І надвор’е спрыяе хлебаробам

НЯДАЎНА наведаўся ў акцыянернае таварыства «Будслаўскае». Вядома ж, найважнейшая зараз тэма — пасяўная. Пацікавіўся ў выконваючага абавязкі
галоўнага агранома Франца Томкавіча, як праходзіць у гаспадарцы сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых культур.
— У цэлым, лічу, справа арганізавана нядрэнна, — кажа Франц Мечыслававіч. — Тэхніка ў асноўным не падводзіць, хапае паліва. А тое, што гэта адказная сельскагаспадарчая кампанія пачалася сёлета значна раней у параўнанне з папярэднімі гадамі, наадварот, дазваляе пазбавіцца спешкі. А значыць, выканаць работу ў полі больш якасна. Але і марудзіць нельга. Вясной упусціш дзень-
другі — восенню недаатрымаеш дзясяткі, а можа, і сотні тон хлеба. Гэта добра разумеюць нашы хлебаробы, таму і імкнуцца як мага эфектыўней выкарыстоўваць тэхніку.
— Што паспелі ўжо зрабіць на веснавым палетку? — цікаўлюся.
— Клопатаў хоць адбаўляй. Яравы клін у нас складае 500 гектараў, — адказвае Франц Томкавіч. — 300 з іх зойме ячмень, 100 — зернебабовыя культуры, 60 — авёс і 40 гектараў — трыцікале. Фактычна поўнасцю пасеялі авёс, трыцікале і зернебабовыя культуры. Заканчваем сяўбу ячменю. Гэта заслуга многіх механізатараў гаспадаркі. Фронт работы пасяўным агрэгатам стваралі Юрый Канопскі, Франц Грыневіч і Аляксандр Ломскі, за якімі замацаваны трактары «МТЗ» з чызельнымі культыватарамі. Хлопцы працуюць нядрэнна. Дзякуй ім за старанне.
— Каму даручылі выконваць самую галоўную справу — сеяць яравыя культуры? — пытаюся.
— Малады, але вельмі старанны і талковы хлебароб Міхаіл Крамок, за якім замацаваны трактар «МТЗ-3022» з сеялкай
«АПП-4», — чую ў адказ.
Аграном расказаў, што бацька Міхаіла Валерый Крамок — знакаміты ў гаспадарцы механізатар. Любую даручаную справу заўсёды выконваў шчыра і якасна. Па слядах бацькі пайшоў і сын. Міхаіл пэўны час працаваў у ТАА «Нарачанская Ніва 2004». Але потым вярнуўся ў родную гаспадарку і значыцца ў ліку лепшых хлебаробаў.
— А яшчэ на сяўбе рупіцца Юрый Кузняцоў, які кіруе трактарам «МТЗ-1221» з сеялкай
«СПУ-6». Гэты вопытны хлебароб таксама браку ў рабоце не дапускае. Яно і зразумела, напартачыш зараз — восенню будзеш расхлёбваць. Пачынаючы з 1984 года кожнае жніво не абыходзіцца без Юрыя Аляксеевіча. Ён штогод у нас у лідарах. Ды і Міхаіл таксама адзін з лепшых камбайнераў гаспадар-
кі, — дадае Франц Мечыслававіч. — А зрэшты, давайце з’ездзім ва ўрочышча Асіннік, там сёння сеем ячмень, самі ўбачыце, як працуюць хлопцы…
І вось мы ў названым урочышчы. Здалёку заўважылі на полі тэхніку. Чызельным культыватарам рыхтаваў плошчы да сяўбы механізатар Аляксандр Ломскі. А на ўскрайку поля стаяў Казімір Цівунчык.
— У нас не хапае механізатараў. Казімір на пенсіі. Папрасілі яго. Не адмовіўся дапамагчы гаспадарцы, якой аддаў лепшыя гады свайго жыцця. Менавіта ён спраўна падвозіць пасяўны матэрыял. Стараецца, каб у такі гарачы час сейбіты не прастойвалі, — патлумачыў аграном.
— А хто там удалечыні на «МТЗ» працуе? — пытаюся.
— Гэта Яўген Алесенка. Ён заняты падборам камення, — адказвае Франц Мечыслававіч. — Работы зараз усім хапае…
Ён паведаміў, што пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры палеткі ўзаралі з восені. А вось пад кукурузу, якой у гаспадарцы плануюць пасеяць на плошчы 700 гектараў, — цяпер.
— Ёсць адпаведная дамоўленасць з Пухавіцкім камбінатам на набыццё насення кукурузы. А зараз вывозім арганіку. На яе пагрузцы заняты Валерый Малафей, а на ўнясенні — Уладзімір Нарэйка. Толькі пасля гэтага ўключае ў работу замацаваны трактар у агрэгаце з плугамі Аляксей Фірага, — тлумачыць аграном.
— Як перазімавалі азімыя культуры? — цікаўлюся.
— У цэлым — нядрэнна. На плошчы 950 гектараў іх падкармілі азотнымі ўгнаеннямі. Гэту справу шматфункцыянальным агрэгатам «Раса» выканаў Дзмітрый Белашыцкі. Ён працуе ў камунальнай гаспадарцы, а ў час пасяўной дапамагае хлебаробам, — чую ў адказ.
Папытаўся ў агранома, як арганізавана гарачае харчаванне сейбітаў. Бо гэта, як вядома, таксама адзін з важных складнікаў пасяўной.
— Абавязкова кормім хлебаробаў, — адказвае Франц Томкавіч. — Абеды дастаўляем механізатарам проста на поле. Нараканняў на смак і якасць страў з іх боку няма. Запраўка тэхнікі гаруча-змазачнымі матэрыяламі праходзіць хутка і аператыўна. Словам, у гаспадарцы ўсё падпарадкавана аднаму — пасеяць яравыя культуры хутка і якасна.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



15 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 на Блакітных азёрах        Касцёл у Мядзеле  0-178

Пабрацімы Мядзела