У нашых дзяўчат — “серабро”!

Працягваюць радаваць поспехамі юныя валейбалісткі. Адразу яны вызначыліся на абласным узроўні. У Мядзельскім ФАЦы 27 і 28 сакавіка прайшлі фінальныя гульні па валейболе ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства. Спаборнічалі дзяўчаты 2003-2005 гадоў нараджэння. Удзел прыняло пяць каманд.
— Нашы валейбалісткі лёгка перамаглі прадстаўніц Мінскага, Нясвіжскага і Пухавіцкага раёнаў — 2:0 па партыях, — расказвае трэнер і прадстаўнік каманды, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Свірскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Юрый Шукела. — На другі дзень прыпала галоўная гульня — з камандай Барысава. Нядаўна мы ёй прайгралі на фінальных спаборніцтвах першынства вобласці, а цяпер дзяўчаты паказалі характар. Першую партыю выйгралі лёгка, у другой саступілі на больш-менш. А ў трэцяй проста разбілі гасцей (15:6) і занялі першае месца.
Тым самым заваявалі адзіную пуцёўку на фінальныя спаборніцтвы ў рамках рэспубліканскай спартакіяды. Каб як след падрыхтавацца да іх, арганізавалі двухдзённыя зборы ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, на якіх дапамагаў трэніраваць каманду дырэктар установы Андрэй Русак.
А з 3 па 5 красавіка ў Барана-
вічах адбыўся фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўніцы шасці абласцей і Мінска. Падзялілі іх на дзве групы.
У першай гульні зямлячкі абыгралі каманду Гродзенскай вобласці 2:1 па партыях. Потым былі мацнейшымі за гомельскіх валейбалістак 2:0 і занялі першае месца ў групе.
У паўфінале наша каманда сустракалася з саперніцамі з Брэстчыны.
— Дзяўчаты пастараліся, выкладваліся па поўнай і перамаглі 2:0, — дзеліцца Юрый Шукела. — Яны вельмі радаваліся і самі не верылі, што выйшлі ў фінал. У апошні дзень у гульні за першае месца змагаліся з вельмі моцнай камандай Магілёўскай вобласці. Прайгралі першую партыю. Другую выйгралі ва ўпартай барацьбе, але ў апошняй саступілі 11:15. У выніку занялі другое месца. Узнагародзілі іх граматамі і медалямі.
— У пачатку турніру якую задачу ставілі перад камандай?
— Хацелі трапіць у тройку, і гэту задачу нават перавыканалі. Крыху не хапіла да першага месца. Хачу шчыра падзякаваць дырэктару фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэю Русаку. Ён і каманду дапамагаў трэніраваць, і зборы праводзілі на базе ўстановы.
У фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў за Мядзельскі раён гулялі навучэнкі Свірскага ВПК і Нарацкай СШ №2: Бажэна Мінчанкова, Саша Лагоўнік, Даша Владыка, Дзіяна Бабіч, Даша Матняк, Ангеліна Лукашэвіч, Лізавета Буйко, Анастасія Блізнюк. У фінале абласной спартакіяды ў складзе каманды была яшчэ Даша Сімановіч.
— Ганаруся імі. Дзяўчаты прыслухоўваліся да парад, выконвалі сваю работу на ўсе 100 працэнтаў. У Баранавічах іх віншавалі, пыталіся, адкуль прыехалі. І здзіўляліся, што ў нашай камандзе шмат дзяўчат з такой не вельмі вялікай установы адукацыі, як Свірская, — дадае на развітанне Юрый Шукела.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: уладальніца другога месца рэспубліканскіх спаборніцтваў — каманда Мядзельскага раёна разам з Юрыем Шукелам.



16 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька 0-178 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела