З душой на веснавым палетку

З АГРАНОМАМ ААТ «Занарачанскі» Баляславам Урбановічам сустрэліся на веснавым палетку непадалёку ад вёскі Сідаравічы. Тут якраз сеялі ячмень. Магутны «Fendt-930» з сеялкай «АППМ-6Д» «Бярэсце» паволі рухаўся па полі, пакідаючы за сабой пульхную глебу, у якую лягло насенне.
— Гэта стараецца Дзмітрый Кузьміч, — тлумачыць Баляслаў Іванавіч.
У «Занарачанскім», бадай, самы вялікі ў раёне яравы клін — 800 гектараў. На запланаваных плошчах паспяхова пасеялі раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры. Але работы на веснавым палетку яшчэ хапае, і хлебаробы гаспадаркі прыкладаюць максімум намаганняў, каб усё зрабіць якасна і своечасова.
— Мы пасеялі 315 гектараў ячменю, 240 — трыцікале, 105 — аўсу, 140 — зернебабовых культур, — працягвае размову аграном. — Гэта вынік старання сейбітаў — маладога механізатара Івана Сурвілы і Дзмітрыя Кузьміча. Хлопцы працавітыя, дысцыплінаваныя, адказныя. Хадзіць у полі за кожным не трэба. Так што, думаю, і вынік адпаведны будзе, калі прыйдзе пара збіраць ураджай.
— Што яшчэ ёсць у актыве хлебаробаў? — пытаюся.
— Сёлета работы на веснавым палетку распачалі крыху раней у параўнанне з мінулым годам. Таму многае ўдалося ўжо выканаць. Пры плане 350 гектараў падсеялі шматгадовыя травы на плошчы 510 гектараў. Прычым падсеяны бабовыя ў чыстым выглядзе на 205 гектарах, а на астатняй плошчы — бабовыя злакі, — расказвае Баляслаў Іванавіч. — На баранаванні азімых стараннем вызначаўся малады і вельмі адказны хлебароб Яраслаў Вяршыла. Ды і пашы 120 гектараў прабаранавалі. Каб разлічваць на добры ўраджай, расліны трэба падкарміць належным чынам. Азімыя, а яны займаюць у нас 1100 гектараў, падкармілі на ўсёй плошчы. Унеслі прыкладна па 75 кілаграмаў дзеючага рэчыва азоту на гектар. Паспяхова правялі першую падкормку рапсу на плошчы
300 гектараў. На чарзе хімпраполка і другая падкормка. Дарэчы, на азімым кліне стараннем вызначаўся Аляксей Селюкоў, за якім замацаваны агрэгат «Туман-2». Выйшаў са строю гэты агрэгат — уключылі ў работу апаратуру «Мікасан». Часткова падкармілі пашы і сенажаці. І пад яравую сяўбу абавязкова ўносім мінеральныя ўгнаенні. Гэта работа даручана Мікалаю Маркевічу і Цімафею Пашкевічу, якія працуюць з «РУМамі». А вось Аляксандр Вярбіцкі з «РУ-1600» падкормліваў сенажаці і пашу.
Аграном паведаміў таксама, што не толькі з тукамі працуюць у гаспадарцы. Вялікую ўвагу надаюць рабоце з арганічнымі ўгнаеннямі. Толькі пад яравую сяўбу яе ўнесена звыш 30 тысяч тон.
— І зараз работа з арганікай працягваецца. Цяпер яе ўносім на тых палетках, дзе будзем сеяць кукурузу. Дарэчы, яе плануем пасеяць 900-950 гектараў. А пад кукурузу належыць унесці дастаткова арганікі і мінеральных угнаенняў. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на ўраджай. Глебу не падманеш, — працягвае размову аграном. — На пагрузцы арганікі старанна працуе
Эдуард Дудзінскі. А непасрэдна на ўнясенні — Аляксандр Шчамель і Дзмітрый Свірыд. У іх трактары «МТЗ-3022» з прычэпамі «Ферабокс». Зараз гэтыя хлопцы завіхаюцца ля вёскі Лукашэвічы. Угнаенні адразу закрываем. Іван Зянонавіч Сурвіла трактарам «Fendt-930» у агрэгаце з плугамі «Rаbе» арэ глебу. Адначасова рыхтуем сеялкі «Маскар» і «Бярэсце». І, як толькі пацяплее, распачнём сяўбу кукурузы.
— Вы назвалі прозвішчы тых хлебаробаў, якія вызначаюцца на веснавым палетку шчырай працай. Можа, яшчэ хочаце каго адзначыць? — цікаўлюся.
— Назваў далёка не ўсіх. На падрыхтоўцы глебы эфектыўна эксплуатуюць трактары з чызельнымі культыватарамі «КР-4,2» з баронамі Ігар Качарго і Андрэй Бажэлка, Яўген Сурвіла. На трактары «Challenger» у агрэгаце з дыскатарам шчыруе вопытны хлебароб Міхаіл Хільман, — адказвае Баляслаў Іванавіч. — Вельмі важнай і абавязковай работай на веснавым палетку з’яўляецца збор камення. Гэта справа даручана зараз механізатару Уладзіміру Гуско. А непасрэдна збіраюць каменне работнікі гаспадаркі. Абавязкова патрэбна адзначыць маладога механізатара Івана Байко. Ён трактарам «МТЗ-3522» з абаротнымі плугамі «ППО-9-45К» ужо ўзараў пад кукурузу каля 60 гектараў глебы. Сёння Іван у мехмайстэрні ў Старлыгах ставіць спараныя колы, падчапляе цяжкія дыскі і распачне рыхтаваць тарфянікі пад сяўбу кукурузы непадалёку ад вёскі Сяляткі.

Можна называць прозвішчы многіх іншых руплівых хлебаробаў, якія з душой адносяцца да выканання таго альбо іншага даручэння. А там, дзе прыкладаецца душа, як вядома, і вынікі лепшыя!

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



17 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Касцёл у Мядзеле  Сядзіба Максіма Танка  _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела