«Камбайны» і саўкі не забаронены

СУСЕДКА казала, што сёлета можна будзе збіраць ягады з выкарыстаннем саўкоў і не баяцца штрафаў. Ці праўда?
З тэлефоннага званка ў рэдакцыю.
На гэта пытанне адказвае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алена ФЁДАРАВА:
— 29 сакавіка бягучага года ўступіла ў сілу Пастанова Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь «Аб зборы дзікарослых ягад». Гэты дакумент зацвердзіў інструкцыю пра спосабы і прыстасаванні для збору і нарыхтоўкі дзікарослых ягад у лясным фондзе. Збіраць ягады дазваляецца ўручную або пры дапамозе ручных прыстасаванняў («камбайнаў», саўкоў) на дазволеных лясных тэрыторыях. Да нядаўняга часу выкарыстанне розных прыстасаванняў для збору ягад з’яўлялася незаконным, паколькі не было дакладна ўстаноўленых патрабаванняў да такіх прылад. З прыняццем пастановы Мінлясгаса і інструкцыі гэты прабел ліквідаваны: у дакуменце змешчаны патрабаванні да прыстасаванняў для збору дзікарослых ягад, якія не наносяць шкоду ягаднікам і не прыводзяць да іх знішчэння.
У пункце 7 пастановы напісана, што прыстасаванне для збору дзікарослых ягад складаецца з зубоў, ёмістасці-накапляльніка, ручкі для трымання і адпавядае наступным патрабаванням: адлегласць паміж зубамі — не меней за 0,5 сантыметра, корпус прыстасавання і зубы вырабляюцца з пластмасы, металу, драўніны, гумы ці іх камбінацыі. У прыстасаваннях адсутнічаюць рэжучыя краі ў зоне зрывання ягад. Гэтыя патрабаванні распрацаваны з мэтай недапушчэння пашкоджання раслін, а патрабаванні да матэрыялаў, з якіх зроблены прыстасаванні, былі ўсталяваны зыходзячы з вопыту іншых краін і магчымасцей вытворцаў. У інструкцыі таксама гаворыцца, што пры зборы чарніц і буякоў прыстасаванне варта накіроўваць пад вуглом да верхняй часткі куста, прытрымліваць парасткі свабоднай рукой, пазбягаць пападання ў грабянец тоўстай ніжняй часткі парасткаў. Пры зборы журавін “камбайн” неабходна накіроўваць па паверхні моху і парасткаў расліны. Акрамя таго, рэкамендуецца весці збор толькі спелых ягад у перыяд іх масавага паспявання ў сухое надвор’е, пасля сходу расы, паколькі гэта змяншае верагоднасць абрыву лісця.
Прынятая пастанова будзе спрыяць стварэнню дадатковых умоў для павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі дзікарослых ягад у краіне, эфектыўнаму выкарыстанню лясной прадукцыі. Збіраць ягады па новых правілах можна будзе ўжо сёлета. Тэрміны збору традыцыйна ўстанаўліваюць абласныя выканаўчыя камітэты з улікам мясцовых умоў.

Падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

 



11 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 0-170 Рэчка Нарачанка        возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела