Урачыстасці адбыліся ў шэрагу населеных пунктаў раёна

У СВІРЫ яны распачаліся шэсцем ад будынка сельвыканкама да помніка загінуўшым землякам. У калоне ішлі прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, школьнікі, мясцовыя жыхары. Многія неслі партрэты сваіх дзядоў і прадзедаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Ганаровымі гасцямі мітынгу, які адбыўся ля помніка, сталі былы непаўналетні вязень Галіна Мечыславаўна Цывунчык і Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін нашага раёна Эдуард Вікенцьевіч Ціхі. Выступіў дырэктар ААТ “Свір” Віктар Субач, а таксама святар Свірскага касцёла — ксёндз Мікалай. Прадоўжыла праграму літаратурна-мастацкая кампазіцыя. Ганаровыя госці, а таксама член сям’і загінуўшага воіна Валянцін Валянцінавіч Лоўкіс (ён па стане здароўя на ўрачыстасці не быў) атрымалі харчовыя наборы ў падарунак ад мясцовых прадпрымальнікаў Паўла Вайцяховіча і Аляксандра Андросіка.
Кветкі да помніка ўскладзены таксама ў вёсцы Камарова.
***
ТРЫ мітынгі адбыліся ў Занарацкім сельсавеце: у Занарачы, Старлыгах і Буйках. Удзел у іх прынялі прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі адукацыі і культуры, школьнікі, мясцовыя жыхары. На занарацкай урачыстасці прысутнічаў інвалід Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Васільевіч Талайка. Не першы год ён жыве ў Вузле (у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН), але пагадзіўся прыехаць, каб адсвяткаваць Дзень Перамогі разам з землякамі. Пасля мітынгу адбыўся невялікі канцэрт, адным з самых запамінальных момантаў якога стала выступленне мясцовага гарманіста — старэйшыны населенага пункта Аляксандра Міхайлавіча Усовіча.
***
АПОШНІ на тэрыторыі Сваткаўскага сельсавета ветэран Вялікай Айчыннай памёр яшчэ ў 2016 годзе. Аднак непарушная традыцыя ў Дзень Перамогі прыходзіць з кветкамі да помніка загінуўшым землякам. У Сватках адбыўся мітынг, які сабраў прадстаўнікоў мясцовай улады, сельгаспрадпрыемства, педагогаў і школьнікаў, работнікаў культуры, мясцовых жыхароў. Да помніка былі ўскладзены вянкі і кветкі, прайшла вахта памяці.
***
У НАРАЦКІМ сельсавеце ўрачыстасці распачаліся ўскладаннем вянкоў да помнікаў: партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай
(в. Мікольцы), загінуўшым землякам (в. Чараўкі) і ахвярам вайны (в. Зялёнкі). Потым адбыўся мітынг у аграгарадку Нарач, на якім выступілі старшыня сельвыканкама Мікалай Маркевіч, воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Гульцяеў і пробашч мясцовага касцёла айцец Бэрнард. Прадоўжыў праграму канцэрт у Доме культуры. На святкаванні прысутнічалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Іванавіч Кахно і былы вязень Ірына Пятроўна Чабатар. Яшчэ адзін ветэран, зарэгістраваны на тэрыторыі сельсавета, — Альфрэд Адольфавіч Казела — цяпер жыве ў дзяцей.
Удзельніца вайны Лідзія Іванаўна Роўда прымала віншаванні дома.
Наш кар.



13 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        06-043     Паруснікі                          Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела