Выдатны педагог і шчыры, таленавіты чалавек

Настаўніка беларускай мовы і літаратуры Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Яніну Дземідовіч добра ведаюць
у многіх куточках нашага азёрнага краю. Прычым не толькі як выдатнага педагога, які прысвяціў адукацыі раёна
практычна ўсё сваё свядомае жыццё, але і як творчую, неардынарную асобу.
Яніна Вацлаваўна — ураджэнка Будслава. Тут прайшло яе дзяцінства, юнацтва. Тут яна склалася як Чалавек (з вялікай літары — у поўным сэнсе гэтага слова) і як настаўнік ад Бога. Яшчэ ў школе дзяўчынка вызначалася сярод равеснікаў сваёй шчырасцю, стараннасцю, неабыякавасцю. Яна з цікавасцю назірала за навакольным светам. Убачанае імкнулася занатаваць на аркушы паперы, бо нядрэнна малявала. Ужо тады ў яе галаве міжволі нараджаліся першыя паэтычныя радкі. Але не надавала вялікага значэння сваім захапленням Яніна. Пасля школы яна, як і большасць вясковых дзяцей, выбрала звычайную зямную прафесію. Паступіла ў Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум. Закончыла яго, вярнулася на сваю малую радзіму. Пачынала тэхнікам-тэхнолагам на Будслаўскім спіртзаводзе. Пасля працавала інжынерам-тэхнолагам.
Спатканне з маладым настаўнікам са Старых Габ Васілём Дземідовічам, якога накіравалі ў Будслаўскую школу, стала лёсавызначальным у жыцці Яніны. Юнак з дзяўчынай моцна пакахалі адзін аднаго, стварылі сям’ю. Роўна трыццаць тры гады яны крочылі поруч, дзелячы папалам добрае і дрэннае. І сёння пра той час у Яніны Вацлаваўны самыя светлыя ўспаміны. Узгадваюцца і іх першая сустрэча, і прагулкі ля Сэрвачы, і спеў салаўя, і стары млын, які з’яўляецца сведкам іх моцнага і чыстага кахання.
— Муж быў вельмі добрым чалавекам, — апавядае суразмоўца. — Клапатлівым, уважлівым, неабыякавым. Мне было побач з ім цёпла і ўтульна. Нашы погляды на навакольны свет, жыццё поўнасцю супадалі. А гэта ў сям’і надзвычай важна. Была між намі ўзаемная павага, не гасла з гадамі і каханне. Да таго ж і бацькам для сына і дачкі ён быў цудоўным. Васіль працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі, завучам, амаль 20 гадоў узначальваў Будслаўскую сярэднюю школу.
Ён — выдатнік народнай асветы. Давялося мужу пабываць і ў Чарнобылі, пасля чаго здароўе стала пагаршацца. А восем гадоў таму яго не стала. Для мяне гэта была вялікая страта. Неяк адразу пуста, сіратліва стала ў хаце. Доўгі час не магла прывыкнуць да таго, што засталася адна. Дапамаглі справіцца з бядой, прагнаць адзіноту дзеці, унучка, сябры, калегі і, вядома, любімая праца. Яна таксама дае сілы жыць і адчуваць сябе патрэбнай.
Менавіта Васіль Фёдаравіч першым распазнаў у сваёй каханай творчую натуру. Не без яго ўплыву Яніна Вацлаваўна змяніла прафесію інжынера на настаўніка. Напачатку працавала ў школе сакратаром, потым увесь час — настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Завочна закончыла Віцебскі дзяржаўны педінстытут імя С. М. Кірава. Дарэчы, пра такія вялікія змены ў сваім жыцці жанчына пасля ніколі не пашкадавала. Наадварот, да глыбіні душы яна ўдзячна лёсу і мужу, што так атрымалася.
Калегі лічаць Яніну Вацлаваўну таленавітым і творчым настаўнікам. Многія адзначаюць, што яе ўрокі вылучаюцца метадычнай прадуманасцю, мэтазгоднасцю і адпавядаюць сучасным крытэрыям інавацыйнай педагогікі. Заняткі ніколі не падобныя адзін на другі, бо Яніна Дземідовіч вельмі ўдумліва рыхтуецца. Пастаянна шукае новыя падыходы да выкладання той ці іншай тэмы, стараецца даць матэрыял цікава, адным словам, так, каб ён запомніўся, запаў у душу вучня. Па меркаванні калег, менавіта пастаянная праца па ўдасканаленні ўрокаў, рацыянальны выбар форм і метадаў навучання і дазваляюць Яніне Вацлаваўне дабівацца з году ў год высокага ўзроўню ведаў школьнікаў па беларускай мове і літаратуры. Даказваюць прафесіяналізм педагога і сістэматычныя перамогі вучняў на раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, высокія паказчыкі на прадметным конкурсе “Буслік”, на цэнтралізаваным тэсціраванні пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
А як адметна, нават кранальна, праходзяць адкрытыя ўрокі, якія дае настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Нават у выкладанне, здавалася б, вельмі простай тэмы Яніна Вацлаваўна стараецца ўнесці нейкую “разыначку”, адшукаць такі элемент, які б зацікавіў і дзяцей, і дарослых. Актыўна выкарыстоўвае на сваіх занятках яна і мясцовы матэрыял — пра родны Будслаў і яго славутых людзей. Вельмі часта вучні не толькі чытаюць вершы класікаў беларускай літаратуры, а таксама тыя, што напісала настаўніца, але і спяваюць, танцуюць, ставяць сцэнкі. Так яны і самі ўзбагачаюцца духоўна, і гасцей школы імкнуцца здзівіць непасрэднасцю, шчырасцю, неабыякавасцю, вялікай любоўю да роднай зямлі, сваіх каранёў. Мяркую, і зараз многія педагогі старэйшага пакалення нашага азёрнага краю памятаюць урок-падарожжа “Мая вёсачка, мой родны Будслаў”, на якім вучні разам з настаўнікам узнавілі гісторыю роднага населенага пункта, а таксама яго славутасці — касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прайшлі сцежкамі знакамітых землякоў, успомнілі мясцовыя звычаі і традыцыі. Дарэчы, Яніна Дземідовіч з’яўляецца апантаным краязнаўцам. Актыўна выкарыстоўвае матэрыял, сабраны пра малую радзіму, на ўроках і пазакласных мерапрыемствах.
А якім Яніна Вацлаваўна была добрым класным кіраўніком! Як расказваюць калегі, у вучнёўскіх калектывах, дзе яна працавала, пастаянна панавалі гармонія, добразычлівасць, узаемная павага адзін да аднаго. Ніколі не было ніякіх канфліктаў. Усё таму, што педагог старалася згуртаваць дзяцей, знайсці да кожнага ключык. А яшчэ імкнулася з маленства на ўласным прыкладзе паказаць ім, як важна заўсёды, у любой сітуацыі заставацца чалавекам, ісці па жыцці годна. Нездарма яе выхаванцы выраслі людзьмі шчырымі, руплівымі, патрыётамі і краіны, і сваёй малой радзімы. Усімі імі ганарыцца настаўніца.
На працягу сваёй працоўнай дзейнасці педагог вялікую ўвагу пастаянна ўдзяляе пазакласнай рабоце з вучнямі. Праводзіць літаратурна-музычныя кампазіцыі, імпрэзы, вечарыны, іншыя мерапрыемствы. Васямнаццаць гадоў Яніна Вацлаваўна кіравала ў школе драматычным гуртком “Паўлінка”. Скрупулёзна развучвала з дзецьмі ролі, старанна рэпеціравала з імі сцэнічныя эпізоды. Сама рыхтавала многія дэкарацыі. Так убачылі ў Будславе пастаноўкі ўрыўкаў з п’ес Янкі Купалы “Тутэйшыя” і “Раскіданае гняздо”. На суд гледачоў неаднаразова выносілася і знакамітая “Паўлінка”, якая заўсёды ўспрымалася на “ўра”. Мяркую, надоўга запомнілася многім літаратурна-музычная кампазіцыя “Без кахання шчасця-долі няма на зямлі…”, прысвечаная
100-годдзю з дня першай пастаноўкі п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, а таксама юбілею Паўліны Мядзёлкі, імя якой носіць Будслаўская школа. Дарэчы, сцэнарый гэтага мерапрыемства, як і многіх іншых, падрыхтавала сама Яніна Дземідовіч. Дзякуючы драматычнаму гуртку пад кіраўніцтвам таленавітага педагога, які добра спявае, дэкламуе вершы, можа сама сыграць любую ролю ў спектаклі, мае выдатны эстэтычна-мастацкі густ, не адно пакаленне будслаўскіх вучняў змагло далучыцца да літаратурнага і тэатральнага мастацтва. А Міхаіл Світа, прайшоўшы тут добрую школу, стаў прафесіянальным акцёрам. Юнак закончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і зараз працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Па ўсім бачна, святая Будслаўская зямля, якая дала свету многіх таленавітых асоб, натхняла і Яніну. Ды так, што і ў яе самой, і ў яе вучняў вырасталі крылы за плячыма, ім хацелася жыць сцэнай, тварыць.
На працягу многіх гадоў кіравала Яніна Вацлаваўна таксама гуртком “Паэтычны ветразь”. Праз удзел у яго рабоце школьнікі змаглі развіваць уласныя творчыя здольнасці, далучацца да чароўнага свету паэзіі, літаратуры. Спробы пяра юных будслаўчан можна было неаднаразова сустрэць на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”. Вучні выступалі са сваімі працамі і на розных конкурсах, у тым ліку раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў. Прычым даволі паспяхова. Напрыклад, Арцём Федарук стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Мы — разные, мы — равные”, прысвечанага Дню бежанцаў. Віялета Парчынская адзначалася арганізатарамі літаратурнага конкурсу “Мая мова, мая культура”, а яна перакладала вершы Уладзіміра Высоцкага на беларускую мову. Гадамі будслаўскія вучні дасылаюць свае працы на конкурс “Юныя таленты Мядзельшчыны”.
Удзельнічаюць яны пастаянна і ў конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”, а таксама ў некаторых іншых мерапрыемствах. Вельмі прыемна, што многія справы, традыцыі, распачатыя ў Будслаўскай школе Янінай Дземідовіч, сёння годна працягваюць іншыя педагогі — найперш, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
Вельмі цёпла адгукаецца пра Дземідовіч старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская. Яна называе Яніну Вацлаваўну чалавекам глыбокай грамадзянскай пазіцыі, чулым, сумленным, спагадлівым, які зараджае творчай энергіяй і аптымізмам усіх, хто побач. “Педагог прымае актыўны ўдзел у жыцці навучальнай установы, дзе працуе, і населенага пункта, дзе жыве, — адзначае Ірына Васільеўна. — Без яе ніколі не абыходзяцца
агляды мастацкай самадзейнасці, ушанаванні ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху галіновага прафсаюза. Яніна Вацлаваўна з’яўляецца настаўнікам моладзі. Неаднаразова выбіралася старшынёй атэстацыйнай камісіі, членам прафкама школы, членам камісіі па працоўных спрэчках. За выніковую работу ўзнагароджвалася каштоўнымі падарункамі, заахвочвалася прэміямі райкама прафсаюза. Неаднойчы адзначалася і граматамі рознага ўзроўню”.
Асабіста я знаёма з Янінай Вацлаваўнай даўно. І дагэтуль не перастаю захапляцца яе знешнім і ўнутраным хараством, яе душэўнасцю, добразычлівасцю, шчырасцю. Яна заўсёды знаходзіць час, каб патэлефанаваць і павіншаваць са святам, пацікавіцца справамі, здароўем. Такая вось неабыякавасць, спагадлівасць заўсёды кранае. Як і сама гаворка на прыгожай, мілагучнай роднай мове, на якой размаўляе настаўніца. Ніколькі не пакрыўлю душой, калі скажу, што Яніна Вацлаваўна — сціплая і вельмі прыстойная жанчына,
неабыякавая, акуратная, надзейная. А яшчэ — вельмі інтэлігентная, прычым не толькі ў школе, але і ў звычайным жыцці. Такіх, як яна, цяпер не часта сустрэнеш.
З задавальненнем чытаю артыкулы, якія дасылае нам у раённую газету педагог. Яны светлыя — пра малую радзіму, пра людзей, што жывуць побач, пра мерапрыемствы. У
іх — гонар за сваю зямлю, цікавасць да ўсяго, што адбываецца навокал. Акрамя таго, педагог піша вершы. Яны неаднаразова друкаваліся на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”, у часопісе “Образование Минщины”. Хто чытаў іх, лічу, не застаўся безуважным да творчасці паэткі і тэм, ёю ўзнятых. Але найбольш трапна, як мне здаецца, сказаў пра гэта член Саюза пісьменнікаў Беларусі Павел Жукаў, які шмат дзесяцігоддзяў прысвяціў працы на кіраўніцкіх пасадах у раённым перыядычным выданні: “Калі чытаеш нізку вершаў Яніны Дземідовіч, на душы становіцца светла. Відаць, таму, што ў аўтара адчуваецца любоў і замілаванасць да роднага слова. А яшчэ — да тых маляўнічых прыродных абшараў, дзе пашчасціла жыць, творча працаваць. Цалкам верагодна, што мясцовыя бары і звілістая Сэрвач, гасціннасць і добразычлівасць вяскоўцаў, заліўныя лугі, на якіх нават “трава спявае”, і натхняюць Яніну Вацлаваўну на задушэўную творчасць: “О Будслаў! Родная мясціна! // Дзівосны край, славуты кут…” Не можа не хваляваць і верш “Вечнае”, прысвечаны жыццю і творчасці слыннага Максіма Багдановіча: “Юнак з пяшчотнаю душою, // Так мала жыў, так многа ведаў… // І памяць светлаю слязою, // Як згадка, ззяе ў зорным небе””.
Сама Яніна Дземідовіч з удзячнасцю і любоўю расказвае пра школу, якая стала для яе другім родным домам, пра калег па працы, пра сваіх блізкіх. Яна ганарыцца сям’ёй сына, які жыве ў Мінску, служыць у сістэме МУС Рэспублікі Беларусь, мае званне падпалкоўніка. Летась Андрэў быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”. Да пары яму і жонка-будслаўчанка Ірына — прыгожая, статная, інтэлігентная. Яніна Вацлаваўна можа гадзінамі апавядаць пра сына з нявесткай, пра іх дачушку Яну. Дзяўчына летась стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, займаецца на факультэце міжнародных эканамічных адносін. Цешыцца бабуля і з унука Уладзіка, які з’явіўся на свет пяць месяцаў таму. Яна шчыра жадае малышу расці здаровым і шчаслівым, каб ён заўсёды ўчынкамі, паводзінамі радаваў сваіх бацькоў. Ганарыцца матуля і дачкой Ленай. Яна — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Дачка мэтанакіравана ішла да сваёй мэты. І хоць шлях у навуку не быў простым і лёгкім, не збочыла з яго.
Дзверы дома жанчыны, надзеленай вялікім сэрцам, заўсёды адчынены для родных, сяброў, знаёмых, былых і цяперашніх вучняў. Гаспадыня сапраўды ўсім рада: выслухае, дасць слушную параду, чым можа — дапаможа. Любіць парадак і ўтульнасць. Яшчэ адно яе хобі — кветкі. Яны ўпрыгожваюць кабінет у школе. Шмат іх пасаджана і ў доме настаўніцы, і вакол яго.
Неяк самі сабой узгадаліся радкі з верша Яніны Дземідовіч, якія вельмі ўдала адлюстроўваюць яе паэтычную і чалавечую натуру:
Не пакідай мяне, пяшчота і натхненне…
Тэатр, паэзія, і кветкі, і сябры —
О свет маіх глыбокіх захапленняў!
Дзівоснай музыкай ты ўва мне гучы.
Шаноўная Яніна Вацлаваўна, заставайцеся і надалей жыццярадасным чалавекам, прыгожым тварам і душой. Сейце ў сэрцах сваіх вучняў добрае і вечнае! Будзьце для іх і іх бацькоў прыкладам ва ўсім!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



14 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  06-043 84

Пабрацімы Мядзела