Песні, народжаныя вайной

АДНОЙЧЫ маладога байца, які выйшаў з боем з акружэння, аднапалчане спыталі, як ён адзін змог разграміць вялікую групоўку гітлераўцаў. На што той адказаў, што быў не адзін, а ўтрох: ён, яго аўтамат і песня. Гэта гісторыя — пацвярджэнне таго, што на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны песня і музыка выконвалі вельмі важную ролю: падымалі настрой, умацоўвалі баявы дух і такім чынам дапамагалі змагацца з ворагам.

Такой прадмовай распачаўся праект дзіцячай школы мастацтваў “Песні вайны”, падрыхтаваны як даніна памяці і павагі тым, хто ў жорсткай барацьбе з фашызмам адстаяў нашы жыццё і свабоду. Знаёмыя словы і мелодыі ў выкананні навучэнцаў установы і іх настаўнікаў краналі душу шчырым і прафесійным выкананнем. Узгадваліся знакамітыя фільмы, аўтары, выканаўцы. Вядучая, яна ж дырэктар установы Алена Касарэўская, прадстаўляючы кожную песню, расказвала гісторыю яе стварэння. Бо гэта тое, па словах Алены Іванаўны, што жывей за ўсё знаходзіць дарогу да сэрца слухача. Як, напрыклад, гісторыя песні “Случайный вальс”, якую выканалі настаўнікі Кацярына Цурганава і Віктар Назаранка. Кампазітар Марк Фрадкін кіраваў вайсковым франтавым ансамблем, да якога быў прымацаваны самалёт “У-2”. Пілаціраваў яго малодшы сяржант Васіль Васільеў, які расказаў пра адзін выпадак. Аднойчы яго часць спынілася ў маленькім прыфрантавым горадзе. Пачулі музыку: мясцовая моладзь танчыла пад патэфон. Васіль зазірнуў у залу, убачыў дзяўчыну і запрасіў яе на вальс. І такая яна была ўся светлая, мілая, такім хатнім цяплом павеяла ад яе, што лётчык не заўважыў, як прайшоў час. Ён ледзь паспеў за сваімі, і нават адрас у дзяўчыны не спытаў. Забыцца пра яе не змог і папрасіў кампазітара напісаць песню, каб незнаёмка пачула і адгукнулася… Так у супрацоўніцтве з паэтам Яўгенам Далматоўскім кампазітар стварыў песню з радкамі “… Я услышал мелодию вальса // и сюда заглянул на часок…”. І ўявіце, праз некалькі месяцаў да аўтараў звярнулася дзяўчына Зіна. Яны разам пачалі шукаць Васільева, а калі знайшлі яго полк, ім паведамілі, што лётчык загінуў у баі. Не лёс быў сустрэцца гэтаму каханню. А песня пра яго засталася жыць.
А як жа без легендарнага марша “Прощание славянки”? Яго выканаў на акардэоне Віталій Мінкоўскі. Дуэт у складзе дыпламантаў Міжнароднага конкурсу Валерыі Роўды і Анастасіі Малько праспяваў не менш знакамітую песню “Огонёк”. Віртуозна гучалі “Пісьма войны” ў выкананні лаўрэата Міжнароднага тэлевізійнага праекта “Кубок дружбы” Лізаветы Томкавіч. Інструментальны варыянт песні “В землянке” прадэманстраваў Кірыл Балтрукевіч. А падпяваць “Катюшу” да спевакоў на сцэну выйшаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон. Акрамя гэтага, Міхаіл Гершэнавіч выдатна прадэкламаваў фрагмент вядомай ваеннай паэмы Аляксандра Твардоўскага “Васілій Цёркін”, за што атрымаў шквал шчырых апладысментаў. “Купалася” ў авацыях і лаўрэат міжнародных конкурсаў Марыя Валюк за іскрыстае выкананне песні “На солнечной поляночке”. Арыгінальным зрабілі гучанне “Смуглянки” цымбалісткі, лаўрэаты міжнароднага конкурсу Дар’я Гірын і Ангеліна Міцкевіч. Кранальна гучала песня “Синий платочек” у выкананні вакальнага ансамбля дзяўчынак, “У деревни Крюково” душэўна праспяваў пераможца рэгіянальнага конкурсу харавых калектываў — канцэртны хор школы мастацтваў. Высушыў няпрошаную слязу ў многіх гледачоў вакальны ансамбль хлопчыкаў, які па-заліхвацку праспяваў песню “Пілоты”. Ну і, канечне, нікога не пакінула раўнадушным прафесійнае выкананне дарослых калектываў — народных вакальных ансамбляў “Скарбніца” і “Натхненне”.
“З першага дня вайны і да святочнага пераможнага салюту песні не пакідалі франтавікоў, дапамагаючы пераадольваць цяжкасці і падымаючы баявы дух. Як верныя сябры, яны ішлі з салдатамі ў бой. Сёння мы помнім гэтыя песні, любім і спяваем іх. І пакуль гэта адбываецца, ніхто не забыты і нішто не забыта”, — падагульніла напрыканцы мерапрыемства Алена Касарэўская.

Іна ЯРЧАК.



15 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Царква ў Крывічах 06-043 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела