Шчаслівыя разам

Менавіта так можна сказаць пра дружную сям’ю Новікаў, дзе хораша і ўтульна побач і родным дзецям, і прыёмным,
а таксама ўнукам.
Сапраўды, і Марына Эдуардаўна, і Алег
Леанідавіч спаўна аддаюць цяпло сваіх сэрцаў, клопат і любоў усім, хто з імі побач. І гэта надзвычай важна.
У Новікаў трое сваіх дзяцей. Оля — дарослая, працуе ў адной са школ Мінска псіхолагам. Яна мае ўжо сваю сям’ю. Вераніка — студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. А Надзя яшчэ адзінаццацікласніца, займаецца ў Мядзельскім ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. У Марыны Эдуардаўны і Алега Леанідавіча ёсць і трое ўнукаў —
Арцём, Надзя і Насця. Калі іх
сям’я збіраецца разам, шчасцем і радасцю напаўняецца ўсё навокал. Такой ідыліі можна толькі па-сапраўднаму пазайзросціць, асабліва ў наш няпросты час. А яшчэ і павучыцца будаваць узаемаадносіны на роўных — шчырыя, паважлівыя, без фальшу.
Як даведалася, і дочкі, і ўнукі могуць гадзінамі апавядаць пра сваіх мату і тату, бабулю з дзядулем. Пра тое, якія яны шчырыя, уважлівыя, як моцна іх любяць. Пра мары і захапленні, пра цікавае сумеснае баўленне вольнага часу. А яшчэ — пра іх вялікае жаданне зрабіць шчаслівымі дзяцей, якія пазбаўлены матулінай пяшчоты і пры жывых бацьках сталі сіротамі.
Гэтае жаданне, дарэчы, не з’явілася спантанна, а выношвалася ў сэрцах Марыны Эдуардаўны і Алега Леанідавіча і было сумесным. Яно якраз і паўплывала на рашэнне стварыць прыёмную
сям’ю, якая бярэ свой пачатак з 2007 года. За гэты працяглы час Новікі сталі роднымі для чатырох дзяцей, якіх выхоўвалі. Дарэчы, тыя не забываюць душэўнае цяпло і шчырасць сваіх прыёмных бацькоў, падтрымліваюць з імі сувязі дагэтуль. Зараз у сям’і Марыны Эдуардаўны і Алега Леанідавіча жыве прыёмная дачка Алена Башлова, якая паважліва называе іх мамай і татам. Гэтым цудоўным людзям дзяўчынка вельмі ўдзячна за любоў і клопат, чуласць і спагаду, за ўменне разумець і суперажываць.
Асабіста я пазнаёмілася з Новікамі падчас конкурсу прыёмных сем’яў, які праводзіўся сёлета ў гімназіі. Дагэтуль сустрэцца не давялося. Калі па шчырасці, Новікі спадабаліся мне з першага погляду. Напачатку нават не здагадалася, дзе ў іх прыёмная дачка, дзе свая. А ўсё таму, што бачыла перад сабой дружную каманду, згуртаваную дзякуючы любові і ўзаемнай павазе, сям’ю, якая і ў жыцці ўяўляе адно цэлае. Таму яна і моцная.
Так, самае дарагое, што ёсць у чалавека, — сям’я. Ніякая непагадзь, праблемы не парушаць яе, калі там уладараць каханне і павага, ёсць месца згодзе, неабыякавасці і дабрыні. І сям’я Новікаў — якравы таму прыклад.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Ігната Лубнеўскага.



11 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        _dsc1133-3 _06-040 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела