Салют квітнеючай вясне, салют Вялікай Перамозе!

Урачыстасці з нагоды 74-й гадавіны Вялікай Перамогі прайшлі па ўсёй краіне. Адзначала гэту велічную дату і наша сінявокая Мядзельшчына. У 10 гадзін пазыўныя абвясцілі пра пачатак мерапрыемства ўрайцэнтры. Застылі ў страі воіны-інтэрнацыяналісты, афіцэры запасу і ў адстаўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў з кветкамі і вянкамі. Ганаровае месца заняў прэзідыум. Вядучая Вікторыя Стэрнад звяртаецца да прысутных радкамі:
“Погибшие живут среди живых, Во всех сердцах, во всех домах людских Неслышные шаги их раздаются. И не чугун, не бронза, не гранит, А память поколений их хранит,  Вот почему они посмертно живы!”
Пад маршавую музыку на плошчу ўносяцца сцяг Мядзельскага раёна, баявыя сцягі фарміраванняў, якія вызвалялі азёрны Нарачанскі край, а таксама штандарты першага, другога, трэцяга Беларускіх і першага Прыбалтыйскага франтоў, намаганнямі якіх свабоднай ад захопнікаў стала наша рэспубліка.
Слова бярэ старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка:
— Паважаныя жыхары і госці Мядзельшчыны! Дарагія ветэраны! “Этот День Победы…” — гэтыя радкі гімна Храбрасці, Адвагі і Мужнасці нагадваюць кожнаму з нас пра Вялікую Перамогу над фашысцкай Германіяй. Мы зноў і зноў дзякуем усім, хто прайшоў праз выпрабаванні вайны яе доўгімі дарогамі: хадзіў у атаку, араў зямлю і сеяў, каваў браню і рабіў снарады, адпраўляў апошні кавалак хлеба на фронт. Падрастаючае пакаленне — нашы дзеці і ўнукі — павінны ведаць, што толькі адзінства воінаў арміі, партызан і працаўнікоў тылу, іх патрыятызм і мужнасць, стойкасць і любоў да Айчыны сталі залогам Вялікай Перамогі. Мы нізка схіляем галовы перад веліччу і подзвігам нашых землякоў, якія не скарыліся ворагу. Свята шануем самаадданасць усіх, хто бясстрашна супрацьстаяў захопнікам на акупіраванай тэрыторыі. Час няўмольна ідзе наперад. Сёння мы жывём у мірнай краіне, гадуем дзяцей. Аднак памяць пра тыя гераічныя гады, пра бессмяротны подзвіг удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу заўсёды будзе нас аб’ядноўваць, служыць крыніцай маральнай сілы, патрыятызму для наступных пакаленняў. Няхай жыццё будзе доўгім і шчаслівым, напоўненым добрымі справамі і ўчынкамі. Захоўвайце памяць пра герояў, якія пакінулі нас, і беражыце тых, хто яшчэ побач! Са святам!
Кіраўнік раёна аб’яўляе ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Перамогі, адкрытым. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Да мікрафона запрашаецца ветэран баявых дзеянняў, воін-інтэрнацыяналіст, старшыня раённага савета ветэранаў Юрый Мяркулаў. Ён віншуе прысутных са знамянальнай датай — 74-й гадавінай Перамогі над фашызмам. Адзначае, што цаной вялікіх ахвяр адстаяна свабода і незалежнасць Айчыны. Жадае, каб цяперашняе і наступныя пакаленні жылі пад мірным небам і ніколі не зведалі жахаў вайны.
Выступае першы сакратар райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Марына Апанасёнак. Прамоўца з гонарам гаворыць пра дату, якая сабрала ўсіх на плошчы імя Шаранговіча, пра неўміручы подзвіг, здзейснены народам у гады ваеннай навалы, пра пераемнасць пакаленняў… І, вядома ж, пра важнасць захавання міру на зямлі. А гэта ўжо задача моладзі, як і працяг слаўных традыцый сваіх прадзедаў і дзядоў.
Пасля мітынгу
кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў ідуць да брацкай магілы, дзе пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі пры вызваленні Мядзела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уздоўж вуліц 17 верасня і часткі Юбілейнай удзельнікаў шэсця вітаюць школьнікі горада. У іх руках — сцяжкі, рознакаляровыя паветраныя шары, кветкі. Каля брацкай магілы слова бярэ ваенны камісар раёна Алег Радкевіч:
— У гады выпрабаванняў вялізная краіна ў адзіным парыве паднялася на барацьбу з фашызмам. Адна на ўсіх бяда з’яднала людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, абудзіла найвышэйшы патрыятызм, гераізм і стойкасць. Тысячы людзей — сыноў, бацькоў — не вярнуліся з вайны. Сярод іх і нашы землякі, якія прапалі без вестак, загінулі на полі бою, памерлі ад ран, былі замучаны ў засценках канцлагераў. Аднак тыя падзеі не зніклі бясследна. Яны засталіся ў магілах, дзе пахаваны вядомыя і невядомыя героі, ва ўзведзеных у іх гонар помніках, у рубцах на сэрцы… Прашу ўшанаваць памяць загінуўшых хвілінай маўчання”.
Да мікрафона запрашаецца благачынны цэркваў Мядзельскай акругі, протаіерэй Ігар Шалуха. Святар падкрэсліў, што 9 Мая мы асабліва адчуваем радасць і гонар за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Бо змаглі адолець самага страшнага ворага, здабыць мір. Усё ў свеце адбываецца ад супрацьстаяння дабра і зла. І Гасподзь змыў гэтае зло крывёй нашых бацькоў і дзядоў. Даў магчымасць, у тым ліку і праз веліч Перамогі, адкрыць у сабе ўнутраны духоўны зрок, які дапамагае ўсведамляць свет, падзеі, жыць з верай у сэрцы.
Да помніка смуткуючай маці дэлегацыі ад працоўных калектываў ускладваюць вянкі і жывыя кветкі. Потым старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, члены раённага выканаўчага камітэта разам з прадстаўнікамі арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і “Беларускі саюз афіцэраў” накіраваліся да ўстаноўленай на пастаменце баявой машыны дэсанта і памятнага
знака воінам-інтэрнацыяналістам. Усклалі кветкі, пастаялі ў цішыні, сфатаграфаваліся на памяць.
Прадоўжылася мерапрыемства ў летнім амфітэатры. На сцэне — вядучыя Вікторыя Стэрнад і Сяргей Багданаў. Яны з дапамогай вершаў і прозы апавядаюць пра вялікае свята — Дзень Перамогі. Яно бярэ пачатак з далёкага
45-га і будзе адзначацца заўсёды, пакуль жыве светлая і чыстая Белая Русь, дзе вельмі паважаецца гераічнае мінулае і цэніцца мірнае неба над галавой. Дзякуючы ўдала падабраным эпізодам, якія дэманстравалі пачатак вайны і перыяд няпростых выпрабаванняў, малыя і вялікія перамогі над лютым фашызмам, прысутныя змаглі пераканацца, колькі цяжкасцей выпала на долю людзей старэйшага пакалення. Так, нашы дзяды і прадзеды, хоць самі былі яшчэ дзецьмі, падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі, не скарыліся ворагу і мужна набліжалі доўгачаканую перамогу, свята верылі, што яна настане. І мы ім за гэта бязмерна ўдзячны. Выдатным дапаўненнем да ўбачанага і пачутага сталі песні ваеннай пары ў выкананні народнага клуба аматараў песні “Верасень”, Вікторыі Стэрнад, Віталя Кісяля, Пятра Амірава, дуэта ў складзе Кацярыны Цурганавай і Віктара Назаранкі. Да месца было выступленне танцавальнага калектыву і вакальнага ансамбля “Канфеці” Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама народнага ансамбля народнай песні “Скарбніца”. Дарэчы, і касцюмы многіх самадзейных артыстаў былі сугучныя даце, якая адзначалася. Прыгожа глядзеўся падчас канцэртнай праграмы момант адпускання дзецьмі ў паветра шароў. Цікава і тое, што кожны з колераў меў пэўны сэнс. Напрыклад, чырвоны сімвалізаваў крывавую памяць пра падзеі той далёкай пары, жоўты — сонца, зялёны — свабодныя землі з палямі, сіні — блакітнае неба, а белы — мір ва ўсім свеце. Акрамя блока ваеннай тэматыкі, быў прадстаўлены і сучасны. А тут пастараліся юныя артысты Мікіта Балюк, Валерыя Шабовіч, Паліна Пякарчык, Уладзіслаў Самко. Шмат незабыўных эмоцый падараваў мядзяльчанам і вакальна-інструментальны ансамбль “Скіфы”, які ў Цэнтры культуры прадставіў сваю сольную канцэртную праграму “На хвалі нашай памяці”. У выкананні артыстаў з Пастаў прагучалі паўзабытыя мелодыі 70-х,
80-х гадоў, якія многім нагадалі маладосць, першае каханне. Нездарма выступленне гасцей было ўспрынята на “ўра”.
Акрамя таго, працавала спартыўна-гульнёвая пляцоўка “Гатовы да працы і абароны”, дзе прадстаўнікі ўстаноў адукацыі горада ўдзельнічалі ў віктарыне на ваенную тэматыку, вывучалі воінскую амуніцыю. А яшчэ асвойвалі прыёмы аказання першай медыцынскай дапамогі, спаборнічалі між сабой на хутчэйшае надзяванне процівагаза. Засталося дадаць, што падчас святочнага прадстаўлення на плошчы Леніна працавалі гандлёвыя рады, дзе можна было штосьці і з ежы набыць, і сувеніры на памяць. Карысталіся попытам таксама салдацкая каша і рыбацкая юшка. Была арганізавана і фотазона “Салют Вялікай Перамозе”.
Як мне здалося, святкаванне 9 Мая выклікала шчымлівыя пачуцці ў сэрцах многіх прысутных. Неяк па-асабліваму адчуваліся сувязь часоў і пакаленняў, гонар за нашу Радзіму і працавіты беларускі народ. Пераканана: колькі б ні мінула зімаў і вёснаў з пераможнага маю 1945-га, гэта дата была і застанецца самай дарагой для большасці з нас.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.

 



13 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        від на Мядзел 0-178 84

Пабрацімы Мядзела