Чэмпіёны — з Крывічоў

Нарэшце доўгі КВЗэшны марафон, які распачаўся яшчэ ў кастрычніку мінулага года, падышоў да заканчэння. Дабрацца да фіналу трэцяга раённага фестывалю КВЗ здолелі каманды «Ра-та-та-та» Нарацкай СШ №2, «4+4» Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, «СОС» («Серьёзная организация смеха») з Мядзельскага ВПК я/с-СШ, «Бурбалкі ліманаду» (Крывіцкі ВПК) і дзве каманды са Сваткаўскага ВПК д/с-СШ імя Максіма Танка: «З прапіскай з сЯла» і «Раздай WI-FI». Выявіць лепшую яны сабраліся ў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі.
Ацэньвала гумар і крэатыўнасць школьнікаў журы. У яго складзе — начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення Ларыса Севярын, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол, першы сакратар райкама БРСМ Марына Апанасёнак.
Традыцыйна пачалі з конкурсу «Візітоўка». Тут меншыя вучні жартавалі пра справы школьныя і перажывалі, што на канікулы «бабулі забіраюць лепшых з нас», у старэйшых гумар быў больш дарослы: скажам, хваліліся адзін перад адным, да якога часу ім дазваляюць гуляць на дварэ.

А яшчэ каманды паказвалі, як у Сватках адкрывалі фантан і правяралі гледачоў на веданне вершаў і біяграфіі Максіма Танка, дэманстравалі каўказскае выхаванне і раскрывалі сакрэт, як лёгка ўладкавацца сантэхнікам — дастаткова сказаць, што цябе завуць «Пятровіч».
У другім конкурсе правяралі знаходлівасць удзельнікаў у «Размінцы». Адрозненні ад паўфіналаў у ім былі два: найперш, цяпер не прыдумлялі подпіс пад забаўныя фотаздымкі, а адказвалі на пытанні членаў журы. А па-другое, уменне знайсці дасціпны адказ ацэньвалася ў балах вельмі высока.
Трэцім конкурсам было музычнае дамашняе заданне «Усё наша жыццё — вялікі тэатр». «Раздай WI-FI» паспрабавалі перазняць «Каўказскую палонніцу», удзельнікі «СОС» паказалі звычайны дзень школьніцы з выкарыстаннем рэкламы і заезджанай музыкі. «З прапіскай з сЯла» адправілі прадстаўнікоў на адзін са шматлікіх конкурсаў талентаў. Крывічане пасля поспеху ў паўфінале сваёй версіі «Чырвонага Капялюшыка» вырашылі працягнуць гэту тэму і паказалі вясенні варыянт. «4+4» спрабавалі ўразіць песнямі пад гітару, а «Ра-та-та-та» прадэманстравалі, як, па іх уяўленні, праходзіць любое свята ў сельскім Доме культуры.
Выступленні скончыліся, журы падвяло вынікі і звярнулася да гульцоў з падзякамі і пажаданнямі.
— Сёння некалькі разоў прагучала, што сярод удзельнікаў ёсць адзінаццацікласнікі, якія гуляюць на нашым фестывалі апошні раз, — адзначыла Таццяна Ефімава. — Але шкадаваць пра гэта не трэба. У мяне выклікае пачуццё гонару тое, што мы падрыхтавалі КВЗэшнікаў для ВНУ. Вы працягнеце добрую практыку мядзельскага КВЗ і перанясеце яе ў свае навучальныя ўстановы. Радуе тое, што на сцэне дзеці розных узростаў. Меншыя вучацца і пераймаюць вопыт у сваіх старэйшых сяброў і будуць ім надзейнай зменай.
Пасля добрых слоў журы пачало раздаваць узнагароды. Лепшымі акцёрамі прызналі Максіма Райчонка і Сяргея Аксюту з «Бурбалак ліманаду». За цыкл жартаў на вясковую тэматыку адзначылі «Раздай WI-FI». У намінацыі «Лепшае музычнае дамашняе заданне» ўзнагарода дасталася «Ра-та-та-та». Быў яшчэ прыз ад райкама БРСМ — самаму юнаму дырэктару будучай каманды з Нарацкай СШ №2 Аляксандру Ахрамейку. Усе каманды атрымалі прызы ад спонсара фіналу — Нарачанскага вытворчага ўчастка ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат».
І вось дайшла чарга да галоўнай узнагароды. Пераходны кубак адправіцца ў Крывіцкі ВПК — чэмпіёнам трэцяга фестывалю стала каманда «Бурбалкі ліманаду». І яе юныя ўдзельнікі эмоцый стрымаць не маглі:
— Крута!
— У нас нават хлопцы некаторыя заплакалі…
— Мы гаварылі Вользе Пятроўне, што можам быць першымі, а яна не верыла!
— Было весела, але складана!
— А мы Максіма вучылі хадзіць і танцаваць на абцасах, — выдавалі сакрэты падрыхтоўкі дзяўчынкі.
У камандзе практычна ўсе шасцікласнікі, толькі адказны за музычнае суправаджэнне — з сёмага класа.
— Нашы дзеці самыя лепшыя, цудоўныя і хутка ўсё схопліваюць. Яны актыўныя, добра вучацца і ўсюды ўдзельнічаюць, — кажа педагог-арганізатар установы Вольга Андрон.
— А іх уклад у сцэнарый быў які?
— Яны самі імправізавалі: не ўсё рабілі па сцэнарыі. Максім вунь кожны раз па-новаму казаў. Сам на хаду прыдумляў, заставалася толькі спытаць у дзяцей: «Пакідаем гэта?» «Так!» — чулася ў адказ.
— Ці збіраюцца дзеці далей удзельнічаць у раённым фестывалі?
— Так. Пыталіся ўжо, ці будзем у наступным годзе ў КВЗ гуляць.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара.



17 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 лебедзі на Мястры  возера Мястра  _06-040

Пабрацімы Мядзела