З ПАЧУЦЦЁМ ГОНАРУ І ПАВАГІ

ВА ўсіх рэгіёнах Міншчыны 3 ліпеня прайшлі шэсці “Беларусь памятае”, а ўвогуле на яе тэрыторыі арганізавалі больш за дзве сотні розных масавых мерапрыемстваў. І ў гэтым шэрагу больш за ўсё пашчасціла старадаўняму Нясвіжу, які, апрача ўсяго іншага, прыняў абласное свята ў гонар Дня Незалежнасці і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты горад нават крыху старэйшы за наш Мядзел, ён вядзе свой летапіс з 1223 года. Бліжэй да вечара сюды пачалі з’язджацца на вялікіх сучасных аўтобусах прадстаўнічыя дэлегацыі, якія сцякаліся на стадыён “Ураджай”. Прадстаўнікоў азёрнага краю ўзначальваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Па дарозе ўражвалі дагледжаныя пасевы сельскагаспадарчых культур — у асноўным гэта збожжавыя з абавязковай тэхналагічнай каляінай і плантацыі кукурузы. Першыя выглядалі ў параўнанне з нашымі больш спелымі і ўраджайнымі, а што наконт “каралевы палёў”, то і на Мядзельшчыне яна ў некаторых гаспадарках выглядае ніколькі не горшай…
З раніцы ў горадзе велічнае свята адзначалі мясцовыя жыхары і госці. Галоўная дзея тут разгарнулася ў парку каля музея-заказніка “Нясвіж”. Кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у розных культурных і спартыўных мерапрыемствах. Там жа знаходзіцца брацкая магіла і помнік савецкаму салдату, гарыць вечны агонь. Кветкі да манумента ўсклалі таксама губернатар Міншчыны Анатоль Ісачанка і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны… А ў дваццаць гадзін на гарадскім стадыёне загучалі мелодыі ваенных год у выкананні Прэзідэнцкага аркестра рэспублікі — галоўны дырыжор заслужаны артыст Беларусі Віктар Бабарыкін. На сцэну выходзілі папулярныя беларускія выканаўцы, народныя артысты краіны і таленавітыя ўдзельнікі міжнародных конкурсаў. Песні гераічных саракавых навявалі атмасферу таго часу, на памяць прыходзілі гістарычныя радкі, якія краналі душу і сэрца: “22 чэрвеня ў 4 гадзіны без усялякага аб’яўлення вайны германскія ўзброеныя сілы атакавалі граніцы Савецкага Саюза. Пачалася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Справа наша справядлівая, вораг будзе разбіты, перамога будзе за намі!”
Тры гады фашысцкай акупацыі, мільёны аддадзеных чалавечых жыццяў, гераізм і супраціўленне ворагу, і радасць вызвалення. Вялікая Айчынная вайна пакінула свой след не толькі на вуліцах гарадоў і вёсак, але і ў сэрцах людзей. Беларусь памятае страшныя гады ліхалецця і подзвігі герояў-пераможцаў. Міншчына таксама ганарыцца землякамі, якія аддалі сваё жыццё дзеля Перамогі і вызвалення роднай краіны. Пра тое, як гэта было, удзельнікі ўрачыстасці даведаліся з экрана з прадэманстраванай гістарычнай хронікі і ўспамінаў відавочцаў. Памятная дата ў гісторыі беларускага народа — 23 чэрвеня 1944 года, пачатак адной з найбуйнейшых вайсковых аперацый “Баграціён”. У ходзе яе 3 ліпеня быў вызвалены Мінск, а на ўсход ад яго савецкія войскі ўзялі ў кальцо і разграмілі 105-тысячную групоўку гітлераўцаў. На тым месцы сёння велічны мемарыял і музей баявой тэхнікі пад адкрытым небам “Курган Славы”, якому сёлета спаўняецца 50 год. Стаў тады свабодным ад акупантаў і наш азёрны край, які ўвайшоў у гісторыю як адзін з цэнтраў партызанскага супраціўлення. Ужо да канца 1943 года брыгада імя Варашылава адваявала ў ворага асноўную частку раёна, стварыўшы партызанскую зону. А з разгромам фашысцкай групоўкі каля Брэста, Беларусь была цалкам вызвалена ад нямецкіх захопнікаў. Так 3 ліпеня стала днём нашай нацыянальнай гордасці, удзячнасці тым салдатам-героям, якія падаравалі рэспубліцы мірнае неба. І мы цудоўна разумеем, што светлае сёння прарастае з гераічнага ўчора.
Запомнілася на ўрачыстасці і праніклівае выступленне старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі. Як адзначыў губернатар, ніколі ў сваёй гісторыі беларускаму народу не даводзілася сутыкацца з такім крывавым і бесчалавечным агрэсарам, як гітлераўская Германія. Наш край татальна разбураўся, людзі зазналі нечуваныя нягоды і пакуты. Мільёны нашых суайчыннікаў прынеслі на алтар Перамогі сваё жыццё. Менавіта таму вялікі дзень пазбаўлення ад нацысцкага прыгнёту стаў для нас і галоўным дзяржаўным святам. Гэтакай была воля народа, выказаная на рэферэндуме. “Мы ганарымся тым, — падкрэсліў Анатоль Міхайлавіч, — што Міншчына ўнесла важкі ўклад у разгром фашызму. За мужнасць і гераізм больш за 80 яе ўраджэнцаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Не меншы подзвіг учынілі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, калі ў кароткія тэрміны аднавілі разбураную народную гаспадарку. Маштабнае развіццё індустрыі, аграпрамысловага комплексу, іншых галін працягвалася і ў наступныя гады. Гэта стала падмуркам для стварэння суверэннай беларускай дзяржавы”. Кіраўнік вобласці агучыў і прозвішчы герояў нясвіжскай зямлі. У іх ліку франтавіка, таленавітага кіраўніка, Героя Сацыялістычнай Працы Якава Аляксанкіна, былога старшыні агракамбіната “Сноў” Героя Беларусі Міхаіла Карчміта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Паўла Пранузы, франтавіка, шматгадовага настаяцеля тутэйшай Свята-Георгіеўскай царквы Дзмітрыя Хмеля, заслужанага дзеяча культуры Яўгена Ждана, які ахвяраваў уласны дом разам з калекцыяй сваіх карцін агракамбінату “Сноў”, дзе цяпер знаходзіцца музей. Яно і сапраўды, на такіх вось падзвіжніках заўсёды стаяла і стаіць наша Айчына.
За гады незалежнасці Беларусь дасягнула поспехаў, якія ўражваюць. Далейшае развіццё атрымалі індустрыяльныя гіганты, такія як “МАЗ”, “БелАЗ”, трактарны завод, Беларуская калійная кампанія. З’явілася мноства новых, высокатэхналагічных прадпрыемстваў. На якасна іншы ўзровень узняліся аграпрамысловы комплекс, энергетыка, транспарт, будаўніцтва. Далёка шагнулі ўперад медыцына і адукацыя, культура і спорт. З года ў год расце аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне. “Усё гэта, — зазначыў Анатоль Ісачанка, — вынік мудрай, паслядоўнай палітыкі нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. З’яўляючыся сапраўдным нацыянальным лідарам, ён цвёрда адстойвае інтарэсы свайго народа. У справу станаўлення беларускай дзяржавы дастойны ўклад уносіць і Мінская вобласць. Тут рэалізоўваюцца сёння звыш 110 інвестыцыйных праектаў. Сярод іх — стварэнне Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка і будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната. Падобныя праекты — гэта мільярды долараў замежных інвестыцый і тысячы рабочых месцаў… Наш святы абавязак — быць руплівымі гаспадарамі на сваёй зямлі. Яна ў нас адна. І гэта галоўнае, што мы перададзім нашым дзецям. Дарагія сябры! Дзень Незалежнасці — сапраўды вялікая ўрачыстасць, якая выклікае пачуццё гонару за свой народ. Сёння кожны з нас з асаблівай вастрынёй адчувае не толькі сувязь з гістарычным мінулым, але і з будучыняй. Мы павінны зрабіць усё, каб яно было квітнеючым і шчаслівым. За гэта ваявалі нашы гераічныя продкі. Няхай іх ратныя і працоўныя подзвігі натхняюць нас на новыя здзяйсненні і перамогі!”
З вялікай канцэртнай праграмы, апрача мелодый і песень часоў вайны, гледачы сустракалі дружнымі апладысментамі выступленні народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель, заслужанай артысткі нашай рэспублікі Алены Спірыдовіч, гасцей з кітайскай правінцыі Чунцын… Значна прыбавіў настрою ўдзельнікам свята і расійскі спявак Ігар Нікалаеў. Добразычлівая зала на “ўра” ўспрымала яго хіты «Старая мельница», «Выпьем за любовь»… А закончылася ўдалае і памятнае святочнае мерапрыемства акцыяй “Спяём гімн разам” і залпамі святочнага салюту, які ярка расквеціў начное неба над Нясвіжам.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.



11 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi img_4257 Касцёл у Засвіры   06-012

Пабрацімы Мядзела