На лацвянскіх сенажацях

ЁСЦЬ кармы — будуць прывагі і надоі. Разумеюць гэта механізатары падсобнай гаспадаркі «Лотва» ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга», таму і стараюцца назапасіць як мага больш сена і сенажу. Зараз у іх рабочы дзень пачынаецца ў 7 раніцы, а заканчваецца пасля 21-й гадзіны.
— Хлопцы працуюць з максімальнай аддачай. Яны імкнуцца як мага эфектыўней выкарыстоўваць замацаваную тэхніку і працоўны дзень. Нікога не трэба, як кажуць, падганяць, — гаворыць кіраўнік падсобнай гаспадаркі Марына Сіўчак. — Дзякуй ім…
Марына Анатольеўна паведаміла, што травы першага ўкосу ў гаспадарцы займаюць 650 гектараў.
— З вясны іх крыху падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі. Вось толькі дажджу было слабавата. Але нічога ўжо не паправіш. Што маем, тое і ўбіраем, — кажа яна. — Скасілі траву на плошчы 404 гектары. Адначасова назапашваем і сена, і сянаж.
— І што ўжо ёсць у актыве руплівых механізатараў? — пытаюся.
— Сёлета для грамадскага статка запланавана нарыхтаваць 297 тон сена і 7500 — сенажу. Маем 49 тон сена і 1191 — сенажу, — чую ў адказ. — Прычым 621 тона — у палімернай упакоўцы. А ўсяго ў плёнку плануем закруціць 1000 тон сенажу.
Кіраўнік расказала, што заканчваюць запаўняць траншэю ўмяшчальнасцю амаль 600 тон ля фермы «Шалкоўшчына». Пасля гэтага распачнуць закладваць сянаж ля фермы «Лотва».
— Вы назвалі шэраг паказчыкаў. За імі стаіць напружаная праца людзей. Каго хочаце адзначыць з механізатараў? — пытаюся.
— Стараюцца ўсе. На кашэнні траў руплівасцю вызначаецца Васіль Лісіцкі. Гэта ён трактарам «МТЗ-3522» з касілкай «КМР-9ВТ» скасіў амаль усе вызначаныя плошчы. Ёсць яшчэ адна касілка «КДН-3,1», якая эксплуатуецца з трактарам «МТЗ-1221». Кіруе ёй Мікалай Драздоў. Праўда, яна задзейнічана на падкошванні травастою на пашы і кашэнні травы на сена, — расказвае Марына Анатольеўна. — На падборы і здрабненні правяленых валкоў вынікова працуюць Алег Папок і яго брат Дзмітрый. Хлопцы кіруюць комплексамі «КЗР-10». На адвозцы сянажнай масы былі задзейнічаны чатыры трактары «МТЗ-1221», гаспадарамі якіх з’яўляюцца браты Вадзім і Аляксей Юнковічы, а таксама Юрый Таразевіч і яго сын Аляксандр.
— А не мала тэхнікі для адвозкі сянажнай масы? — пытаю.
— Пакуль хапала. Вазіць даводзілася недалёка — два-два з паловай кіламетры. Пачалі закладваць сянаж ля фермы «Лотва» — тэхнікі дабавілі, — адказвае жанчына.
З далейшай размовы даведаўся, што важным пытаннем тэхналогіі з’яўляецца правільная закладка масы ў траншэю. Каб атрымаць якасны сянаж, гаспадарка арыентуецца на чатыры асноўныя пункты. Па-першае, аптымальная вільготнасць травяной масы для нарыхтоўкі сенажу — 45-55%. Другі пункт: даўжыня рэзкі масы павінна быць не больш за тры-чатыры сантыметры. Трэці — тэмпература масы ўнутры траншэі не павінна перавышаць 35 градусаў. Апошні аспект, які ўплывае на якасць корму — тэрмін закладкі траншэі. Ён складае тры-чатыры дні.
— На трамбоўцы ў нас пастаянна задзейнічаны пагрузчык «Амкадор», якім кіруе Раман Маслоўскі. А ў начную змену масу трамбуе «К-701». Гэты трактар замацаваны за Уладзімірам Хвашчэўскім. Ля траншэі ўвесь час знаходзіцца адказны работнік, які вядзе ўлік паступлення масы, — працягвае размову Марына Анатольеўна. — Закладка сенажу — справа адказная і патрабуе зладжанай работы ўсіх звенняў тэхналагічнага ланцужка.
Паведаміла кіраўнік сельскагаспадарчай вытворчасці таварыства пра тое, што з рулонным прэс-падборшчыкам «ППРО-155», які загортвае корм у плёнку, завіхаецца Іван Таразевіч.
— У плёнку будзем загортваць і сянаж, і сена на палетках, якія знаходзяцца далекавата ад сянажных траншэй. На практыцы пераканаліся, што ў плёнцы сена атрымліваецца больш якаснае, духмянае, нават маленькім цяляткам добра. Таму сёлета павялічым колькасць такіх рулонаў, — кажа Марына Анатольеўна. — Каб атрымаць паўнацэнны другі ўкос, мяркуем падкарміць сенажаці КАСам.
Разам з кіраўніком едзем на сенажаці, дзе працуюць людзі. Ва ўрочышчы Баранава два «КЗРы» падбіралі і здрабнялі валкі правяленай травы. Хутка трактарныя прычэпы напаўняліся масай. А ва ўрочышчы Хмялінка гаспадарыў з касілкай Васіль Лісіцкі.
— Як працуецца? — пытаюся.
— Нармальна. Тэхніка не падводзіць. А для мяне гэта справа не новая, — адказвае ён.
Ля фермы «Шалкоўшчына» заканчвалі запаўняць траншэю.
— Яшчэ некалькі прычэпаў — і ўсё, можна закрываць плёнкай, — гаворыць гаспадар «амкадора» Раман Маслоўскі.
— Вы цэлы дзень на працы. А як з харчаваннем? — пытаюся ў механізатара.
— Няма праблемы. Два разы на дзень вадзіцель Ігар Паслед разам з поварам Станіславам Каралёвым нам прывозяць абеды, — чую ў адказ.
— На якасць і смак ежы нараканняў ад механізатараў пакуль не было, — дадае Марына Анатольеўна. — Пасля працоўнага дня кожны мае магчымасць прыняць цёплы душ, што таксама немалаважна…
Добра арганізаваны працэс нарыхтоўкі кармоў — гарантыя поспеху ў жывёлагадоўлі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



10 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          0-170 84 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела