Пляжны адпачынак без рызыкі патануць

З НАСТУПЛЕННЕМ лета шмат даводзіцца чуць пра небяспеку, якую тояць вадаёмы. І гэта правільна. А сёння пагутарым пра тое, як патрэбна сябе паводзіць, калі ўжо тонеш. Мой суразмоўца — старшыня раённай арганізацыі “Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах” Сяргей Багданаў.
— Давайце ўявім: дарослы чалавек, які не мае шкодных звычак, рэгулярна займаецца спортам і выдатна плавае…
— Ці можа ён патануць? Вядома. Нават той, хто не ўмее плаваць і не заходзіць у ваду вышэй пояса, можа захлынуцца. Вядома, асноўнымі прычынамі ўтаплення з’яўляюцца якраз няўменне плаваць, алкагольнае ап’яненне і індывідуальныя хваробы. Але рызыкуюць нават моцныя і абсалютна здаровыя людзі. Перапад тэмпературы, уваходжанне і скачкі ў ваду ў разгарачаным і ўзбуджаным стане часта таксама прыводзяць да няшчасных выпадкаў, бо з прычыны рэзкага перападу тэмпературы адбываюцца спазмы сасудаў, у тым ліку галаўнога мозгу і сэрца. Небяспечна занадта доўга знаходзіцца ў вадзе: пераахаладжэнне можа прывесці да сутаргаў.
— А што дапаможа?
— Халодная галава. Я маю на ўвазе, што ў першую чаргу чалавека выратуе ўласны спакой і засяроджанасць. Тут расклад просты: запанікаваў — загінуў.
— Што трэба рабіць, калі адчуў, што пачаў тануць?
— Для пачатку — супакоіцца. Трэба памятаць, што чалавечае цела мае станоўчую плавучасць — гэта значыць, што ў стане спакою можа ўтрымлівацца на паверхні вады. Для гэтага трэба перавярнуцца на спіну, дыхаць глыбока. Лёгкія — гэта своеасаблівы выратавальны круг, які заўсёды з табой. Пры паніцы пачашчаецца дыханне, лёгкія не паспяваюць напоўніцца паветрам. Калі адчуеце, што цалкам супакоіліся, пачынайце, не пераварочваючыся на жывот, спакойна падграбаць да берага. Калі адпачываеце на моры, а не на возеры, то, каб дабрацца да берага, можна выкарыстоўваць прыліўную плынь.
— Добра, але вось вы згадалі сутаргі, з імі як справіцца? Ці абавязкова падколваць да плавак іголку?
— Калі ўкалоць у раёне спазму, то боль даволі хутка праходзіць. Але сумняваюся, што кожны купальшчык мае з сабой шпільку. Ды і скарыстацца ёй у вадзе будзе даволі праблематычна. Лепшы спосаб справіцца з сутаргамі ў вадзе — змяніць спосаб плавання.
— Калі б трэба было сфармуляваць адно ўніверсальнае правіла бяспекі на вадзе, што б сказалі?
— Ніколі не будзьце занадта самаўпэўненыя. Паўтарэнне правілаў бяспекі, асцярожнасць і перастрахоўка ніколі не будуць лішнія падчас летняга адпачынку. Хочаце быць упэўненыя на ўсе сто працэнтаў у сваёй бяспецы? Выбірайце для купання толькі прызначаныя для гэтага месцы. Акрамя іншых плюсоў (напрыклад, надзейнага дна і пляцовак для адпачынку), у гэтых месцах пастаянна працуюць выратавальнікі, якія сочаць за сітуацыяй на вадзе.
— А калі сам заўважыў, што чалавек у небяспецы?
— Лепшае, што вы можаце зрабіць у гэтым выпадку — паклікаць на дапамогу. Выратаваць чалавека складаней, чым здаецца.
— Дарэчы, у фільмах нам паказваюць, што тонуць гучна. Абавязкова размахваюць рукамі, пырскаюцца, клічуць на дапамогу. Ці так гэта на самай справе?
— Вядома, калі вы бачыце чалавека, які размахвае рукамі і кліча на дапамогу, гэта не значыць, што трэба яго ігнараваць. Яму, відавочна, сапраўды патрэбна дапамога і яму яшчэ можна дапамагчы, але фактычна ён яшчэ не тоне. Але часта бывае: за два крокі можа хтосьці тануць, але астатнія не звяртаюць увагі. Запомніце: сапраўднае ўтапленне не падобнае на кіно. Чалавек маўчыць, яго рот і нос часта аказваецца пад вадой, рукі як быццам ціснуць на ваду — можа здацца, што ён спрабуе выпхнуць сябе наверх. Тут неабходнасць утрымацца на вадзе і ўдыхнуць паветра важнейшая за крык аб дапамозе. Таму вельмі прашу пры адпачынку ўважліва сачыць за сябрамі і блізкімі. А асаблівую ўвагу звяртайце на дзяцей: яны проста не адчуваюць небяспекі, якую нясе вада і, на жаль, гэта можа прывесці да сумных наступстваў. Дарэчы, Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць дарослых за пакіданне дзяцей у небяспецы: частка 2 артыкула 159. Такое дзеянне караецца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў са штрафам або без штрафу.

Гутарыла Аляксандра ГАРАЧКА.



12 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры возера Глубелька Касцёл у Шэметава   1-12

Пабрацімы Мядзела