Аграном па прафесіі — жывёлавод па прызванні

МЯДЗЕЛЬШЧЫНА багатая на цікавых, добрых людзей. Сярод іх — Ядвіга Багусевіч, якая вось ужо 40 год працуе ў сельскай гаспадарцы. Мая суразмоўца — прыемная жанчына, якая ўважліва, спакойна распавядае пра сваю працу, жыццё. Адразу выклікае прыхільнасць да сябе. Вочы ў яе добрыя, адкрытыя. Бачна, што жанчына не любіць хлусіць, упрыгожваць жыццёвыя абставіны, распавядае так, як ўсё было на самай справе.
Нарадзілася і вырасла Ядвіга ў вёсцы Жырмуны, што на Гродзеншчыне. Пасля школы паступіла ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе набыла спецыяльнасць агранома.
— А чаму менавіта за агранома вырашылі вучыцца? — цікаўлюся ў Ядвігі Чаславаўны.
— У нас была эксперыментальная база «Кастрычнік». Там вырошчвалі розныя сельскагаспадарчыя культуры, прычым розных сартоў. І мы, школьнікі, з ахвотай хадзілі туды працаваць: палолі, даглядалі расліны. Усімі работамі кіравалі аграномы. І мне так спадабалася гэта прафесія, заўсёды на свежым паветры, што пасля школы без ваганняў паступіла ў тэхнікум, — расказвае суразмоўца.
— А як трапілі на Мядзельшчыну? — пытаюся.
— Па размеркаванні. Пасля тэхнікума накіравалі мяне сюды працаваць. У тагачасным калгасе «40 год Кастрычніка» прапанавалі пасаду агранома-хіміка. Было гэта ў 1979 годзе. Скажу шчыра, адразу плакала. Куды я трапіла?! У нас там шматпавярховая школа, прыгожы Дом культуры… А тут нават вуліца не заасфальтавана. Гумовыя боты — асноўны абутак, — усміхаецца жанчына. — Праўда, тады і ў Лотве было шмат моладзі, ды і шэфы з Мінска рэгулярна прыязджалі. Мы ладзілі вечарынкі, агеньчыкі. Жылі весела, цікава. Галоўнае — тут сустрэла сваё каханне…
— Ведаеце, ёй заўсёды падабаліся хлопцы ў вайсковай форме ці з бародкамі. Вось і знайшла сабе барадатага кавалера, — дапаўняе кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Лотва» ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга» Марына Сіўчак, якая прысутнічала пры нашай размове.
— Гэта праўда. Пазнаёмілася з Уладзімірам. Ён працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў школе. Пасябравалі. А неўзабаве і вяселле згулялі, — пацвярджае Ядвіга Чаславаўна. — Жылі мы някепска. Выгадавалі дачушку Алену, якая зараз жыве і працуе настаўніцай ў Гродне. У яе свая сям’я, дзеці: Аня і Ваня. Сын Дзмітрый таксама закончыў педагагічны ўніверсітэт. У яго сям’і падрастае сынок Цімафей. Шкада, што Уладзіміра дзесяць гадоў таму не стала, не можа палюбавацца ўнукамі…
Але зноў размову пераводзім на працу. Скарацілі ў калгасе пасаду агранома-хіміка. Ядвіга часова засталася без справы. Але ненадоўга. Праз дзень-другі ёй прапанавалі ўзначаліць калектыў паштовага аддзялення ў Лотве, бо загадчыца пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Два гады працавала Ядвіга на новай пасадзе. Ды зноў папрасілі вярнуцца ў калгас аграномам-насенняводам. Згадзілася. Але наступілі не лепшыя дзевяностыя гады. У гаспадарках скарачаліся пасады многіх спецыялістаў. Не з’явіўся выключэннем і калгас «40 год Кастрычніка».
— Працавала загадчыцай гаспадаркі, развозіла хлебаробам абеды ў час масавых сельскагаспадарчых кампаній, — кажа Ядвіга Чаславаўна. — Ведаеце, да любой работы патрэбна адносіцца добрасумленна, з адказнасцю, якую б пасаду ні займаў. Такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваюся.
За старанне і бездакорнае выкананне службовых абавязкаў Ядвігу Багусевіч не раз заахвочвалі маральна і матэрыяльна. Цэлы стос грамат, падзяк рознага ўзроўню (калгасных, раённых, абласных) ёсць у жанчыны. Асабліва шмат узнагарод за працу ў жывёлагадоўлі. У 1994 годзе яна ўзначаліла калектыў фермы «Лотва». І пасля далучэння гаспадаркі да ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга» шчыра працавала загадчыцай. Толькі хвароба, як кажуць, выбіла з каляіны…
— Але, дзякуй Богу, паправілася. Думала, буду дома сядзець, застануся без справы. Аднак запрасілі зноў на працу. Прапанавалі пасаду лабаранта на ферму «Лотва». Згадзілася. Так і працую. Клопатаў хапае. Аднак не люблю скардзіцца на цяжкасці, — кажа суразмоўца. — Узялася за справу — выконвай яе добрасумленна. Ведаеце, вельмі люблю жывёлу. Мы раней з мужам трымалі немалую ўласную гаспадарку. Былі дзве каровы, свінні, куры. Зараз не, толькі сабака адзін…
Вось так аграном па прафесіі стала жывёлаводам па прызванні.
— Што вы можаце сказаць пра Чаславаўну? — пацікавіўся ў Марыны Сіўчак.
— Гэта шчыры, дысцыплінаваны, адказны работнік. Яна ніколі не падвядзе. А яшчэ Ядвіга сапраўдны сябар, — чую ў адказ. — Паважаюць яе кіраўніцтва таварыства, калегі.
Застаецца дадаць, што ўчора Ядвіга Чаславаўна адзначыла свой шасцідзесяцігадовы юбілей. З гэтай нагоды яна прымала шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні ад кіраўніцтва таварыства, родных і блізкіх, сяброў і знаёмых. Мы таксама далучаемся да тых цёплых слоў, якія былі выказаны ў адрас гэтай сціплай жанчыны, для якой Мядзельшчына, Лотва сталі другой радзімай. Няхай на жыццёвым шляху Ядвігі Багусевіч будзе толькі роўна і светла.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



10 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  на Блакітных азёрах            Паруснікі                          Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела