманых (але ўсё роўна злачынных!) учынкаў іншых.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.



12 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          0-170 лебедзі на Мястры Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела