Тэатр-студыя “Талент” прадстаўляе

ЛЮДЕЙ без дарованья нет. Мы все наделены талантом. Быть может, в ком-то спит поэт, А кто-то мог быть музыкантом.
Такімі радкамі распачала раённы конкурс-фестываль педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Мядзельшчыны “Тэатр-студыя “Талент” метадыст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ларыса Севярын. Мерапрыемства прайшло ў Нарацкай сярэдняй школе №2 і прысвячалася 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Году малой радзімы, а таксама 115-годдзю прафсаюзнага руху ў Беларусі. Праект рэалізаваны ўпраўленнем і райкамам галіновага прафсаюза.
Як паведаміла старшыня райкама прафсаюза Ірына Глінская, яна ж член журы конкурсу, падобныя праекты сталі традыцыйнымі для педагогаў раёна. Пазалетась, напрыклад, у конкурсе “Крылатыя арэлі” спаборнічалі хоры, дзе надзвычай ярка сябе праявілі педагогі з Крывічоў. У мінулым годзе праект насіў назву “Майскі фэст” і таксама раскрываў настаўніцкія грані талентаў. У гэтым годзе вырашылі замахнуцца на тэатральную сферу мастацтва.
Перад пачаткам выступлення творчых калектываў у фае ўстановы працавала выстава “У гэтай красе б’ецца сэрца маё”. На ёй былі прадстаўлены малюнкі і фотаздымкі супрацоўнікаў педкалектываў, якія адлюстроўваюць тэму Года малой радзімы.
Для ўдзелу ў конкурсе-фестывалі было заяўлена 15 пастановак патрыятычнага зместу (мініяцюр, сцэн са спектакляў), пераважна па творах беларускіх аўтараў. Ацэньвала сцэнічныя работы журы ў складзе начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяны Ефімавай, яе намесніка Святланы Кундры, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірыны Глінскай, загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Ліліі Вярбіцкай і вышэйзгаданай Ларысы Севярын.
— Мяне радуе, што ўсе нашы пачынанні, усе нашы мерапрыемствы, якія праходзяць на працягу года, аб’ядноўваюць нас, — звярнулася да настаўнікаў Таццяна Генадзьеўна. — Аб’ядноўваюць ідэяй, талентам, творчасцю, прычым усіх — дзяцей, бацькоў, настаўнікаў. Дзякуй вам за нястомную працу, за актыўнасць, творчасць і добрасумленныя адносіны да ўсіх даручаных спраў. Сённяшняе мерапрыемства чарговы раз пацвярджае маю думку: для сістэмы адукацыі Мядзельшчыны няма нічога немагчымага.
Натхнёныя словамі падтрымкі самадзейныя артысты па чарзе выходзілі на сцэну. Нікога не пакінула раўнадушным напоўненая драматызмам харэаграфічна-тэатральная пастаноўка “Дзеці вайны” ў выкананні педагогаў і выхаванцаў ясляў-сада №4 г. Мядзела. За аснову таксама ўзялі ваенную тэму прадстаўнікі Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, Крывіцкага, Мядзельскага, Сырмежскага, Сваткаўскага вучэбна-педагагічных комплексаў. Імі ўзгадваліся песні ваенных гадоў, разыгрываліся сцэны з партызанскага жыцця, лірычны трагізм гучаў у вершах… Некалькі хвілін у эмацыянальным напружанні трымала залу Вікторыя Сяклюцкая, настаўнік гімназіі-інтэрната г. Мядзела.

Балада “Урок” Янкі Сіпакова ў яе выкананні прымусіла пагрузіцца ў нечалавечую сітуацыю расстрэлу фашыстамі сербскага настаўніка Мілая Паўловіча і трох соцень школьнікаў. Надзвычай кантрасна ў сувязі з гэтым выглядала п’еса “Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў выкананні настаўнікаў Нарацкай СШ №2. Яркая ігра, касцюмы, трапны гумар пазамінулага стагоддзя, які, як ні дзіўна, актуальны і зараз, — было ад чаго прыйсці ў захапленне. Узняла настрой прысутным і “Лявоніха на арбіце” Андрэя Макаёнка, якую паставілі настаўнікі са Слабады. Дарэчы, ролю Лушкі — галоўнай гераіні — узяла на сябе дырэктар навучальнай установы Зоя Вайцяховіч. Вельмі ярка і пераканаўча глядзелася на сцэне настаўніцкая “трупа” са Старых Габ, якая на суд гледачоў вынесла пастаноўку Мікалая Матукоўскага “Мудрамер”.
— Нашы настаўнікі выхоўваюць таленавітых дзяцей, а значыць, яны і самі таленавітыя, — выказала сваё задавальненне педагогамі Мядзельшчыны Ларыса Севярын. — А яшчэ яны вельмі працаздольныя. Гэта было бачна і сёння. Калектывы ўстаноў адукацыі прадэманстравалі свой цікавы погляд на творы, рэжысёрскае рашэнне, акцёрскія работы. Некаторыя нават плакалі на сцэне, і мы разам з імі. Усе калектывы яркія, самабытныя. У наступным годзе мы прыдумаем яшчэ нешта, і гэта будзе, вось убачыце, цікава і запамінальна.
Вынікі конкурсу падведзены, але агучаны будуць не зараз. Інтрыгу вырашылі трымаць цэлае лета. Заслужаныя ўзнагароды і падарункі зоркі “Тэатра-студыі “Талент” атрымаюць на жнівеньскіх мерапрыемствах.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



11 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 возера Мястра 06-012 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела