Паштальён са стажам

У паштовай сувязі Наталля Казлоўская
працуе звыш 25 год. Адразу была паштальёнам у Слабадзе. А зараз
разносіць газеты, пісьмы па вуліцах аграгарадка Нарач.
— Наша праца не такая ўжо і лёгкая, — апавядае жанчына. — У любое надвор’е з сумкай, перапоўненай перыядычнымі выданнямі, а цяпер яшчэ і рознымі таварамі, даводзіцца спяшацца да людзей. Памятаю, калі пачынала працаваць у аддзяленні паштовай сувязі Слабада, шмат было пісем. Ды і газет прыходзіла нямала. Я тады абслугоўвала вёскі Канстанцінава, Янушова, Зыкава, Жуціна, Слабодку. Такога выпадку, каб камусьці не данесла газету ці часопіс, не было. Ці позна вечарам, ці ранюсенька раніцай дастаўляла карэспандэнцыю адрасатам, а газеты з часопісамі — падпісчыкам.
— А як апынуліся ў аграгарадку Нарач? — цікаўлюся.
— Сталі падрастаць дзеці, вось і прынялі мы з мужам рашэнне перабрацца ў перспектыўную вёску Нарач, — тлумачыць Наталля Юльянаўна. — Усё, што трэба для нармальнага жыцця, там было: сярэдняя школа, дзіцячы садок, сельсавет, пошта, магазіны, бібліятэка, Дом культуры, музычная школа… Імпанавалі і выдатныя транспартныя зносіны. Побач — курортная зона. Таму няма праблем з працай. За кошт новабудоўляў Нарач разрастаецца. І мы купілі тут дом, уладкаваліся, чым задаволены і самі, і нашы дзеці.
— Значыць, і на новым месцы жыхарства вы засталіся вернай прафесіі паштальёна. Не шкадуеце? — пытаюся.
— Ніколькі — чую ў адказ. — Мне вельмі падабаецца гэта работа. Яна з людзьмі і для людзей.
— Колькі працуеце ўжо ў Нарачы?
— Чатырнаццаць гадоў. Гэта не так і мала. Абслугоўваю некалькі вуліц аграгарадка, — расказвае жанчына. — Участак у мяне добры. Тут шмат жыве актыўных падпісчыкаў. Некаторыя выпісваюць рэспубліканскія газеты. Карыстаецца попытам у насельніцтва і “Нарачанская зара”. 130 экзэмпляраў яе нашу падпісчыкам. Мала хто выпісвае газету на месяц. Пераважная большасць — на квартал, некаторыя — на паўгода. Многім падабаецца, што ёсць ільготная падпіска. Мне і самой вельмі па душы раённае перыядычнае выданне. З усіх газет першай чытаю “Нарачанку”. Яна ж нясе нам мясцовыя навіны, расказвае пра справы працоўных калектываў, пра харошых людзей. Гэта ж так цікава!
Мая суразмоўца паведаміла, што яе сям’я прыжылася ў аграгарадку. Тут усё задавальняе. Закончылі школу дачушкі, падрос і сын. Старэйшая Вольга працуе ў санаторыі “Нарачанскі бераг” начальнікам аддзела маркетынгу. Сярэдняя Яна — студэнтка. Вучыцца за ўрача ў Гродзенскім медуніверсітэце. А самы малодшы Лёша — дзевяцікласнік. Ён — галоўны памочнік матулі з татам. Муж Аляксандр — па-ранейшаму вадзіцель. Толькі не ў калгасе, як раней, а ў Нацыянальным парку “Нарачанскі”.
Даведалася таксама, што іх
сям’я на добрым рахунку ў аграгарадку. Паважаюць людзі і Наталлю Юльянаўну, і Аляксандра Віктаравіча. За руплівасць і добразычлівасць. А яшчэ за тое, што яны харошых дзяцей выхавалі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



04 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   0-170 Лебедзі на Нарачы wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела