У госці да любімай газеты

Сказаць, што “Нарачанская зара” самая папулярная газета ў Мядзельскім раёне — што нічога не сказаць. У многіх сем’ях яшчэ дзядулі і бабулі заклалі традыцыю выпісваць “Нарачанку”, нашы таты і мамы гадаваліся пад шоргат яе старонак, настаўнікі чытаюць самі і цытуюць гэта выданне нам, а мы, падрастаючае пакаленне, ганарымся, што наша раённая газета — уладальніца галоўнай для перыёдыкі нашай краіны ўзнагароды — статуэткі “Залатая літара”, а значыць, лепшая ў вобласці і краіне! А яшчэ яна хутка адсвяткуе знамянальны юбілей — 75 год. 75 год паспяховага, годнага працоўнага шляху.
У гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела каторы год пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вікторыі Вячаславаўны Сяклюцкай працуе аб’яднанне па інтарэсах “Спробы пяра”. На занятках аб’яднання мы займаемся літаратурнай дзейнасцю, а таксама спрабуем сябе ў журналістыцы, выпускаем газету “Кур’ер гімназіі”. Менавіта таму штогод з вялікім задавальненнем наведваем сваіх дарослых, вопытных і дасведчаных калег — рэдакцыю газеты “Нарачанская зара”. І гэта для нас вялікі гонар.
Сёлетняя вясна не стала выключэннем. 19 сакавіка нас ветліва прыняў у сценах рэдакцыі ўвесь штатны калектыў. Спачатку адбылася сустрэча з галоўным рэдактарам Паўлам Сямёнавічам Жукавым. Ён расказаў нам пра гісторыю газеты і пра свой прафесійны шлях, пра ўласную творчасць і сутнасць працы журналіста. Наш рэдактар — цікавы і неардынарны чалавек. Мы ганарымся, што Павел Сямёнавіч не толькі член Беларускага саюза журналістаў, але і член Саюза пісьменнікаў, напісаў і выдаў дзве кнігі, у якіх праслаўляе наш край і яго лепшых людзей. Павел Сямёнавіч адказаў на нашы пытанні, падзяліўся творчымі планамі і нават расказаў два сюжэты з часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія ўвойдуць у новую кнігу. Мы слухалі не міргаючы, настолькі было цікава. А потым рэдактар яшчэ і цукеркамі нас пачаставаў. Асабіста я з радасцю наведаў бы рэдакцыю яшчэ не адзін раз.
Мы прыйшлі таксама не з пустымі рукамі: год таму гімназія-інтэрнат выдала зборнік літаратурных твораў сваіх навучэнцаў. Мы назвалі яго “Юныя таленты Мядзельшчыны”, асобнік паступіў нават у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Такую ж кнігу мы падарылі і рэдакцыі з надзеяй на творчыя парады.
Потым Павел Сямёнавіч арганізаваў для нас экскурсію па рэдакцыі. Мы заходзілі ў кожны пакой, і супрацоўнікі расказвалі нам, як збіраецца матэрыял, ладзяцца камандзіроўкі і сустрэчы, вярстаецца нумар, як адбіраюцца фотаздымкі, робіцца карэктура і вычытка. Мы зразумелі, што тут працуюць апантаныя і ўлюбёныя ў сваю справу спецыялісты (некаторыя супрацоўнікі аддалі газеце каля 40 гадоў жыцця). Для іх творчасць, праца з людзьмі і магія слова — найвышэйшае прызванне ў жыцці. Кожны з іх — цэлы свет. Ігнат Лубнеўскі, напрыклад, ведае ўсё пра курорт і турызм на Нарачы; Марыя Лубнеўская — надзейны намеснік галоўнага рэдактара; Наталля Лісіцкая займаецца радыёверсіяй “Нарачанкі”; Аляксандр Высоцкі вядзе своеасаблівы фоталетапіс Мядзельскага раёна; Іна Ярчак не прапусціць у друк ніводнай памылкі. Але ўсё ж незаменным у рэдакцыі з’яўляецца галоўны рэдактар Павел Жукаў. Гэта чалавек, які загадзя прачытвае кожны радок, кантралюе ўсе этапы стварэння нумара, дапамагае механізму газеты не спыніцца, а працягваць атрымліваць перамогі і заваёўваць узнагароды. Павел Сямёнавіч добры, строгі і справядлівы. Адным словам, прафесіянал.
Мы пабачылі свежы нумар “Нарачанкі” раней за ўсіх мядзяльчан, пачулі шчыраванні маладога спецыяліста Сашы Гарачкі, разгледзелі шматлікія дыпломы і падзякі (да адной з іх прыкладаўся ў свой час нават легкавы аўтамабіль), і зразумелі, што нам усё больш і больш падабаецца гэтая неабходная, надзённая, вельмі мабільная і дынамічная справа — ствараць газету. Пасля экскурсіі мы доўга не маглі разысціся, і двое з нас вызначыліся, што стануць па ўзоры старэйшых таварышаў журналістамі. Квітней, любая “Нарачанка”, і чакай новай змены.

Са спадзяванем на новыя сустрэчы, член аб’яднання “Спробы пяра” Мікіта БАЛЮК, вучань 8 класа
гімназіі-інтэрната г. Мядзела.
Фота Аляксандра Высоцкага.



16 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры від на Мядзел _dsc1133-3 img_4257

Пабрацімы Мядзела