Да перамогі прывёў “Майскі фэст”

ПРАЦЯГВАЕМ расказваць пра пераможцаў раённага этапа конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2018”. Сёння мой
суразмоўца — васьмікласнік з гімназіі-інтэрната горада Мядзела Уладзіслаў САМКО. Ён названы найлепшым у намінацыі “Творчая дзейнасць”.
— Уладзіслаў, якія дасягненні ты меў на момант удзелу ў конкурсе?
— Самае значнае — трэцяе месца па вобласці за вакальнае выступленне на творчым конкурсе “Майскі фэст”. Мяркую, дзякуючы гэтаму і стаў “Вучнем года”. Ёсць таксама ўзнагароды раённага ўзроўню: па выніках аглядаў мастацкай самадзейнасці і алімпіяды па правілах дарожнага руху. Ну і граматы навучальнай установы: за поспехі ў вучобе і актыўны ўдзел у жыцці гімназіі.
— А як вырашыў паспрабаваць сябе ў “Вучні года”?
— Класны кіраўнік Алена Віктараўна Самуленкава паведаміла, што будзе такі конкурс, і прапанавала выбраць намінацыю: творчая або грамадская дзейнасць. Спыніўся на першай. Пачалі рыхтавацца да прэзентацыі: тэксты песень складалі, словы мне рыхтавалі, рэпеціравалі. Ну і партфоліа сабралі. Дапамагалі класны кіраўнік і настаўніца беларускай мовы Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая. На сцэну са мной выйшлі Мікіта Балюк і Лера Шабовіч.
— Быў упэўнены ў перамозе?
— Не. Вельмі моцныя трапіліся канкурэнты, асабліва адна дзяўчына добра спявала. Толькі калі яе выклікалі на сцэну для ўручэння дыплома ўдзельніка, зразумеў, што перамог. Потым тыя, хто быў у зале, казалі, што і я нядрэнна выступіў.
— Спяваеш ты сапраўды добра. Спадчынныя здольнасці ці без школы мастацтваў усё ж не абышлося?
— Я не вучыўся ў школе мастацтваў. Ва ўзросце, у якім туды звычайна запісваюцца, лічыў яе заняткам для дзяўчынак. Спяваць пачаў толькі пазалетась: Марына Іванаўна Януковіч займаецца з намі вакалам у шосты школьны дзень. А калі пра спадчыннасць… Многія сваякі па татавай лініі сапраўды мелі дачыненне да музыкі. Прадзядуля граў на баяне (гэты інструмент цяпер знаходзіцца ў Капыльскім краязнаўчым музеі), а прабабуля спявала. Ды і бабуля, Ніна Мікалаеўна Самко, добра спявае, перш таксама на сцэне выступала. А татаў брат нават закончыў музычны каледж, іграў ва Узорна-паказальным аркестры пагранічных войскаў.
— А ты ці хочаш прафесійна займацца музыкай?
— Не. Збіраюся атрымліваць юрыдычную адукацыю. У мяне нават на тэлефоне ёсць Крымінальны кодэкс і Закон аб міліцыі. Мару быць хутчэй пракурорам, чым адвакатам. Бо, па-першае, адвакату даводзіцца абараняць іншы раз вінаватых людзей, злачынцаў. А па-другое, вельмі падабаецца пракурорская форма. Для паступлення на юрыдычны факультэт спатрэбяцца высокія балы, таму стараюся добра вучыцца.
— Маеш на гэты конт нейкія сакрэты?
— Галоўнае — быць уважлівым і, калі нешта не зразумеў, адразу пытацца ў настаўніка. Урокі раблю прыкладна дзве гадзіны, калі трэба вывучыць верш на памяць — крыху даўжэй. Заданні па матэматыцы і фізіцы спачатку выконваю ў чарнавіку, астатнія адразу пішу ў сшытак. Любімыя прадметы — абедзве літаратуры, алгебра і працоўнае навучанне.
— Чым любіш займацца ў вольны час?
— Збіраць “Лега”, складаць пазлы, маляваць, чытаць кнігі і глядзець фільмы “фэнтэзі”. Наведваю заняткі аб’яднання па інтарэсах “Спробы пяра”. У кнізе, якую аб’яднанне выдала летась, ёсць і мой верш. А яшчэ з сябрам Аляксандрам Місунам мы напісалі невялічкую п’есу-казку пра Яноціка. Пры дзіцячай бібліятэцы працуе лялечны тэатр, і там ёсць лялька, не задзейнічаная ні ў адным спектаклі — Яноцік. Нам стала яго шкада, вось і напісалі п’есу. Спектакль паказалі летась у Дзень абароны дзяцей. Усім спадабалася, нават прасілі прыдумаць працяг.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



05 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Лебедзі на Нарачы лебедзі на Мястры на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела