Чым жыве сельская бібліятэка?

ТАКОЕ пытанне адрасавалі
бібліятэкару Старагабскай
сельскай інтэграванай бібліятэкі Святлане Хацяновіч. Жанчына крыху падумала і адказала:
— Праблемамі вёскі, яе жыхароў. Асабіста я разам з іншымі культработнікамі прымаю ўдзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Працую ў цесным кантакце з работнікамі Старагабскага сельскага Дома культуры. А інакш і нельга. Мы робім агульную справу, з’яўляемся, як кажуць, астраўкамі культуры. Таму многія мерапрыемствы агульныя: ці то канцэрт, ці то свята вуліцы альбо вёскі.
— Святлана Яфімаўна, вы ж не мясцовая? Па гаворцы чуваць — не тутэйшы дыялект, — перабіваю суразмоўцу.
— Мае бацькі, як кажуць, габлюкі. Але мы доўгі час жылі ў Цюменскай вобласці, а потым пераехалі сюды. Таму мне складана перайсці на беларускую мову. Хаця спяваю і беларускія песні. А чытаць магу толькі сама сабе, услых смешна атрымліваецца, — тлумачыць жанчына.
— Прыехаўшы ў Габы, адразу ўладкаваліся ў бібліятэку?
— Не. Спачатку гадоў з дзесяць была мастацкім кіраўніком у Доме культуры. Гадоў сорак маю дачыненне да культуры. Сёмы год на пенсіі, але пакуль працую, — кажа Святлана Яфімаўна.З далейшай размовы даведаўся, што бібліятэка абслугоўвае жыхароў не толькі Старых Габ, а і навакольных вёсак. Кніжны фонд складае звыш сямі тысяч асобнікаў. Акрамя мастацкай літаратуры, ёсць шмат спецыяльнай, якой з задавальненнем карыстаюцца вяскоўцы. Напрыклад, Ліля Мацюшонак і Марыя Сіскевіч цікавяцца публікацыямі пра пчалярства. Ды і былы дырэктар Старагабскай школы Уладзімір Казлоўскі захапляецца такой літаратурай. А вось Іосіф і Анастасія Ярашэвічы аддаюць перавагу беларускамоўным кніжкам. Людміла і Уладзімір Мычко і пра пчалярства чытаюць, і цікавяцца парадамі, як лепш уладкаваць падворак, прысядзібны ўчастак.
Не сакрэт, што зараз кніжны фонд бібліятэкі абнаўляецца зусім не так, як хацелася б. І прычын таму шмат. Адна з іх — недахоп грашовых сродкаў. Таму не заўсёды выпісваецца дастатковая колькасць перыядычных выданняў, не гаворачы пра набыццё мастацкай літаратуры.
— З перыёдыкі мы атрымліваем газеты «Беларусь сегодня», «Мінская праўда», «Нарачанская зара», «Аргументы і факты», таўстушку «Камсамольскай праўды». З часопісаў папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца «1000 парад», «Сад і агарод», «Кудесница» і іншыя, — расказвае Святлана Хацяновіч.
— Зараз практычна любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце. Таму, магчыма, бібліятэка губляе свой ранейшы статус. Што вы на гэта скажаце?
— З вамі і згодна, і не. Сапраўды, многае можна даведацца з інтэрнэта. Але без кнігі пакуль не абысціся. Менавіта яна вучыць дабрыні і мудрасці. Сёння добрая кніга, як і многія дзесяцігоддзі таму, карыстаецца попытам. Наша бібліятэка практычна ніколі не пустуе. Тым больш, што зараз знаходзіцца ў бойкім месцы, у будынку былога сельвыканкама на скрыжаванні галоўных вуліц аграгарадка. Людзі крочаць на пошту, у магазін — заходзяць і ў бібліятэку, — адказвае Святлана Яфімаўна.
— Ці многа маеце чытачоў?
— Актыўных — больш за 250. Хачу назваць некаторых з іх. Гэта Міхаіл Каралёнак і Іван Мычко, Ірына Грышкевіч і Раіса Збрадыга, Людміла Ман і Аляксандр Лазейка, Валерый Мамантаў і Анатоль Качарго. Са школьнікаў найчасцей бібліятэку наведваюць Вадзім і Максім Пятровічы, Саша Зылінскі, Маргарыта Амельяновіч, Надзея Грузд і іншыя, — расказвае Святлана Хацяновіч. — Нельга не адзначыць настаўнікаў Уладзіміра Серадзінскага, Вольгу Нагелу, Міхаіла Качарго, Івана і Алену Босых, якія ніколі не мінаюць бібліятэкі. Сацработнікі Галіна
Баслык і Марына Дабранская — таксама актыўныя чытачы.
Канечне, людзям сталага ўзросту не так лёгка хадзіць у бібліятэку, таму ім Святлана Яфімаўна прыносіць кнігі дахаты. Яна ведае, чым цікавіцца кожны чытач, і заўсёды прапануе захапляльную кнігу. А разам з тым скажа чалавеку добрае слова, распытае пра жыццё-быццё. Клапоціцца не толькі пра жыхароў Старых Габ.
— З Мазалеўшчыны актыўная чытачка Раіса Балаховіч. Іншы раз яна на аўтобусе прыедзе, каб памяняць кнігі. Яшчэ з гэтай вёскі захапляецца чытаннем кніг Казімір Святоха. А вось з Баяр не магу не назваць Кацярыну Клімовіч. Мясцовая жыхарка Ірына Карэц з’яўляецца інвалідам. Ёй цяжка самастойна дабірацца ў бібліятэку. Таму кніжкі нашу дадому я альбо яе ўнучка Ліза Карэц, — расказвае Святлана Яфімаўна.
Праца бібліятэкара — асаблівая. Яна патрабуе не толькі любові да сваёй прафесіі, але і глыбокіх ведаў. Жыццё прымушае бібліятэкара быць завадатарам, няспынным рухавіком. Акрамя гэтага, ён павінен умець арыентавацца ў бібліятэчных фондах і каталогах, валодаць прафесійнымі навыкамі, неабходнымі для абслугоўвання чытачоў. Так, адна справа, калі чытач ведае, якая кніга яму патрэбна, а іншая — калі просіць, каб  кнігу яму параілі (што бывае часцей за ўсё), зыходзячы з яго зацікаўленасцей. І тут галоўная задача — не памыліцца, а даць такую кнігу, каб, прачытаўшы яе з захапленнем, чалавек  вярнуўся да нас ізноў. Святлана Яфімаўна ўмее працаваць з людзьмі рознага ўзросту, да кожнага яна знаходзіць свой падыход.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



10 мая 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Царква ў Слабадзе     Паруснікі                          лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела