Ці падрыхтаванны да сезона адпачынку?

ЯК выканана рашэнне райвыканкама № 388 ад 29 сакавіка бягучага года «Аб мерах па падрыхтоўцы да летняга сезона масавага адпачынку на тэрыторыі раёна, папярэджванні гібелі людзей на вадзе, прафілактыцы цэркарыёзу»? Высветліць гэта паспрабавалі ў час маніторынгу, які правялі 2 мая, спецыялісты санітарнай і экалагічнай службаў Мядзельшчыны. Варта адзначыць, што райвыканкамам зацверджаны 11 месцаў для купання і 31 месца для адпачынку. Да пачатку летняга сезона паўсюдна павінны быць наведзены парадак і чысціня.

Адразу зазірнулі на пляж у райцэнтры, над якім апякуюцца камунальнікі. Варта сказаць, што ў мінулым годзе ў час падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018» шмат зроблена для таго, каб гэты куточак горада стаў прыгожым і прыцягальным. Камунальнікам застаецца толькі падтрымліваць парадак.
— Мы так і стараемся рабіць, — гаворыць майстар РВУП «Мядзельская ЖКГ» Алег Рагіня. — Для зручнасці адпачываючых на пляжы маюцца фантанчыкі пітной вады, душавыя ўстаноўкі і кабінкі для пераапранання, ёсць туалеты. Праведзена пробнае падключэнне сістэмы падачы вады. Пастаянная падача вады будзе ажыццяўляцца пры выкарыстанні зоны рэкрэацыі.
Што датычыць плывучай модульнай платформы для ўваходжання ў ваду, то, як патлумачыў Алег Янавіч, яна будзе ўстаноўлена адразу пасля заканчэння перыяду нерасту рыбы, падчас якога забаронена выкарыстанне маламерных суднаў.
— Ды і купацца яшчэ пакуль ранавата, тэмпература вады складае 13-15 градусаў цяпла, — дадае суразмоўца. — Па звестках выратавальнай станцыі «Мядзел», сёння тэмпература вады ў возеры толькі 10 градусаў.
З хваляваннем гаварыў майстар пра тое, што ў асобных жыхароў горада нізкая культура паводзін. Пакеты з бытавым смеццем яны выносяць на пляж і кладуць у урны. А птушкі і бадзяжныя сабакі разрываюць гэтыя пакеты ў пошуках ежы, вецер разносіць усё па наваколлі.
— Вось і даводзіцца іншы раз бачыць смецце на пляжы. Ды і кантэйнеры, якія тут устаноўлены, прызначаны не для таго, каб сюды выносіць бытавыя адходы з кватэр. Для гэтай мэты ў вызначаны час і ў вызначаныя месцы прыязджае спецыяльная машына, — працягвае размову Алег Янавіч. — І яшчэ. Пляж — не месца для выгулу сабак. Тут адпачываюць людзі…
Супрацоўнікі НП «Нарачанскі» добра падрыхтавалі да сезона адпачынку турыстычную стаянку «Антанізберг». Трэба толькі падвезці дровы — і, калі ласка, адпачывайце, госці азёрнага краю.
Някепскае ўражанне засталося пасля наведвання пляжа санаторыя «Нарачанскі бераг». Варта толькі падрамантаваць дарожку, якая вядзе да туалета, і зманціраваць плывучую платформу для ўваходжання ў ваду. Як паабяцаў намеснік кіраўніка здраўніцы па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы, усё гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час.
Хаця шмат работы па падрыхтоўцы пляжнай зоны санаторыя «Нарач» ужо выканана, але ёсць некаторыя недапрацоўкі: пакуль адсутнічаюць біятуалеты, не поўнасцю зманціравана абсталяванне пітных фантанчыкаў і душавых установак. Працягваецца добраўпарадкаванне берагавой паласы. Навезена шмат жоўтага пяску, які разраўноўваюць «Амкадорам» (здымак 1).
Не было асаблівых заўваг пасля агляду ўзбярэжжа возера і зоны адпачынку насупраць санаторыя «Спадарожнік». Толькі адно: неабходна тэрмінова вырашыць праблему паркоўкі аўтамабіляў. Стаянка тэхнікі на абочыне дарогі на адлегласці 10-15 метраў ад зрэзу вады недапушчальная (здымак 2).
Добры санітарна-тэхнічны стан мае пляж санаторыя «Жураўка». Тут праведзены касметычны рамонт абсталявання, прыбрана прыбярэжная і пляжная зоны, да фантанчыкаў, душавых кабін і санвузлоў падведзена вада. Нават зманціравана плывучая модульная платформа (здымак 3). Адчуваецца, што ў гэтай здраўніцы з адказнасцю аднесліся да выканання рашэння райвыканкама.
На турыстычнай стаянцы «Качаргі» сёлета ўстаноўлена шмат новых альтанак, якія маюць прывабны выгляд. Пафарбавана абсталяванне, прыбрана смецце. Словам, да прыёму адпачываючых стаянка гатова. Тое самае можна сказаць і пра турстаянкі «Аўтакемпінг», «Лагер», «Белае».

Маніторынг правялі:
А. ФЁДАРАВА.
Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
С. ДАЛІБА.
Памочнік урача-гігіеніста
ДУ «Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».
І. ЛУБНЕЎСКІ.
Загадчык аддзела курорта, турызму і АПК рэдакцыі раённай газеты
«Нарачанская зара».



14 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

img_4257 0-170 на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела