Свята эколагаў

АХОВА навакольнага асяроддзя і захаванне прыродных багаццяў з’яўляецца адной з найважнейшых праблем сучаснасці, якая
становіцца ў адзін шэраг з
праблемай захавання міру.
Менавіта таму Генеральная
Асамблея ААН на Стакгольмскай канферэнцыі ў чэрвені 1972 года з мэтай прыцягнення да праблемы ўвагі кіраўнікоў дзяржаў і
грамадскасці прыняла рашэнне святкаваць 5 чэрвеня Сусветны дзень аховы навакольнага
асяроддзя. З 1973 года яго
адзначаюць ў Беларусі і больш чым у 100 краінах свету.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з галоўным спецыялістам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аленай ФЁДАРАВАЙ.
— Якія пытанні сёння ўваходзяць у кампетэнцыю райінспекцыі?
— Па-ранейшаму наша галоўная задача — гэта ўдзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Мы забяспечваем дзяржаўны кантроль за безумоўным выкананнем суб’ектамі гаспадарання, насельніцтвам раёна прыродаахоўнага заканадаўства, іншых нарматыўных актаў, якія прымаюцца кіраўніцтвам краіны. У абавязкі супрацоўнікаў інспекцыі ўваходзіць выяўленне парушэнняў заканадаўства па ахове зямель; парадку карыстання водамі, іх аховы і іншых правілаў, устаноўленых водным заканадаўствам; умоў выкідаў рэчываў, якія забруджваюць паветра; парадку карыстання жывёльным светам, выканання мерапрыемстваў па ахове жывёл; парадку карыстання раслінным светам, у тым ліку лесам, і яго аховы; устаноўленага рэжыму прыродных тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца; заканадаўства па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання.
— Алена Сяргееўна, з якімі паказчыкамі вы падыходзіце да прафесійнага свята?
— Калектыў раённай інспекцыі невялікі — толькі два чалавекі. І тым не менш кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства застаецца на ўзроўні. На парушальнікаў з пачатку года складзена 19 пратаколаў. Накладзена штрафаў на суму 4206,5 рубля. Складзены тры акты аб прычыненні шкоды навакольнаму асяроддзю. Але штрафы не галоўнае. Мы ніколі не ставілі і не ставім на першае месца ў сваёй рабоце пакаранне, але нярэдка без яго не абысціся. Хтосьці разумее нашы патрабаванні пасля размовы і тлумачэння, іншым гэтага недастаткова.
Увага надаецца, у першую чаргу, найбольш сур’ёзным парушэнням, а адказнасць вінаватых асоб за іх стала больш жорсткай — узраслі штрафныя санкцыі.
— Навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў — гэтыя пытанні, напэўна, застаюцца самымі актуальнымі?
— Гэта так. Усе работы арганізаваны і праводзяцца ў адпаведнасці з раённым планам мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, зацверджаным райвыканкамам. Мы правялі 79 абследаванняў тэрыторый населеных пунктаў па пытаннях выканання зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства. За непрыняцце мер па навядзенні парадку на зямлі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты службовыя і юрыдычныя асобы. Пастаянна праводзім маніторынгі па выяўленні адмоўных фактаў у пытаннях навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў.
— Кожны год распрацоўваюцца тэма, дэвіз і лагатып, якія вызначаюць накіраванасць усіх мерапрыемстваў Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя. Дзе сёлета пройдуць афіцыйныя мерапрыемствы?
— Урад Кітая ўзяў на сябе абавязацельствы па арганізацыі святкавання ў гонар Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя ў некалькіх гарадах краіны. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у горадзе Ханчжоў, правінцыя Чжэцзян. Тэма святкавання — барацьба з забруджваннем паветра. Штогод па гэтай прычыне ў свеце заўчасна памірае каля 7 мільёнаў чалавек, з якіх каля 4 мільёнаў — у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Мэта мерапрыемстваў — заклікаць урады, прамысловасць, грамадства і грамадзян аб’яднацца для вывучэння магчымасцей узнаўляльнай энергетыкі і «зялёных» тэхналогій па паляпшэнні якасці паветра ў гарадах і рэгіёнах свету.
— Важнай дзяржаўнай прыродаахоўнай установай у раёне з’яўляецца Нацыянальны парк «Нарачанскі». Як вы ацэньваеце намаганні яго работнікаў, каб наша Мядзельшчына стала больш прыгожай і прывабнай?
— Работнікі Нацпарку штогод актыўна працуюць на ачыстцы прылеглых да курортнага пасёлка Нарач лясоў, якія знаходзяцца ў прыбярэжнай паласе і водаахоўнай зоне самага вялікага возера краіны. Асаблівая ўвага надаецца ачыстцы лясоў уздоўж аўтамабільных дарог, вакол населеных пунктаў, у прыбярэжных палосах вадаёмаў. Згодна з мерапрыемствамі плана праведзена ачыстка лясных масіваў, прылеглых да аўтадарог, на плошчы звыш 15 гектараў. Высечкі догляду і санітарныя высечкі ў лясных масівах ля аўтадарог праведзены на плошчы звыш 10 гектараў.
— Алена Сяргееўна, якімі словамі вы хочаце звярнуцца да чытачоў «Нарачанскай зары» напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя?
— Прырода — маці ўсяго жывога, у тым ліку і чалавека. Хто яшчэ, акрамя дзяцей, будзе клапаціцца пра здароўе і дабрабыт сваёй маці? Хто яшчэ, як не чалавек, абавязаны ахоўваць і абараняць прыроду, як гэта ні парадаксальна, ад самога сябе? Галоўнае прыроднае багацце раёна — лясы, рэкі, азёры і ўсё жывое, што іх насяляе. Таму ахове і рацыянальнаму выкарыстанню гэтага багацця неабходна надаваць самую пільную ўвагу. І захаваць непаўторную прыгажосць азёрнага краю для наступных пакаленняў — наша галоўная задача.
Шчыра віншую калег з іншых прыродаахоўных арганізацый і ўсіх жыхароў нашай сінявокай Мядзельшчыны са святам яе вялікасці Прыроды. Ад душы жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у працы, энергіі і аптымізму.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



06 чэрвеня 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 _dsc1133-3 06-043 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела