Юная лёгкаатлетка

Хоць Лізавета Грышкевіч яшчэ толькі закончыла другі клас, але паспела ўжо адзначыцца поспехамі ў лёгкай атлетыцы. Вучыцца яна ў Крывіцкім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.
Напачатку па выніках здачы спартыўных нарматываў Ліза ўвайшла ў лік лепшых прадстаўнікоў Мядзельшчыны, якіх Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі адабрала па выніках першага этапа рэспубліканскага лёгкаатлетычнага спартыўна-масавага мерапрыемства «Трыста талентаў для Каралевы».
Чакаў яе абласны этап у Маладзечне. Спаборніцтвы ўключалі ў сябе скачкі ў даўжыню з месца, бег на 30 і 500 метраў, кіданне мяча, чаўночны бег. Па выніках абласных спаборніцтваў Лізавета трапіла ў каманду Міншчыны. Прытым яна паказала найлепшы вынік сярод усіх удзельнікаў краіны па бегу на 30 метраў.
Потым дзяўчынка ўдзельнічала ў фінальным этапе мерапрыемства «Трыста талентаў для Каралевы». Там ужо віды былі крыху іншыя. Атрымала на памяць пра спаборніцтвы медаль і падарункі.
— Як захапілася лёгкай атлетыкай? — пытаю ў Лізы.
— Проста люблю бегаць, скакаць.
— На якіх спаборніцтвах найбольш спадабалася?
— У Мінску. Там была вельмі вялікая зала, бегалі з бар’ерамі — цікава было.
— Як рыхтавалася да фіналу?
— Са скакалкай займалася шмат, часам бегала. Бар’ераў у нас няма, дык праз мячы скакала.
— А апроч лёгкай атлетыкі, якім відам спорту цікавішся?
— У бадмінтон гуляю — у санаторыі навучылася.
— Надалей думаеш удзельнічаць у спаборніцтвах «Трыста талентаў для Каралевы»?
— Так!
За спортам дзяўчынцы хапае часу і на вучобу, і на заняткі музыкай, маляванне.
— Ліза — спартыўная, старанная, мэтанакіраваная і па-добраму ўпартая, — расказаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дзмітрый Дурэйка. Штосьці ў яе не атрымліваецца — будзе 5, 10 разоў рабіць. Бачу, ужо сіл менее, кажу: «Адпачні», а яна ўсё роўна працягвае. Трэніруецца, каб яшчэ паўдзельнічаць у спаборніцтвах — цікавіцца, якія віды будуць наступны раз.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: Лізавета Грышкевіч.
Фота аўтара.



07 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          06-043 Сядзіба Максіма Танка  img_4257

Пабрацімы Мядзела