Ніна Самко: «Калі настаўнік любіць свой прадмет, то ён абавязкова знойдзе спосабы, каб і дзеці захапіліся»

У метадыста вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ніны Самко захапленне спортам пачалося яшчэ ў дзяцінстве. І калі пасля ўрокаў развучвала валейбольныя падачы, ці ведала, што гэта захапленне прадвызначыць для яе і выбар прафесіі, і месца жыцця, ды, зрэшты, і лёс?
Ніна Мікалаеўна родам з Капыля. У горадзе працавала спартыўная школа, і паўкласа бегала туды на трэніроўкі. І Ніна запісалася на аддзяленне валейбола — захапілася гэтай гульнёй яшчэ на ўроках. Таксама ў свой час добра бегала на кароткія дыстанцыі, выканала на залаты значок нарматыў ГТО.
У 1973 годзе закончыла школу і паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры на педагагічны факультэт, спецыялізацыя «валейбол».
А з Нарачанскім краем пазнаёмілася яшчэ на практыцы: праходзіла яе ў Свірскай школе, потым — у Мядзельскай.
— Я таксама ў сталічнай школе была на практыцы, дык у Мядзеле дзеці падаліся больш добразычлівымі, стараннымі, адказнымі. Падчас практыкі на ўрокі завітваў тагачасны дырэктар школы Канстанцін Арсеньевіч Каратай. Ён і гаворыць: «Будзеш працаваць у нас». А на размеркаванні дэкан кажа: «На Мядзельшчыне вельмі прыгожая прырода, азёры — едзь туды». І паехала. З 1977 года я тут.
У Мядзеле Ніна неўзабаве стварыла сям’ю, нарадзіла двух сыноў. Пасля школы восем год адпрацавала выхавальнікам у дзіцячым садзе №2. Як пабудавалася Мядзельская сярэдняя школа №2, уладкавалася туды настаўнікам фізкультуры. А ўжо год 12 яна ва ўпраўленні. Тут у Ніны Мікалаеўны кола абавязкаў шырокае. Але асаблівае месца займае ў іх куратарства фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работай на ўзроўні раёна.
— Сярод іншага сюды ўваходзіць арганізацыя раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў, фарміраванне каманд для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах, — тлумачыць яна. — Кожную суботу ладзім мерапрыемствы. Так, цяпер у нас праходзіць акцыя «Міншчына спартыўная. Вясна».
Калегі расказалі, што Ніна Мікалаеўна не раз адзначалася і на раённым, і на абласным узроўнях. А ў час працы настаўнікам яе двойчы заносілі на раённую Дошку гонару.
— Дзе было цікавей працаваць?
— У школе. Па-першае, гэта работа з дзецьмі, падрыхтоўка каманд да спаборніцтваў, іх выступленне. Ты бачыш выніковасць сваёй працы. Хаця ва ўпраўленні гэты аспект таксама прысутнічае: ёсць вынікі, бачыш узровень каманд.
— На ваш погляд, што спорт дае для развіцця дзіцяці?
— Здароўе, арганізаванасць, дысцыплінаваць. І дапамагае ў вучобе.
— А як зацікавіць дзяцей заняткамі спортам?
— Трэба, каб быў прыклад як настаўніка, так і бацькоў, тады і дзеці будуць займацца. Напрыклад, прыгадаю Леаніда Малько. Ён займаўся валейболам — і яго два сыны таксама. І добрыя вынікі паказвалі. У Мядзельскай сярэдняй школе №2 была вельмі моцная каманда, якая годна выступала на абласных спаборніцтвах.
— Самі спорт не кідаеце?
— Стараюся пра яго не забываць. Апошні раз у спаборніцтвах па валейболе ўдзельнічала гады тры таму на абласным турзлёце, і наша зборная заняла першае месца.
— А па тэлевізары за спартыўнымі падзеямі сочыце?
— Абавязкова. Асабліва падабаюцца зімовыя віды: біятлон, лыжныя гонкі. А таксама валейбол, вялікі тэніс.
Дарэчы, адзін з сыноў працягнуў маміну сцяжынку: Павел Самко працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела. У Ніны Мікалаеўны — двое ўнукаў і маленькая ўнучка. Захапленні ў іх разнастайныя, але адзін з унукаў, Глеб, сур’ёзна займаецца каратэ.
— Разумею, што па рабоце цесна супрацоўнічаеце з настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя…
— Так. І скажу, што практычна кожны педагог можа дапамагчы ў арганізацыі раённых спаборніцтваў і іх судзействе. У раёне штогод праводзіцца спартакіяда сярод школьнікаў, у якой прымаюць удзел усе ўстановы адукацыі. Па выніках мінулага года лепшымі сталі навучэнцы Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, Крывіцкага ВПК, Нарацкай сярэдняй школы №2, Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі, Занарацкай СШ — адпаведна і настаўнікі з гэтых устаноў з вялікай адказнасцю падыходзяць да падрыхтоўкі дзяцей.
— Што ж хочаце пажадаць з нагоды прафесійнага свята калегам і ветэранам фізічнай культуры і спорту?
— Моцнага здароўя, удалых выступленняў і вялікай любові да спорту і той работы, якую выконваем.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



21 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе  возера Мястра  на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела