Аматараў паэзіі сабрала “Жывая класіка”

Нядаўна ў актавай зале гімназіі-інтэрната г. Мядзела адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Удзельнічала ў ім 39 школьнікаў, якія годна прадстаўлялі свае ўстановы адукацыі. Спаборніцтва праводзілася ў чатырох узроставых катэгорыях: пачатковыя класы, пятыя-шостыя, сёмыя-восьмыя, дзявятыя-дзясятыя. Конкурс прысвячаўся Году малой радзімы і 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вершы гучалі выключна на беларускай мове. Ацэньваліся выбар твора, глыбіня пранікнення чытальніка ў вобраз і сэнс верша, артыстызм выканання.
Напачатку конкурсу загадчык вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Лілія Вярбіцкая прадставіла членаў журы. У склад яго ўвайшлі аўтар гэтых радкоў (старшыня журы), а таксама намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра і загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі Святлана Кайко. Як старшыні журы мне давялося адкрываць мерапрыемства. Таму ад душы шчыра прывітала прысутных, а канкурсантам пажадала ўдачы і поспехаў падчас выступлення.
Каб лепш перадаць вобраз, асобныя чытальнікі былі апрануты ў нацыянальныя строі. Некаторыя таксама пры выкананні твораў беларускіх класікаў выкарыстоўвалі музычнае суправаджэнне. Напрыклад, гімназіст Аляксандр Вярбіцкі акампаніраваў сабе на гітары. Пры гэтым юнак выконваў музыку, якую сам жа і напісаў. Многія чыталі вершы на фоне слайдаў, якія прысвячаліся ці аўтару пранікнёных радкоў, ці цудоўнай Мядзельскай зямлі. Значная ўвага надавалася і тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэта асабліва актуальна ў год 75-годдзя вызвалення нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму да месца былі фотаздымкі ваенна-патрыятычнага зместу, запаленыя лампадкі, што сімвалізавалі памяць пра герояў, а таксама пра мірных жыхароў, якія загінулі ад рук катаў. А дзве ўдзельніцы — Яніна Пятрова з Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі і Вікторыя Машко з Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ — не толькі дэкламавалі вершы, але і спявалі. Так яны стараліся лепш увайсці ў вобраз, каб перадаць сэнс твора.
Варта зазначыць, што з кожнай узроставай катэгорыяй павышалася майстэрства выканання вершаў. І гэта журы заўважыла і адзначыла пры падвядзенні вынікаў конкурсу. Заслуга тут не толькі саміх чытальнікаў, але і іх педагогаў, якія дапамаглі падабраць твор і данесці яго да слухачоў.
Увогуле няпростая задача выпала на долю членаў журы. Патрэбна было з такой вялікай колькасці ўдзельнікаў выбраць самых лепшых. Сапраўды, мала выразна, з інтанацыяй прачытаць верш. Каб ён загучаў, неабходна пранікнуцца яго зместам, пастарацца ўкласці ў яго часцінку сваёй душы і сэрца. Паспрабаваць праз кожнае вымаўленае слова данесці да слухачоў глыбіню зместу, які аўтар уклаў у свой твор.
Хоць і ўсе стараліся, але былі, вядома, і недапрацоўкі. Асобным чытальнікам не хапала ўваходжання ў ролю. Некаторым бракавала і артыстызму. Былі, праўда, адзінкавыя выпадкі, калі ад хвалявання чытальнік забываў вывучаныя словы. Але гэта нармальна, бо чалавеку ўласціва і радавацца, і перажываць, і засмучацца.
Надышоў час назваць лаўрэатаў. Так, у першай узроставай катэгорыі дыплом III ступені атрымаў Уладзіслаў Бардзянкоў, вучань 4 класа Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ. Дыпломам II ступені адзначаны выступленне вучаніцы 2 класа Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Маргарыты Расковай, а таксама трэцякласнікаў з Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа Ангеліны Кур’яновіч і Аляксея Ціхана. Дарэчы, Ангеліна з Аляксеем выдатна выканалі ролі матулі і сына ў вершы свайго земляка Мар’яна Дуксы “Мама, ну як ты жывеш-пачуваеш?”. А пераможцай у гэтай узроставай катэгорыі стала Марта Выхрыстава, вучаніца 1 “Б” класа Нарацкай СШ №2. Дзяўчынка вельмі кранальна выканала ўрывак з паэмы Максіма Танка “Нарач”. “Люблю твае, Нарач, затокі і тоні…” — дэкламавала Марта, і перад вачыма ўсплывалі неабсяжныя прасторы самага вялікага ў Беларусі возера — жамчужыны нашага краю.
У другой узроставай катэгорыі дыплом III ступені дастаўся пяцікласніцы са Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-СШ імя Максіма Танка Мілане Прудніковіч. Дыпломамі II ступені заахвочаны вучаніца 5 класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела Анастасія Якубоўская і вучань 6 класа Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Павел Ісмаілаў. А дыплом I ступені адзінагалосна прысуджаны вучаніцы 6 класа Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Марыі Зарэцкай, якая цудоўна прачытала верш Алеся Гурло “Мой край”.
У трэцяй узроставай катэгорыі дыпломамі III ступені ўзнагароджаны вучні 7 класа Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Рэната Камарова і Княгінінскай СШ Аляксандра Рашкевіч, а таксама 8 “Б” Нарацкай СШ №2 Андрэй Роўда і васьмікласніца са Свірскага ВПК дзіцячы сад-СШ Вольга Гірдзей. Дыплом II ступені
атрымаў вучань 8 класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела Аляксандр Вярбіцкі. А пераможцай у гэтай узроставай намінацыі стала Алеся Драгун, вучаніца 8 класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела, якая вельмі добра прачытала коласаўскага “Сымона-музыку”.
У чацвёртай узроставай катэгорыі дыпломамі III ступені адзначаны выступленні вучаніц 10 класа Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-СШ імя Івана Аніські Анастасіі Санюк і Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Маі Зубкевіч. Дыпломы II ступені
атрымалі вучні 9 класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела Кацярына Васільева, 9 “Б” класа Нарацкай СШ №2 Даніла Майсейчык, 10 класа Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-СШ імя Івана Аніські Вікторыя Сурвіла. Перамагла ў гэтай узроставай групе вучаніца 10 класа Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Дзіяна Камарова. Яна вынесла на суд журы верш Уладзіміра Караткевіча “Бацькаўшчына”.
Засталося дадаць, што пераможцы ў сваіх узроставых групах будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе рэспубліканскага творчага конкурсу “Жывая класіка”.
На самай справе цудоўна, што ў нашай краіне праводяцца такія вось мерапрыемствы. Што школьнікі маюць магчымасць далучыцца да вытокаў класічнай літаратуры, паэзіі і нават паспрабаваць сябе ў ролі чытальнікаў твораў вядомых у свеце аўтараў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



13 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  возера Глубелька 06-012 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела