Да перамогі — на байдарцы

ПРАЦЯГВАЕМ знаёміць вас з пераможцамі раённага этапа конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2018”. Сёння мой суразмоўца — дзесяцікласнік з гімназіі-інтэрната Максім ЛАЎРЫНАЙЦЬ. Ён перамог у намінацыі “Спартыўная дзейнасць”.
“У Максіма столькі медалёў, грамат, дыпломаў! Спартсмен!
І пры гэтым мэтанакіравана рыхтуецца да ЦТ па фізіцы. Яшчэ ў 10 класе, а рэпетыцыйнае тэсціраванне здаў на 62 балы. Ён — наш гонар!” — расказвае дырэктар гімназіі-інтэрната Ірына Азарка перад тым, як саступіць нам свой кабінет для размовы.
— Максім, а навошта спартсмену фізіка?
— Яшчэ не вызначыўся, куды буду паступаць. Можа, фізіку давядзецца здаваць, а можа, і біялогію. Таму рыхтуюся да ўсяго.
— А ўзнагарод гэтулькі за што?
— За спорт. Больш за восем гадоў займаюся веславаннем на байдарках. Я кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь. Выйграў не адны спаборніцтвы ў нашай краіне, спадзяюся калі-небудзь трапіць на міжнародныя. Але гэты шлях вельмі доўгі і нялёгкі.
— Зразумела, што ўсе перамогі — найперш заслуга твая і трэнера — Андрэя Вітальевіча Малько. А яшчэ чыя?
— Бацькоў. Яны заўсёды падтрымліваюць. Мае першыя спаборніцтвы не прынеслі выніку. Бацькі казалі: “Нічога, галоўнае —
удзел”. А з часам усё стала атрымлівацца.
— А чаму вырашыў займацца веславаннем?
— Сябры паклікалі. Антон Смолка цяпер таксама кандыдат у майстры спорту. А тады мы з ім нулявыя былі, проста трэніраваліся. У мяне нават выгляд быў зусім не спартыўны. Гэта потым абодва выцягнуліся, падужэлі.
— Ці лёгка даюцца спартыўныя дасягненні?
— Цяжка. На спаборніцтвах шмат спартсменаў, у іх розны стыль. Калі дыстанцыя доўгая, нехта можа пачаць вельмі рэзка і адразу апынуцца наперадзе. А нехта спачатку здаецца слабым, а перад фінішам можа так “выстраліць”, што не паспееш дагнаць. За гэтым трэба сачыць, выпрацоўваць сваю стратэгію, усё распланаваць.
— Якую сваю перамогу лічыш самай-самай?
— На Алімпійскіх днях моладзі, дзе мы з Антонам Смолкам у байдарцы-двойцы займалі першыя месцы — у 2017 і 2018 годзе.
— А першы поспех ці памятаеш?
— Так. Першая перамога была на абласных спаборніцтвах у Барысаве. Там у байдарцы-двойцы з Іванам Русаком (ён цяпер у 11 класе, у першай школе вучыцца) мы выйгралі гонку. Тады ўсё і пачалося: працяглыя трэніроўкі, іншы раз — зборы.
— За трэніроўкамі ці застаецца час на хобі?
— Застаецца. Захапляюся матацыкламі. Мой тата імі цікавіцца з дзяцінства, яго яшчэ малога бацька катаў. У мяне ёсць брытанскі матацыкл 2008 года, “Мігель” называецца. На яго грошай сам назбіраў. (За дасягненні ў спорце Максім атрымлівае стыпендыю. — Аўт.) Здаў на правы і буду катацца. Як кажуць, чатыры колы возяць цела, а два — душу.
— Максім, мы ж сустракаемся не ўпершыню. Памятаю, гадоў пяць таму пісала пра цябе ў рубрыку “Кнігалюбы”. Застаешся актыўным чытачом?
— Не зусім. Але тое, што задаюць па літаратурах, чытаю абавязкова.
— Кажуць, у навучэнцаў нашай школы алімпійскага рэзерву часу на розныя непатрэбныя рэчы не застаецца. На шкодныя звычкі, напрыклад…
— Гэта так. Бо са спортам шкодныя звычкі несумяшчальныя. Давядзецца зрабіць выбар: ці ад шкодных звычак адмовіцца, ці ад спорту.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



29 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы від на Мядзел Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела