Шэсце Перамогі і міру

ПЕРАМОЖНЫ дзень 9 мая 1945 года Анастасія Фамінічна Купрыянава сустракала з пяццю пахаронкамі на стале. Пяцёра яе сыноў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Прычым адзін з іх — Пётр — закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. За гэты бессмяротны подзвіг яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а ў Жодзіне ўстаноўлены помнік. Ёсць у горадзе і манумент “Маці” ў гонар маці-патрыёткі, правобразам якога стала Анастасія Фамінічна. На ім жанчына праводзіць сыноў на вайну: чацвёра ідуць наперад упэўненым крокам, а пяты паварочваецца, кідаючы апошні позірк на маці. Мітынгам і ўскладаннем кветак да гэтага манумента распачалося абласное свята, прысвечанае 74-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Горад машынабудаўнікоў гасцінна прыняў дэлегацыі з усіх раёнаў вобласці. Сцэнічная пляцоўка размяшчалася на перасячэнні цэнтральных вуліц Жодзіна. З віншавальным словам да прысутных звярнуўся старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка, мела слова прадстаўнік абласнога Савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дубіна. Тут жа распачаўся парад, удзел у якім прыняло каля чатырох тысяч чалавек. Адкрыў святочнае шэсце парадны разлік ваеннаслужачых Барысаўскага гарнізона ў форме воінаў-пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны. За імі па праспекце Міру прайшлі баявыя машыны пяхоты, зенітна-ракетныя комплексы, артылерыйскія ўстаноўкі і рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Ну а паколькі гэта Жодзіна, то ў калоне з грамадзянскай тэхнікай усе чакалі выхаду знакамітых “БелАЗаў”. Жоўтыя магутныя машыны не пакінулі раўнадушным ніводнага гледача.
Шэсце прадоўжылі абласныя грамадскія арганізацыі. Першым прайшло самае шматлікае — прафсаюзнае аб’яднанне. За ім у белым адзенні з фірменным лагатыпам на спіне крочылі прадстаўнікі “Белай Русі”, здалёк былі бачны чырвоныя курткі і сцягі членаў Камуністычнай партыі Беларусі. Беларускі саюз жанчын уразіў жаночай бела-блакітнай вытанчанасцю ўбранняў, у такой жа каляровай гаме паветранымі шарамі, кветкамі і ідэйным пасылам “Жаночы твар вайны”. Выява агромністай кнігі на колах папярэднічала шэсцю прадстаўнікоў Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Фонд міру адрознівалі блакітныя шалікі з сімволікай у выглядзе галубоў міру, а групу прадстаўнікоў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа адкрывалі жанчыны ў сукенках медсясцёр даўніх часоў. Завяршыў парад маладзёжны флэшмоб, падчас якога ў неба было запушчана пано з паветраных шароў у выглядзе Дзяржаўнага сцяга.
Свята прадоўжылася на іншых пляцоўках Жодзіна. У гарадскім парку, вакол Палаца культуры ААТ “БелАЗ”, выстаўлялася ваенная тэхніка, якая выклікала вялікую цікавасць у дзяцей: на машыны можна было залезці і сфатаграфавацца. Дарэчы, як і на агромністы
“БелАЗ”, што стаяў ля ўваходу ва ўстанову культуры. Увагу ўдзельнікаў свята прыцягвалі і разнастайныя тэматычныя экспазіцыі. На адной з іх здзіўляў майстэрствам танца і пацяшаў гледачоў народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары”, які сёлета быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта нашай краіны. Проста на вуліцы на сцэне спяваў патрыятычныя песні (ваенных часоў, афганскія) гурт з Мінскага раёна “СССР”. А яшчэ — фотазоны, салдацкая каша (бясплатная, дарэчы), дзіцячыя атракцыёны і шмат іншых атрыбутаў народных гулянняў.
Яркай кропкай святочнага калейдаскопа стаў канцэрт на гарадскім стадыёне “Тарпеда”. Нумары на тэму Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі выстаўлялі лепшыя калектывы і салісты вобласці. Знакамітыя песні ваенных часоў гучалі і ў выкананні зоркі нашай эстрады — народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава. Але мядзельская дэлегацыя самымі шчырымі апладысментамі вітала свайго артыста — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Гершэнавіча Гардона, які вельмі эмацыянальна і артыстычна прачытаў урывак з паэмы Аляксандра Твардоўскага “Васілій Цёркін”. Пачуццё гонару перапаўняла прадстаўнікоў Нарачанскага краю за свайго ветэрана, за бурную рэакцыю гледачоў на трыбунах, якія ўсталі, вітаючы яго авацыямі.
З кожным годам ад нас усё далей пераможны май 1945-га. І ўсё менш відавочцаў жахаў той вайны. Як казаў адзін філосаф, новая вайна пачынаецца тады, калі вырастае пакаленне, якое забылася пра папярэднюю. Жодзіна ў мінулы чацвер, наш Мядзел, іншыя населеныя пункты краіны сведчылі, што памяць у нашага народа доўгая. Мы памятаем!

Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.



16 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела