Свая гісторыя пра вайну

У дзяцінстве ў мяне былі кніжкі “Піянеры-героі”. Пра Марата Казея, Паўліка Марозава, Зою Касмадзям’янскую і іншых. Я гэтыя кніжкі і любіла, і не, таму што заўсёды плакала, калі чытала.
А нядаўна ў госці заходзіла маленькая пляменніца, і гэтыя кнігі я ёй перадала. І яшчэ адну, якую напісала мая бабуля — у ёй распавяла пра “сваю” вайну. Я гэтыя гісторыі ведаю на памяць. У дзяцінстве перад сном усё прасіла: “Бабуля, а раскажы пра вайну”. Пляменніца пра Вялікую Айчынную ведае мала, а значыць, ёй гэтыя кнігі больш патрэбны. Не хачу, каб памяць аб тым, якой цаной нашы бацькі, бабулі і дзядулі заваявалі нам такое шчаслівае жыццё, перарывалася. Бо правільна кажуць, што, не памятаючы мінулага, немагчыма пабудаваць будучыню.
Упэўнена, у кожнай сям’і ёсць свая гісторыя аб вайне, у кожнай памятаюць сваякоў, якія змагаліся за нашу будучыню. Сёлета Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі вырашыў сабраць усе гэтыя сямейныя гісторыі разам і абвясціў аб правядзенні шматступеннага рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Беларусь памятае!”, прысвечанага 75-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Далучыцца мог любы ахвотны. Механізм просты: трэба сфатаграфавацца з партрэтам сваяка, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, і напісаць пра яго лёс, пра тое, што адбылося з ім падчас вайны і як у сям’і шануюць памяць пра гэтага чалавека. Фота і апісанне можна было выкласці ў інтэрнэце, адправіць па пошце, а таксама прынесці ў мясцовыя камітэты БРСМ.
Жыхары нашага раёна актыўна адгукнуліся на акцыю. Я паразмаўляла з некаторымі з іх.
Таццяна Конанава цяпер на пенсіі. Працавала ў Мядзельскай раённай дзіцячай бібліятэцы. Вырашыла паўдзельнічаць у акцыі. Хоць на самай справе так вось, коратка, гісторыю супраціўлення пераказваць цяжка, тым больш, што яна вельмі насычана падзеямі.
— Мой бацька, Уладзімір Васільевіч Жыхар, — расказвае жанчына, — нарадзіўся 10 студзеня 1922 года ў вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна. У 19 гадоў стаў партызанам атрада імя Кірава брыгады Кароткіна ва Ушацкім раёне. Удзельнічаў у штурме нямецкіх гарнізонаў у вёсках Камаі, Дунілавічы і іншых. Ахоўваў падрыўнікоў, удзельнічаў у баях з фашыстамі. У маі 1944 года партызанскія злучэнні, дзе змагаўся бацька, трапілі ў акружэнне фашыстаў, але прынялі бой і выйшлі з акружэння. Пасля ранення служыў у штабе аднаго з палкоў 6-й Гвардзейскай Арміі пад камандаваннем Говарава — сувязным. У 1945 годзе адправілі на савецка-японскі фронт. У 1946-м быў дэмабілізаваны. Узнагароджаны медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны І ступені”, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны
ІІ ступені і многімі юбілейнымі медалямі. Памёр бацька ў 1993 годзе, пахаваны ў Мядзеле.
Прыемна, што на акцыю адгукнуліся не толькі дарослыя, але нават школьнікі. Напрыклад, Павел Бярняк — навучэнец гімназіі-інтэрната Мядзела расказаў:
— Мой прадзед Анатоль Раманавіч Баранскі нарадзіўся 23 сакавіка 1923 года ў вёсцы Андрэйкі Мядзельскага раёна. З 1943 года па снежань
1944-га быў радавым партызанскага атрада імя Даватара. У снежні 1944 года прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у 377-м стралковым палку, у 10-м атрадзе супрацьтанкавай брыгады. Прымаў удзел у вызваленні Венгрыі (Балатонская аперацыя), Балгарыі. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.
Яшчэ адна ўдзельніца — Ксенія Жукоўская — па жыцці актывістка. Дзяўчына вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры, летам 2018 года была камандзірам студэнцкага атрада “Камсамольцы”. А сёлета — валанцёрам на II Еўрапейскіх гульнях. Расказала:
— Мой прадзед, Міхаіл Мікалаевіч Баранскі, нарадзіўся ў 1912 годзе, — распавядае Ксенія. — У 1939-м быў прызваны на фронт, ваяваў на тэрыторыі Польшчы. У 1943 годзе трапіў на Першы ўкраінскі фронт. Прымаў
удзел у Берлінскай наступальнай аперацыі. Далучыцца да акцыі мяне запрасіла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марына Апанасёнак.
У нашай сям’і захоўваецца пераемнасць пакаленняў, і кожны ведае гісторыю майго прадзеда. Я не бачыла прычын не падзяліцца ёй з іншымі людзьмі. Лічу, што памятаць подзвігі сваіх продкаў вельмі важна.
І з ёй не магчыма не пагадзіцца. Сёлета мы адзначаем 75-годдзе вызвалення Беларусі, але нельга памятаць аб героях і ахвярах толькі ў асобныя дні некалькі разоў на год. Вядома, многіх удзельнікаў вайны ўжо няма з намі, але ж гэта не можа перашкодзіць сказаць ім “дзякуй”?

Аляксандра ГАРАЧКА.



09 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька 06-043 Касцёл у Мядзеле  Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела