Гаючы водар зямлі Нарачанскай

ДРУГІ год мы пастаянна чуем і чытаем прыемныя словы вядомых людзей пра сваю малую радзіму. Так, многа цудоўных месцаў у нашай краіне, з іх і складаецца наша вялікая Радзіма. Цешаць вока гмахі лясоў, багацце рэк і азёр, радуюць па-гаспадарску дагледжаныя палі і сядзібы. Даўно нашу ў сваім сэрцы цёплыя пачуцці пра адзін з найпрыгажэйшых куточкаў краіны — Нарач, хоць мая малая радзіма — вёска Навашыно, якая знаходзіцца непадалёку ад Заслаўя.
Знаёмства з Нараччу адбылося падчас адпачынку ў пансіянаце “Будаўнік” у 1995 годзе. Галоўнае, што моцна ўразіла — прырода. Гэта такое прыгожае і загадкавае месца! На адно толькі возера Нарач можна глядзець бясконца! Яму спявае свае песні мноства птушак, якія ўпадабалі прыбярэжныя сосны. А паветра такое чыстае, што, здаецца, звініць. У гэты край закахалася з першай сустрэчы і на ўсё жыццё.
Другі раз прыехала адпачыць на Нарач у 2000 годзе пасля вельмі складанай працы па аднаўленні магазіна “Акадэмічная кніга”, дзе пэўны час працавала дырэктарам. На гэты момант аб’ядналі два пансіянаты — “Прыазёрны” і “Будаўнік” — і стварылі санаторый “Прыазёрны”. Здраўніца ўваходзіла ў структуру Кіравання спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дынамічна развівалася. Каб зберагчы здароўе, я шукала магчымасці наведваць Нарачанскі край кожны год. І такім чынам стала сведкай росту санаторыя “Прыазёрны”.
У 2003 годзе тут быў уведзены ў эксплуатацыю двухпавярховы корпус сталовай на 500 месцаў, кінаканцэртная зала і зала лячэбнай фізкультуры. Вельмі сумную карціну ўяўляў даўгабуд — корпус, які пачалі ўзводзіць яшчэ ў 1992 годзе, а праз чатыры гады закансервавалі. Да яго дайшла чарга ў 2012-м. Зараз гэты корпус мае функцыі лячэбнага і з’яўляецца пераходным “мостам” паміж двума карпусамі. Кожны год санаторый здзіўляў нечым новым: з’яўленнем басейна з лазневым комплексам і СПА-цэнтрам, танцавальнай залай, рэстаўрацыяй хола, рамонтам карпусоў, з’яўленнем катэджаў гасцінічнага тыпу, уязной групай з аўтастаянкай, зонай адпачынку з фантанам і садова-паркавым ансамблем. Мяняліся і падыходы да сэрвісу. Напрыклад, у сталовай увялі шведскі стол з разнастайным і якасным меню.
Падчас апошняга наведвання больш за год таму задавальненне атрымала ад змен у нумары: пасцельная бялізна стала не каляровай, а бялюсенькай (у ложку адчуваеш сябе анёлам!). Мяняюць яе праз тры дні. Чысціня ў нумары — ідэальная. І яшчэ: калі прымаеш водныя працэдуры, не трэба насіць з сабой ручнік, яго прапаноўваюць на месцы. Не магу не ўзгадаць бібліятэку, якая валодае значнымі кніжнымі фондамі і перыядычнымі выданнямі. Ды дзе ж усе новаўвядзенні пералічыш!
Станоўчыя змены адбіваюцца на цудоўным мікра-
клімаце ў калектыве. Але самым галоўным паказчыкам дабрабыту санаторыя лічу водгукі людзей, якія прыязджаюць сюды на адпачынак і лячэнне. Пацікавілася ў начальніка аддзела маркетынгу здраўніцы Сяргея Нехвядовіча, каго прымае здраўніца. Ён паведаміў, што за мінулы год у іх адпачыла каля 14 тысяч чалавек. Большасць з іх — нашы суайчыннікі. Шмат і з Расіі, па колькасці дзён яны нават апярэджваюць беларусаў. Але геаграфія краін, прадстаўнікі якіх адпачываюць у “Прыазёрным”, з кожным годам пашыраецца. Летась было 147 гасцей з Азербайджана, 157 — з Латвіі, 169 — з Эстоніі. Прыязджалі з Ізраіля, Польшчы, Германіі, Нарвегіі, Італіі, Ірака.
Падчас адпачынку знаёмлюся з людзьмі, мне цікава даведацца пра іх уражанні ад адпачынку і ад краіны, калі гэта замежнікі. Пасля размоў адчуваю гонар за сваю Радзіму, а работнікаў санаторыя з гумарам называю “пазаштатнымі супрацоўнікамі МЗС”. Падзялюся, што давялося пачуць.
“Хочацца выказаць падзяку камандзе супрацоўнікаў, якія робяць сваю справу на высокім узроўні. Сюды хочацца вярнуцца, як у родны дом” (Уладзімір і Таццяна Вараб’ёвы, г. Масква).
“Прыязджаем чацвёрты раз запар. Прыцягвае разумны баланс кошту і якасці паслуг. Лячэнне, харчаванне, арганізацыя адпачынку на высокім узроўні. Шчыра ўдзячны за добразычлівасць, сардэчнасць, ветлівасць і адкрытасць” (Наталля і Дзмітрый, г. Санкт-Пецярбург).
“Наша гісторыя пачалася больш за 11 год таму, калі мы з будучым мужам сустрэліся ў “Прыазёрным” на адпачынку. Тады ніхто не мог падумаць, што гэта месца звяжа нас назаўсёды і стане ў нейкім сэнсе святым. Быццам дзякуючы за тую лёсавызначальную сустрэчу, мы штогод з 2007-га адпачываем тут, як у раі” (пара была так усхвалявана, што забылася назвацца).
“З мужам прыляцелі з Англіі. Ён наогул першы раз у санаторыі, а я раней адпачывала ў Прыбалтыцы. З мясцовых пераваг — тое, што ў цэлым адрознівае Беларусь: вельмі прыязны персанал, чысціня да стэрыльнасці, спакой, які разліты ў паветры”.
Мне заўсёды вельмі прыемна, калі бачу ці адчуваю ўзаемную павагу, падзяку, любоў як у адносінах паміж людзьмі, так і ў адносінах да краіны. Мяне вельмі кранула наведванне галерэі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Сто трыццаць цудоўных карцін малой радзіме ў знак падзякі за жыццё! А мясцовыя ўлады знайшлі выдатнае месца для рэалізацыі гэтай ідэі. Даведалася, што ў гэтым памяшканні плануецца арганізаваць выставу пра жыццёвы і творчы шлях народнай артысткі Марыі Захарэвіч. Спадзяюся, што гэта будзе вялікім падарункам не толькі  для землякоў нашых талентаў, але і для многіх наведвальнікаў Нарачы.

С. ЖЫБУЛЕЎСКАЯ.
Верны сябра
санаторыя “Прыазёрны”.
Фота Аляксандра Высоцкага.



14 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька wjx6x-f4hhi Сядзіба Максіма Танка  06-012

Пабрацімы Мядзела