Найлепшыя пажаданні, шэсць залатых медалёў, канцэрт Руслана Рагалевіча, маладзёжнае кафэ, феерверк у начным небе і світанак ля возера

МЯДЗЕЛ. Нядзеля. Палова на восьмую вечара. Па цэнтральнай лесвіцы амфітэатра ідуць на сцэну выпускнікі школ раёна. Кожную дэлегацыю ўзначальваюць дырэктар установы адукацыі і класны кіраўнік. Сёлета атэстаты атрымалі 190 учарашніх адзінаццацікласнікаў з 13-ці ўстаноў адукацыі Мядзельшчыны. Найбольш выпускнікоў у Нарацкай СШ №2 (35) і Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі (34). Па 22 — у Нарацкай СШ №1 і Мядзельскім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад-СШ. 16 — у гімназіі-інтэрнаце, 10 — у Сваткаўскім вучэбна-педагагічным комплексе. Па 9 выпускнікоў — у Занарачы і Свіры, 8 — у Крывічах, 7 — у Княгініне. Толькі па 6 — ва ўстановах адукацыі Будслава, Старлыг і Старых Габ. А вось у Слабадской СШ імя Адама Гурыновіча 11 класа сёлета не было.
Выпускнікі займаюць месцы ў глядзельнай зале. Да юнакоў і дзяўчат звяртаецца старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка:
— Сёння вы развітваецеся з роднай школай. Усё, што чакае заўтра, у дарослым жыцці, будзе залежаць толькі ад вас саміх. Ад вашых ведаў, вашага ўмення. У школе і бацькоўскай хаце вас навучылі самастойнасці, мужнасці. Навучылі сябраваць, любіць Радзіму і блізкіх — без гэтых каштоўнасцей нельга стаць сапраўднымі людзьмі. Вы нарадзіліся і выраслі ў цудоўнай краіне — Рэспубліцы Беларусь. У вас выдатная малая радзіма — Мядзельшчына, прыгожы Нарачанскі край. Жадаю, каб вашы мары здзейсніліся, каб вы атрымалі прафесію па душы і вярнуліся сюды настаўнікамі, урачамі, аграномамі, будаўнікамі. Каб зрабілі нашу Мядзельшчыну яшчэ больш прыгожай, утульнай і прывабнай. Хачу пажадаць не забывацца пра бацькоўскую хату і бацькоў. Як бы складана ні было, знаходзьце час прыехаць, пагутарыць, дапамагчы. Знаходзьце хвілінку патэлефанаваць. Не забывайцеся пра настаўнікаў і сваю школу. Жадаю ўсім дабра і моцнага здароўя.
Пусть в ваши дороги не войдут тревоги,
Пусть горя не будет на вашем пути,
И пусть не устанет следовать за вами
Счастье по пути.
Усяго найлепшага!
Анатолій Мар’янавіч уручае залатыя медалі. Іх атрымліваюць выпускніца Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Таццяна Варабей і пяць выпускнікоў Нарацкай СШ №2: Аліна Байко, Кірыл Драпеза, Ганна Малевіч, Лада Юркевіч і Паліна Яноўская. А пасведчанне Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уручаецца пераможцу рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў, выпускніку Нарацкай СШ №2 Даніілу Рудзянкову. Ад імя віноўнікаў урачыстасці слова мае Лада Юркевіч.
Пра значнасць вучнёўскіх дасягненняў і вялікую ў іх заслугу педагогаў, а таксама тат і матуль гаворыць начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава. А потым уручае падзячныя лісты за выхаванне годных дзяцей бацькам выпускнікоў: Яны Жалубоўскай з Нарацкай СШ №1, Аляксея Клімовіча з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, Глеба Лаўрыновіча з Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі, Яна Ламаносава і Данііла Рудзянкова з Нарацкай СШ №2, Юліі Назаранкі з Занарацкай СШ. А словы падзякі адрасуе школе і ўпраўленню па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама матуля выпускніцы Нарацкай СШ №2 Наталля Малевіч. Потым наваколле поўніцца гукамі вальса… Танцуюць віноўнікі ўрачыстасці!
Дэлегацыя ўчарашніх адзінаццацікласнікаў з кветкамі кіруецца да брацкай магілы. А свята працягваецца. З рук дзяўчат у касцюмах Нарачанак прадстаўнікі выпускных класаў атрымліваюць адметныя сувеніры — “валошкі роднай зямлі”.
Канцэртнымі нумарамі радуюць юныя артысты: Яна Каркоз, Кацярына Яновіч, Уладзіслаў Самко, Мікіта Балюк, Валерыя Шабовіч, Вікторыя Сурвіла, Паліна Сівая, ансамбль “Канфеці”… Да месца і выступленне каманды КВЗ “С пропиской из сЯла”.
* * *
Святкаванне працягваецца ў маладзёжным кафэ з па-святочнаму сервіраванымі сталамі ў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Потым зноў пераносіцца ў амфітэатр, дзе спявае лаўрэат трэцяй прэміі вакальнага конкурсу “Новыя галасы для любімай краіны” Руслан Рагалевіч. Апоўначы неба расквечвае феерверк. Дыскатэка ж доўжыцца амаль да чатырох раніцы — свой першы дарослы світанак выпускнікі сустракаюць на набярэжнай Мястра.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



12 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi dsc_5774-3 06-043     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела