Гэты год стаў для Вапручковых знамянальным!

На працягу бягучага года шмат цікавых і адметных падзей адбылося ў жыцці мнагадзетнай сям’і Вапручковых з Княгініна. Яны сталі пераможцамі раённага этапу конкурсу “Сям’я года Міншчыны” і годна прадставілі наш сінявокі азёрны край на абласным узроўні. А яшчэ яны — уладальнікі ганаровай прэміі Беларускага дзіцячага фонду імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.
— Сапраўды, бягучы год для мнагадзетнай сям’і Вапручковых даволі адметны, — расказала загадчык аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” Таццяна Васілеўская. — Многія, мяркую, памятаюць, як у нас у раённым Цэнтры культуры праходзіў конкурс мнагадзетных сем’яў. Не адну мяне здзівілі артыстычныя дачушкі Святланы і Анатолія. Ды і сама матуля, якая падчас майстар-класа, наладжанага ў фае ўстановы, за лічаныя хвіліны на вачах прысутных зрабіла ляльку з лёну. Не падвялі Вапручковы наш раён і на абласным свяце, якое праводзілася ў Слуцкім гарадскім Доме культуры. Дарэчы, там сям’я з Княгініна была самай шматлікай з канкурсантаў: у ёй выхоўваецца сямёра дзетак. І хоць жывуць Святлана, Анатолій з сынам і дочкамі ў сельскай мясцовасці, трымаюць жыўнасць на падворку, садзяць агарод, апрацоўваюць зямлю, але ўсюды паспяваюць. У іх і дома, і на дваровай тэрыторыі парадак, ладзяцца гаспадарчыя справы. А самае галоўнае — у іх дзеці акуратныя, дагледжаныя. Мама — выдатная майстрыха: шые, вышывае, працуе з лёнам… Да пары ёй і муж — руплівы, працавіты, клапатлівы. Дзеці таксама на добрым рахунку ў аграгарадку: з павагай адносяцца да старэйшых, старанна вучацца ў школе. Акрамя таго, дзяўчынкі вучацца ў музычнай школе па класе фартэпіяна, спяваюць, танцуюць. Нездарма яны пастаянна актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. Неаднойчы іх бачыла разам. А там, у Слуцку, калі Вапручковы выйшлі на сцэну — такія дружныя, шчаслівыя — шчыра парадавалася за іх. Менавіта гэтая згуртаванасць, узаемная падтрымка, як мне здалося, і дапамаглі ім дабіцца поспеху. Княгінінцы занялі ганаровае трэцяе месца на конкурсе “Сям’я года Міншчыны”. Задаволены і яны, і мы.
А напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей яшчэ адна прыемная навіна чакала сям’ю Вапручковых. Яны сталі ўдзельнікамі ўрачыстай цырымоніі, наладжанай Беларускім дзіцячым фондам у музеі “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва XIX стагоддзя”. Як паведаміла Таццяна Васілеўская, названае грамадскае фарміраванне трыццаты раз запар напярэдадні такой адметнай даты праводзіць уручэнне сваіх ганаровых прэмій “Сябар дзяцей” і імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Першую атрымліваюць людзі, якія займаюцца дабрачыннасцю, дапамагаюць дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Другая ўручаецца звычайна Лепшым шматдзетным сем’ям. Дарэчы, сёлета такой высокай узнагароды ўдастоены Вапручковы з аграгарадка Княгінін і Лыскаўцы з Міжэвічаў Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.
Як прызналася шчаслівая матуля, яна вельмі задаволена, што дзяржава клапоціцца пра сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, падтрымлівае, дапамагае. Увогуле не чакала, што такая ўвага ім будзе сёлета ўдзелена. Жанчыну вельмі кранула гэта.
А яшчэ яна лічыць тое, што іх заўважылі і адзначылі, новым дзейсным стымулам для таго, каб усю сябе, без астатку, і надалей прысвячаць блізкім людзям. Па меркаванні Святланы, выхаванне дзяцей — гэта вялікая праца: штодзённая, карпатлівая, не заўсёды бачная. Якая, безумоўна, прыносіць плён, калі выконваць яе адказна, з любоўю, аддаючы родным крывінкам часцінку душы і сэрца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



10 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Касцёл у Мядзеле  0-170

Пабрацімы Мядзела