Чыста там, дзе не смецяць

ЛЮБІМАЯ летняя пара падахвочвае ўсіх бавіць шмат часу на прыродзе. Водпуск, выхадныя, святы і проста доўгія летнія вечары мы плануем правесці ўдалечыні ад гарадской мітусні, пад птушыны пошчак, ля прахалоднай роўнядзі вадаёма. Атрымліваючы асалоду ад летняга адпачынку і карыстаючыся прыродным багаццем, не забывайце, што абавязак кожнага — ставіцца да гэтага багацця асцярожна, захоўваючы яго для наступных пакаленняў. Тым не менш, супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія кантралююць выкананне прыродаахоўнага заканадаўства на тэрыторыі раёна, усё ж знаходзяць факты несвядомага і спажывецкага стаўлення асобных нядобрасумленных грамадзян да прыроды.
Адна з сучасных экалагічных праблем — утварэнне вялікай колькасці адходаў і несанкцыянаваных звалак — набывае ў летні час асаблівую актуальнасць. Адпачынак на прыродзе часта спалучаецца з прыёмам ежы. Таму палімерныя ўпакоўкі, аднаразовы посуд — абавязковыя атрыбуты выезду за горад. Сумленне падказвае, што смецце пасля адпачынку неабходна выкінуць у бліжэйшыя кантэйнеры, памятаючы пра сартаванне. Але пра сумленне часта забываюць. У выніку каля зон адпачынку, у лясных масівах і ў іншых месцах мы назіраем кучы смецця, пакінутыя адпачываючымі. Такія парушэнні заканадаўства пры абыходжанні з адходамі вядуць да накладання штрафу (паводле часткі 2 артыкула 15.63 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях) на фізічную асобу ў памеры да 50 базавых велічынь.
Таксама варта нагадаць адпачываючым пра рэжым водаахоўных зон водных аб’ектаў. У межах гэтых зон забараняецца мыць транспартныя і іншыя тэхнічныя сродкі, а таксама ставіць механічныя транспартныя сродкі на адлегласці, меншай за 30 метраў па гарызанталі ад берагавой лініі. За такое парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе
штрафу (паводле часткі 2 артыкула 15.51, а таксама па частцы 3 артыкула 15.35 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях) на фізічную асобу ў памеры да 10 базавых велічынь.
Яшчэ адно распаўсюджанае парушэнне — распальванне вогнішчаў у забароненых месцах. Да такіх адносяцца землі агульнага карыстання ў населеных пунктах, прыродныя тэрыторыі, якія асабліва ахоўваюцца, тэрыторыі розных аб’ектаў і ўстаноў, хвойныя і маладыя лясы, участкі пашкоджанага лесу (ветралом), тарфянікі, месцы з сухой травой. Таксама не дазваляецца разводзіць вогнішчы на адлегласці менш за 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, бліжэй чым за 20 метраў ад лясных масіваў і за 30 метраў — ад сцірт сена і саломы. Дазваляецца кантралюемае распальванне агню пры наяўнасці сродкаў пажаратушэння. Такія вогнішчы дапускаюцца на тэрыторыі баз адпачынку, дачных кааператываў, садаводчых таварыстваў і на прысядзібных участках. Пасля заканчэння прыгатавання ежы агонь трэба патушыць. За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць (артыкул 15.58 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях) у выглядзе штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.
Не варта забываць, што збор і іншыя дзеянні, якія могуць прывесці да страты дзікарослых раслін і (ці) дзікіх жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама парушэнне патрабаванняў па ахове і выкарыстанні месцаў іх пасялення і росту наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю і з’яўляюцца парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства. Як і разбурэнне мурашнікаў, гнёздаў, нор ці іншага жылля дзікіх жывёл, збор яек птушак ці здабыча жывёл. Плануючы правесці адпачынак на прыроднай тэрыторыі, якая асабліва ахоўваецца, азнаёмцеся з рэжымам яе аховы і выкарыстання. Пра гэта можна даведацца на афіцыйных сайтах ці на інфармацыйных шчытах.
Не сячыце і не знішчайце драўнінна-хмызняковую расліннасць — прывозьце дровы і вугаль з сабой. У адваротным выпадку вам пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь.
Каб не трапіць у лік парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, заўсёды неабходна памятаць: прырода — наш агульны дом, які мае патрэбу ў гаспадарскіх адносінах да сябе.

А. ФЁДАРАВА.
Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



13 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_06-040 Лебедзі на Нарачы 06-043 Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела