Вызначыўся на вучэннях салдат

З Сяргеем Святохам сустрэлася, калі яшчэ служыў у войску, а дадому прыязджаў у чарговы водпуск. Хлопец аказаўся вельмі цікавым суразмоўцам і ахвотна расказваў пра армейскія будні.
Як даведалася, ён родам з Выгалавіч. Вучыўся напачатку ў Выгалавіцкай базавай, затым у Княгінінскай сярэдняй школе, якую закончыў з залатым медалём. Увогуле Сяргею лёгка даваліся ўсе прадметы, але найбольш падабаліся фізіка і матэматыка. Таму далейшы яго шлях ляжаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, а затым — на прадпрыемства “Оптаэлектроніка”, дзе працаваў інжынерам-канструктарам і займаўся распрацоўкай мікрасхем. Дарэчы, акрамя Сяргея, у сям’і Віктара Іванавіча і Іны Станіславаўны Святохаў ёсць яшчэ сын Аляксандр і дачка Людміла. Яны ўжо дарослыя, жывуць у Мінску.
У армію юнак прызываўся ў маі мінулага года ваенным камісарыятам раёна. А патрапіў служыць у 91-шы асобны батальён аховы і абслугоўвання камандавання сіл спецыяльных аперацый, які размяшчаецца ў г. п. Калодзішчы.
— Напачатку ўсе навабранцы, — расказваў, — паўтара месяца праходзілі курс маладога байца, каб хутчэй адаптавацца да новых умоў, атрымаць першае ўяўленне аб службе. Пасля ўсіх размеркавалі па падраздзяленнях, дзе мы прынялі
воінскую прысягу на вернасць Айчыне і беларускаму народу і прыступілі да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў.
— Ці хутка прывык да новага жыцця?
— Для мяне асабіста пераходны перыяд не зацягнуўся. Я навучыўся самастойнасці яшчэ ў студэнцкія гады. Значна дапамаглі і пастаянныя заняткі спортам. А таму раю ўсім юнакам звярнуць увагу на фізічную падрыхтоўку і не шкадаваць на яе свайго вольнага часу.
— А як увогуле служыцца?
— Добра. Патрапіў у элітныя войскі. Дзедаўшчыны ў нас няма. Умовы для пражывання і нясення службы выдатныя. Пакоі ў казарме цёплыя і ўтульныя. Зараз рамантуецца клуб. У вольны час можна займацца спортам, мастацкай самадзейнасцю, удзельнічаць у розных спаборніцтвах. Бываем таксама ў тэатрах, музеях. Часта па суботах ездзім у школу ў Калодзішчы. Арганізоўваем там масавыя спартыўныя мерапрыемствы. Дзеці бегаюць з намі, фатаграфуюцца, распытваюць пра армейскія будні. Асабліва ім падабаецца, калі прывозім з сабой бронекамізэлькі, вучэбную зброю. Хлопчыкі імкнуцца адчуць сябе салдатамі. Ды і нам цікава. А яшчэ такім чынам папулярызуем ваенную службу сярод моладзі. Як падкрэсліў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, армія — гарант суверэнітэту краіны і бяспекі кожнага жыхара Беларусі. І абараняць рубяжы сваёй Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага мужчыны. Трэба ўсім памятаць пра гэта. А што датычыць нашага батальёна, то ён — яшчэ даволі новае воінскае фарміраванне: створаны ў 2016 годзе. У склад яго ўваходзяць роты забеспячэння, аўтамабільнай службы і ўзвод аховы. Я асабіста займаюся пытаннямі бяспекі і аховы камандавання. У нашым падраздзяленні атмасфера добрая. Адзін аднаму дапамагаем, асабліва новаму папаўненню. Мне таксама, калі прыйшоў у войска, вельмі дарэчы была падтрымка бывалых салдат. А такое не забываецца. Цяпер ужо многае засталося ззаду. Служба працякае ў звыклым рэжыме, нармальна. Мне прысвоена званне малодшага сяржанта.
— А ці даводзілася табе ў вучэннях удзельнічаць?
— Так. І неаднойчы: на палігоне каля нашай часці, у Брэсцкай вобласці, пад Мінскам… Там кожны з нас добрую школу армейскага жыцця прайшоў, бо была рэальная магчымасць вызначыцца, паказаць, на што варты. Пасля камандна-штабных вучэнняў пастаянна падводзяцца вынікі, аналізуюцца ўскладзеныя задачы і шляхі іх вырашэння, называюцца прозвішчы афіцэраў, салдат, якія вызначыліся. Дарэчы, падчас адных з іх і мяне заўважылі: узнагародзілі медалём “За адзнаку на вучэнні”. А ўручаў яго мне начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Аляксеевіч Белаконеў. Акрамя таго, прымаў удзел у падрыхтоўцы новага папаўнення для нашага батальёна. З гэтай мэтай быў камандзіраваны ў вучэбку ў Віцебск у лістападзе мінулага года. А вярнуўся адтуль сёлета ў пачатку студзеня. Там падчас правядзення курса маладога байца давялося паспрабаваць сябе і ў ролі настаўніка.
— А ці скакаў ты, Сяргей, з парашутам?
— Вядома. Пра гэта сведчыць і адпаведны знак, які атрымаў.
— Не было страшна?
— Канечне, было. І ў час скачка, і да яго. І нават калі ўсё абышлося, і ты ляціш, пачуццё страху не пакідае. Яно нават больш адчуваецца, калі бачыш перад сабой зямлю, калі трэба ўдала прызямліцца.
— Ці ведалі твае бацькі, што ты будзеш скакаць з парашутам?
— Так. Я ім напярэдадні паведаміў. А пасля скачка адразу патэлефанаваў матулі, каб яна не хвалявалася.
Расказаў Сяргей, што ім вельмі пашанцавала на афіцэраў. Асабліва на камандзіра ўзвода старшага лейтэнанта Сяргея Трафімчыка. Ён уважлівы да падначаленых, клапоціцца пра іх, падтрымлівае пастаянную сувязь з бацькамі. Ды і воінскія абавязкі дапамагае дасканала асвоіць. Па меркаванні нашага земляка, Сяргей Анатольевіч, не зважаючы на малады ўзрост, валодае ўсімі неабходнымі якасцямі сапраўднага камандзіра. З пашанай узгадваў салдат і пра іншых афіцэраў. У прыватнасці, пра камандзіра батальёна падпалкоўніка Сяргея Пазняка. Называў Сяргея Віктаравіча чалавекам добразычлівым, неабыякавым.
Мяне зацікавіў шаўрон на рукаве ваеннай формы земляка. Запыталася, што абазначаюць сімвалы, прадстаўленыя на ім. Хлопец патлумачыў, што ўсё, што там бачым, мае глыбокі сэнс. Напрыклад, мядзведзь — сімвал іх батальёна. Нездарма з гэтым вялікім і дужым зверам атаясамляецца сіла, мужнасць, вынослівасць, якія вельмі патрэбны падчас выканання непасрэдных воінскіх абавязкаў і асабліва ў ходзе абароны камандавання. Парашут паказвае на прыналежнасць да сіл спецыяльных аперацый, а шчыт сімвалізуе абарону свяшчэнных рубяжоў нашай Айчыны.
— Што асабіста табе дала воінская служба? Што б хацеў параіць хлопцам, якіх яна яшчэ чакае?
— Армія, лічу, — добрая школа жыцця. Яна загартоўвае характар, дысцыплінуе. Таксама дапамагае адчуць сябе больш упэўненым, праявіць лепшыя чалавечыя якасці. А яшчэ тут знаходзіш сапраўдных сяброў — верных і надзейных. Службы ў арміі баяцца не трэба. Раю ўсім хлопцам праз гэта прайсці. Паверце, вы пасля пра такі важны этап у сваім жыцці ніколі не пашкадуеце. А вось рыхтавацца да армейскіх будняў патрэбна. І, найперш, неабходна больш займацца фізкультурай і спортам, старацца весці здаровы лад жыцця. А хто хоча патрапіць у разведку, дык і ўвогуле трэба звярнуць увагу яшчэ і на адзінаборствы. Гэта не толькі не перашкодзіць, але і значна дапаможа падчас службы.
Ад свайго суразмоўцы даведалася, што ўсе мужчыны ў іх сям’і былі ў арміі. Тата — ракетчык. Іх часць знаходзілася на мяжы з Афганістанам, калі там ішла вайна. Сам у баявых дзеяннях не ўдзельнічаў, але свяшчэнныя рубяжы Радзімы годна абараняў. Брат Аляксандр служыў у войсках спецыяльнага прызначэння Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Цікава і тое, што ўсе тры прадстаўнікі моцнага полу Святохаў маюць званне малодшага сяржанта. Так што пераемнасць у іх сям’і захоўваецца!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.
P. S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Сяргей Святоха толькі што звольніўся ў запас. Пераканана, што хлопцу яшчэ спатрэбяцца набытыя ў арміі веды і навыкі.



22 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 Рэчка Нарачанка        wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела