Ушанаванне з песнямі

АПУСЦЕЛІ сенажаці ААТ «Сваткі». Першы ўкос выдаўся тут ураджайны. З яго нарыхтавалі 9320 тон сенажу, у тым ліку 665 тон у палімернай упакоўцы, (74% ад гадавой патрэбы) і 305 тон сена (55%). Сельгаставарыства мае адну з лепшых у раёне забяспечанасць кармамі ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы — 12,53 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта на 2,25 цэнтнера кармавых адзінак больш, чым у сярэднім па раёне.
— Стварэнню трывалай кармавой базы спрыяе тое, што мы кожны год падсяваем значныя аб’ёмы шматгадовых траў, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Тамара Мінчук. — Гэта пераважна бабова-злакавыя сумесі — канюшына, цімафееўка. Шмат увагі надаём і догляду сенажацей. Кармавыя палеткі атрымліваюць дастатковыя дозы калійных і азотных угнаенняў…
За ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць штодзённая напружаная праца людзей. І зараз, калі закончана ўборка траў першага ўкосу, можна падвесці вынікі, заахвоціць маральна і матэрыяльна тых, хто вызначыўся на сенажаці, хто найбольш эфектыўна эксплуатаваў замацаваную тэхніку. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццянай Сівіцкай едзем у Сваткі. Крыху спала працоўнае напружанне, але механізатарам не да адпачынку. Яны на тэрыторыі машыннага двара завіхаюцца ля камбайнаў. Не паспееш азірнуцца, як надыдзе пара выводзіць тэхніку на хлебную ніву. Сюды, на мехдвор, завіталі і самадзейныя артысты Сваткаўскага сельскага Дома культуры.
Таццяна Эдуардаўна шчыра дзякуе хлебаробам за працу, за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў на нарыхтоўцы травяністых кармоў, прафесійнае майстэрства, добрасумленныя адносіны да выканання абавязкаў і адданасць выбранай прафесіі. Яна ўручае падзякі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і каштоўныя падарункі Сяргею Звяругу, Уладзіміру Швайкоўскаму, Сяргею Субачу і Аляксандру Кашурэнку. А самадзейныя артысты дораць ім свае песні.
Пра кожнага з гэтых рупліўцаў варта сказаць некалькі слоў. На кашэнні траў вынікова папрацавалі Сяргей Звяруга, у яго трактар «Fendt» у агрэце з касілкай «КПР-9», і Уладзімір Швайкоўскі, за якім замацаваны «КЗР-10» з такой жа касілкай. На трамбоўцы сянажнай масы на «К-700» — Сяргей Субач. Аляксандр Кашурэнка завіхаўся і на кашэнні траў, і на адвозцы сянажнай масы.
— Дзе сустрэцца з іншымі стараннымі механізатарамі? — пытаемся ў галоўнага інжынера таварыства Уладзіміра Кайко.
— Канстанцін Шчуцкі, ён кіруе комплексам «КВК-800», падбірае і здрабняе валкі правяленай травы непадалёку ад вёскі Новікі. А Яўген Сівіцкі «амкадорам» трамбуе сянажную масу ля фермы «Новікі». Сёння закрываем гэту траншэю. А вось з Мікалаем Кайко вы, напэўна, не сустрэнецеся. Пасля начной змены ён дома адпачывае, — адказвае Уладзімір Мечыслававіч.
Едзем па названых адрасах. Сапраўды, перад Новікамі на палетку ўбачылі «КВК-800» і тэхніку для адвозкі масы. На хвілінку спыняем комплекс. Пачуўшы шчырыя словы падзякі ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, Канстанцін Шчуцкі крыху захваляваўся.

— Вельмі прыемна. Дзякуй. Але ў нас усе так працуюць, стараюцца, — кажа ён.

Яўгена Сівіцкага сустрэлі ля фермы «Новікі», дзе ён трамбаваў сянажную масу. Убачыўшы гасцей, Яўген Віктаравіч спыніў «амкадор», падышоў да нас.

— Сёння закрываем гэту траншэю. Вунь і плёнку прывезлі. Кармоў назапасілі ладна. Прайшоў дожджык, што паспрыяе росту атавы. Таму і на другі ўкос можна разлічваць, — кажа ён.
Таццяна Эдуардаўна ўручае дбайнаму механізатару падзяку райкама прафсаюза і каштоўны падарунак. Вось так прыйшло ўшанаванне тых, хто вызначыўся на нарыхтоўцы кармоў у ААТ «Сваткі».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



08 лiпеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах        223_

Пабрацімы Мядзела