Сэрцы, аддадзеныя дзецям

Раённы конкурс мнагадзетных сем’яў стаў на Мядзельшчыне традыцыйным, а прыёмных — праводзіўся ўпершыню. Тым не менш прайшоў ён на належным арганізацыйным узроўні і сабраў у сценах гімназіі-інтэрната
Мядзела людзей, якія не
дзеляць дзяцей на родных і чужых, а спаўна аддаюць ім цяпло сваіх сэрцаў, клопат і любоў.
Мерапрыемству папярэднічала выстава “Таленты нашай сям’і”. Удзел у ёй прынялі 9 замяшчаючых бацькоў са сваімі выхаванцамі. А прадставілі яны зробленыя ўласнымі рукамі разнастайныя экспанаты, а таксама кулінарныя вырабы. Аб’ядналі свае намаганні сем’і Анастасіі Дачанковай і Ларысы Стрэльскай з Занарачы. Было чым здзівіць прысутных і Таццяне Ярмольчык, якая прыехала на конкурс з Вадзімам Мокрых і Мікітам Кірычэнкам. Крывіцкі рэгіён прадстаўлялі Жанна Залатуха, Таццяна Ермаковіч. Яны, дарэчы, прывезлі з сабой і вырабы сям’і Іны Шыкавец, якая сама не прысутнічала.
Творчыя здольнасці прыёмных сына і дачкі, іх захапленні прадэманстравала Алена Качарго з аграгарадка Баяры Мядзельскага сельсавета. Але найбольш цікавай, як мне здалося, атрымалася выстава ў сям’і Святланы Кузьмянковай. У самым цэнтры размясцілася курыца-квактуха з куранятамі — яна сімвалізуе мацярынскі клопат і любоў. Былі там таксама вырабы з бісеру, стужак, дрэва, малюнкі, выкананыя выхаванцамі. І дыплом, які прывезла Саша Касцецкая з абласнога фестывалю “Запалі сваю зорку”. Да месца прыйшліся і фотаздымкі, а таксама кніга, прысвечаная матулям Міншчыны, дзе ёсць фотаздымак і невялікі аповед пра Святлану Рыгораўну.
Цікава прэзентавалі сябе члены вялікай і дружнай сям’і Пятра Шабана, якія нават свае эмблемы спецыяльна да мерапрыемства падрыхтавалі. А яшчэ пазнаёмілі прысутных і членаў журы з дэвізам, які дапамагае будаваць шчырыя і прыязныя ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі. У поўным складзе завітала на конкурс сям’я Марыны Новік — гаспадар з гаспадыняй, уласная дачка, прыёмная, а таксама ўнучка.
Потым усе сабраліся ў актавай зале ўстановы адукацыі. Вядучыя — Святлана Матошка і Сяргей Багданаў — шчыра прывіталі прысутных. Прывялі такія лічбы: сёння ў раёне існуюць 21 прыёмная сям’я і Дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе знайшлі любоў, клопат, душэўнае цяпло 34 дзіцяці. Былі прадстаўлены чатыры удзельнікі конкурсу. Так, прыёмная сям’я Марыны Новік створана ў 2007 годзе. За гэты час для чатырох дзяцей гэта цудоўная жанчына стала другой мамай. Зараз Новікі займаюцца выхаваннем Алены Башловай.
Прыёмная сям’я Алены Качарго існуе з 2011 года. У ёй цёпла і ўтульна адчуваюць сябе Зінаіда Мычко і Ягор Сініца. І ўсё гэта дзякуючы ўвазе і клопатам любімай прыёмнай матулі, якая поўнасцю замяніла ім родную.
Прыёмная сям’я Пятра Шабана створана ў 2005 годзе. Іх дом у поўным сэнсе гэтага слова стаў сваім для шасці выхаванцаў. Ці не таму ўжо дарослыя брат і сёстры Таболічы часта прыязджаюць да сваіх любімых матулі і таты, якія іх з нецярпеннем чакаюць і заўсёды рады бачыць? А зараз Пётр Аляксандравіч і Таццяна Веніямінаўна выхоўваюць Карыну Свірскую, Караліну Субач і Надзею-Вікторыю Шабан.
Прыёмная сям’я Святланы Кузьмянковай створана ў 2004 годзе. Шаснаццаць выхаванцаў з удзячнасцю ўзгадваюць пра сваё сумеснае пражыванне побач з гэтай мудрай, шчырай і неабыякавай жанчынай. Прычым шасцёра дзяцей вернуты ў біялагічныя сем’і. Зараз Святлана Рыгораўна выхоўвае двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. На конкурс разам з прыёмнай матуляй прыйшлі Яўген Захарэвіч, Дзмітрый Фарына і Дар’я Свірэпава.
Пасля жараб’ёўкі вядучыя знаёмяць усіх з членамі журы, на чале якога намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра. А пасля звяртаюцца да канкурсантаў з пытаннем: “Што азначае для вас слова дом?” Сваімі адказамі тыя зноў і зноў сведчаць, што быць прыёмнымі бацькамі для іх не столькі праца, колькі прызванне. На самай справе, як моцна патрэбна любіць дзяцей, каб прысвяціць ім сваё жыццё і рабіць усё для таго, каб яны былі шчаслівыя, усміхаліся, радаваліся кожнаму пражытаму дню. На такую самаахвярнасць дзеля іншага чалавека здольны далёка не кожны, а толькі той, у каго бескарыслівае сэрца, адкрытае да дабрыні, спагады, міласэрнасці.
Першы конкурс называўся “Адзін дзень з жыцця сям’і”. Патрэбна сказаць, што ўсе ўдзельнікі падрыхтаваліся да яго належным чынам. Яны вялі аповед пра свае радасці і захапленні, расказвалі пра сумеснае баўленне вольнага часу. Напрыклад, сям’я Новікаў любіць падарожнічаць. Шмат дзе разам з дзецьмі пабывалі і Шабаны, у тым ліку на “Славянскім базары” ў Віцебску, на парадзе ў Маскве, у Закарпацці… А яшчэ яны разам працуюць ва ўласнай падсобнай гаспадарцы, адпачываюць і, вядома ж, спяваюць. Было чым падзяліцца і сям’і Качарго. З дапамогай мультымедыйнай устаноўкі канкурсанты дэманстравалі на экране найважнейшыя моманты з жыцця дзяцей, сваёй сям’і. А Святлана Кузьмянкова дапаўняла паказаную прэзентацыю вершаванымі радкамі, якія сама ж і напісала. І хоць гучалі яны проста, але краналі танюткія ніткі душы, даходзілі да сэрца.
Падчас мерапрыемства давялося прыёмным сем’ям-удзельніцам расказваць, як яны прыйшлі ў гэту прафесію і як з дапамогай ўласнага вопыту і жыццёвай мудрасці вырашаюць розныя праблемы.
Наступны конкурс — “Лепшая сямейная гісторыя” — дамашняе заданне для дзяцей. І тыя годна з ім справіліся. Патрэбна было бачыць, з якой любоўю гаварылі пра сваю сям’ю, пра прыёмных бацькоў, адзін пра аднаго. Слухаючы кароткія выступленні хлопчыкаў і дзяўчынак, падумала: “Якое шчасце, што яны не адны на гэтым свеце. Дзякуй Богу, знайшліся людзі, якія атулілі гэтых дзяцей любоўю і цяплом, дапамаглі адчуць сябе патрэбнымі”.
Пакуль журы падводзіла вынікі, усіх чакаў невялікі канцэрт. Хораша спяваў Мікіта Балюк. Парадавалі сваім выступленнем і юныя танцоры з Занарацкай сярэдняй школы.
Шчыра прывітала канкурсантаў намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна падкрэсліла тую высакародную місію, якую прыёмныя сем’і выконваюць у штодзённым жыцці, дорачы шчасце дзецям, пазбаўленым клопату і любові, выхоўваючы іх годнымі людзьмі. Са словамі падзякі звярнуліся да
сем’яў-удзельніц намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская. Выканалі Святлана Мікалаеўна і Ірына Васільеўна і прыемную місію: уручылі ўзнагароды сем’ям, якія знайшлі час, каб пазмагацца за званне мацнейшых. Прыемна, што ўсе ўдзельніцы былі адзначаны. Так, дыпломы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама за лепшы кулінарны выраб атрымалі Ларыса Стрэльская, Жанна Залатуха і Таццяна Ярмольчык, а за творчыя работы — Таццяна Ермаковіч і Анастасія Дачанкова. Дыпломы ўпраўлення і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі былі ўручаны ўдзельніцам конкурсу — сем’ям Алены Качарго, Марыны Новік, Пятра Шабана. А сям’я Святланы Кузьмянковай адзначана дыпломам і падарункам як пераможца конкурсу.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Іна Барыева заахвоціла падзячнымі пісьмамі і сувенірамі ад грамадскага аб’яднання тры сям’і за ўклад ва ўмацаванне інстытута замяшчаючых сем’яў, за выхаванне дзяцей, духоўнасць, высокія маральныя каштоўнасці, дабрыню, спагадлівасць, увагу, цярпенне, мацярынскую любоў, мудрасць і клопат. У ліку адзначаных Таццяна Ярмольчык, Святлана Кузьмянкова і Таццяна Ермаковіч. Акрамя таго, усе прыёмныя сем’і з нашага азёрнага краю атрымаюць ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і ад названага вышэй грамадскага фарміравання сертыфікаты для ўдзелу ў майстар-класах па падрыхтоўцы сувенірнай прадукцыі да Вялікадня. А дзецям з
сем’яў-удзельніц конкурсу былі ўручаны салодкія падарункі ад раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду і раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Мерапрыемства закончылася, але яно яшчэ надоўга застанецца ў сэрцах тых, хто на ім пабываў, як і цікавыя гісторыі з жыцця прыёмных сем’яў-удзельніц, што свята выконваюць сваё галоўнае прызначэнне — быць патрэбнымі дзецям, абдзеленым пяшчотай і любоўю, якім вельмі неабходны мацярынская і бацькоўская ўвага і клопат.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Ігната Лубнеўскага.



17 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 06-043 Царква ў Крывічах Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела