Яравыя збожжавыя пасеяны!

ВЕСНАВЫХ клопатаў у хлебаробаў ААТ «Сваткі» многа, але ім не прывыкаць усе работы весці адначасова, у комплексе. Да гэтага рыхтаваліся зімой: рамантавалі тэхніку, прычапныя і навясныя агрэгаты. І як толькі з’явілася магчымасць выхаду на яравы клін, без прамаруджвання скарысталіся ёй.
Галоўнага агранома таварыства Тамару Мінчук сустрэлі на палетку ля вёскі Андрэйкі. Яна расказала, што да веснавой кампаніі рыхтаваліся грунтоўна. Вялікую ўвагу надалі падрыхтоўцы пасяўнога матэрыялу. Пастараліся таксама механізатары, спецыялісты інжынернай службы, якія адрамантавалі адпаведным чынам тэхніку. Аднак тэхніка тэхнікай, а галоўнае — людзі, іх руплівасць, строгае захаванне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Кадры дакладна разумеюць важнасць і адказнасць пастаўленай задачы. Таму і веснавы дзень імкнуцца выкарыстоўваць найбольш эфектыўна.
— Вы ў ліку першых у раёне выканалі план сяўбы ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Раскажыце крыху пра гэта, — прашу Тамару Уладзіміраўну.
— 520 гектараў — такі план сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы. Фактычна мы пасеялі 564 гектары.

У тым ліку 270 гектараў ячменю, 130 — пшаніцы, 64 — аўса, 60 — зернебабовых і 40 гектараў трыцікале, — расказвае аграном. — За гэтымі лічбамі стаіць напружаная праца людзей. Найбольш пасеяў вопытны хлебароб Сяргей Звяруга, за якім замацаваны трактар «Фэндт». Усяго на яравым палетку працуюць чатыры пасяўныя агрэгаты. Ігар Янэль кіруе трактарам «Беларус-3022» у агрэгаце з сеялкай «АПП-6». А вось на трактары «МТЗ-826» з сеялкай «СЗУ-3,6» завіхаецца Віктар Сівіцкі. А яшчэ Мікалай Тайбічакаў на трактары «МТЗ-82» зараз сее травы за вёскай Ельніца. Там жа працуе і Сяргей Звяруга.
— А хто вызначаецца на падрыхтоўцы глебы? — пытаюся.
— Вунь бачыце два трактары «МТЗ-3022» з дыскатарамі? — Тамара Уладзіміраўна паказвае рукой удалячынь. — Імі кіруюць Сяргей Герасімовіч і Мікалай Субач. Хлопцы надзейныя, не падводзяць. Скажу шчыра, у нас дружны, згуртаваны калектыў механізатараў. Ніхто не лайдачыць. Людзі з адказнасцю адносяцца да даручанай справы…
На хвілінку на ўскрайку поля спыняем сейбіта.
— Як працуецца? — пытаюся.
— Добра. Прастойваць не даводзіцца, — адказвае Ігар Янэль. — Плошча пад сяўбу падрыхтавана нядрэнна, нават каменне вунь, бачыце, збіраюць. Гэта механізатар Валерый Драздовіч і рабочыя гаспадаркі стараюцца. Няма затрымкі з дастаўкай і загрузкай насення. Ігар Аўрэйцавіч ведае сваю справу.
— А што вы тут сееце?
— Трыцікале, — чую ў адказ.
Мы не сталі доўга затрымліваць руплівага хлебароба, пажадалі яму поспехаў і развіталіся, зрабіўшы фотаздымак.
Едзем у бок вёскі Ельніца, дзе працуе лепшы сейбіт таварыства Сяргей Звяруга. Па дарозе на палетку азімага рапсу бачым: стаіць агрэгат «Раса».

— Мо, сапсавалася тэхніка? — пытаюся ў Пятра Скурко.
— Не, чакаю. Ігар Багуцкі павінен падвезці мінеральныя ўгнаенні. А вунь ён едзе. Гэта другая падкормка рапсу. А так працаваў на падкормцы азімых збожжавых культур, уносіў тукі пад асноўную сяўбу. Словам, клопатаў хапае, — усміхаецца механізатар.
І вось мы на тарфяніку за Ельніцай. Тут на падрыхтоўцы глебы працуе Уладзімір Швайкоўскі. А следам ідзе магутны «Фэндт» з пасяўным агрэгатам. Гэтай тэхнікай кіруе Сяргей Звяруга.
— Мо, рана сёлета сяўбу распачалі? — пытаюся.
— Думаю, што не. Глеба перасыхае. Няма дажджу, — адказвае хлебароб.
— А хто вунь там завіхаецца? — паказваю на другую клетку.
— Мікалай Тайбічакаў. Ён сее цімафееўку, — тлумачыць Сяргей.
— Вы цэлы дзень на полі. А як вырашана пытанне з харчаваннем?
— Нам прывозяць гарачыя абеды непасрэдна ў поле, — чую ў адказ. — Гэта пытанне ў нас вырашаецца з году ў год добра. Дзякуй кіраўніцтву таварыства за клопат.

***

ПАСПЯХОВА справіліся з сяўбой яравых збожжавых і зернебабовых культур механізатары дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Нарачанскі». Насенне легла ў добра падрыхтаваную і запраўленую мінеральнымі ўгнаеннямі ў адпаведнасці з тэхналагічнымі нарматывамі глебу. Начальнік сельскагаспадарчай вытворчасці Мікалай Мягкоў патлумачыў, што сяўбу правялі хутка і якасна.
— Як і планавалася, пасеялі авёс на плошчы 10 гектараў, 70 — ячменю і 40 гектараў зернебабовых. Пераважную большасць плошчаў засеяў руплівы механізатар Ян Губскі. У яго трактар «МТЗ-82» з сеялкай «СЗ-3,6». Прыцягвалі да гэтай справы і механізатара Аляксандра Казлова. Ён уключаўся ў работы пасля таго, як накорміць жывёлу на ферме «Брылі». А днямі падчапіў сеялку і Сяргей Жогла. Таму сёння на сяўбе завіхаюцца Губскі і Жогла, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Зараз сеем аднагадовыя культуры за вёскай Чараўкі. Работы механізатарам хапае. Падкармілі калійнымі ўгнаеннямі шматгадовыя травы, а зараз распачалі падкормку азотнымі.
Разам з Мікалаем Мягковым едзем да сейбітаў. Безумоўна, працаваць ім не проста. Палеткі, а дакладней — кавалачкі зямлі на ўзгорках і лагчынах, раскіданы між кустоўя. Самастойна і знайсці іх было б складана.
— Як працуецца? — цікаўлюся.
— Добра. Тэхніка не падводзіць, хапае паліва, насенне падвозяць своечасова, веснавую сяўбу заканчваем, — дружна адказваюць механізатары.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



11 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 возера Глубелька     Паруснікі                          _06-040

Пабрацімы Мядзела