Пілотны праект па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў

У нашай краіне здароўю і
дэмаграфічнай бяспецы насельніцтва ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага. Распрацаваны дзяржаўныя
праграмы па зніжэнні захворванняў і смяротнасці грамадзян. Сярод многіх задач, над якімі плённа працуюць у названым накірунку медыкі, і прафілактыка
неінфекцыйных захворванняў.
Пра яе гутарым з намеснікам
галоўнага ўрача Мядзельскай ЦРБ Святланай БАРОЎКАЙ:
— Пачну з таго, што прагрэс свету ў цэлым забяспечваецца ўстойлівым развіццём кожнай дзяржавы асобна. Нездарма Генеральная Асамблея ААН пры разглядзе гэтага актуальнага пытання ў верасні 2015 года зацвердзіла 17 Мэт
устойлівага развіцця і 169 падпарадкаваных ім задач на перыяд да 2030 года. Акрамя таго, было прынята рашэнне пра неабходнасць адсочвання іх дасягнення пры дапамозе глабальных і нацыянальных паказчыкаў.
— Напэўна, да рэалізацыі вызначаных Мэт устойлівага развіцця далучылася і Беларусь?
— Так. Задачы па паляпшэнні здароўя народа на аснове далейшага павышэння якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі ўсім слаям насельніцтва, узмацнення прафілактычнай накіраванасці пры шырокім уцягненні грамадзян у здаровы лад жыцця адлюстраваны ў Мэце №3: “Забеспячэнне здаровага ладу жыцця і садзейнічанне дабрабыту для ўсіх у любым узросце”. Невыпадкова адной з галоўных задач Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады” з’яўляецца зніжэнне захворванняў і смяротнасці за кошт фарміравання здаровага ладу жыцця.
— Святлана Міхайлаўна, як вы лічыце, чаму ў нашай рэспубліцы востра стаіць пытанне дэмаграфічнай бяспекі насельніцтва?
— Беларусь увайшла ў XXI стагоддзе з грузам праблем у грамадскім здароўі, а таксама з нарастаннем, як і ва ўсім свеце, тэхнагенных, сацыяльнаабумоўленых, паводзінскіх і біялагічных фактараў рызыкі, якія пагражаюць папуляцыйнаму здароўю. Захоўваецца мноства неінфекцыйных захворванняў, якія з’яўляюцца асноўнай прычынай смяротнасці насельніцтва (86%). Сур’ёзная сацыяльна-эканамічная праблема — гендарная розніца смяротнасці: мужчыны жывуць на 11 гадоў менш, чым жанчыны. Смяротнасць мужчын ва ўзросце 15-60 год у Беларусі ў 3-4,5 раза вышэйшая, чым у краінах Еўрапейскага Саюза.
— А як з названымі паказчыкамі ў нашым раёне?
— Узровень агульнай смяротнасці на Мядзельшчыне перавышае сярэдні паказчык па вобласці і рэспубліцы і складае 19,2% (па вобласці — 14,0%, па рэспубліцы — 12,6%). Акрамя таго, смяротнасць мужчын працаздольнага ўзросту на тэрыторыі раёна ў 5,6 раза вышэйшая, чым жанчын. Неінфекцыйныя захворванні з’яўляюцца галоўнай прычынай “звышсмяротнасці” мужчын працаздольнага ўзросту. У раёне адносна 2010 года на 27% павялічылася колькасць хвароб сістэмы кровазвароту: з 27,7% да 35,3%. Дарэчы, на долю іх у 2018 годзе прыпадае больш за 29,4% агульных і 16,1% першасных захворванняў, а таксама 47,8% усіх выпадкаў смерці насельніцтва. Расце колькасць анкалагічных хворых і хворых на цукровы дыябет.
— Якія фактары, на ваш погляд, адмоўна ўздзейнічаюць на стан здароўя чалавека?
— Згодна з праведзенымі STERS-даследаваннямі, больш за 40% насельніцтва маюць па тры і больш паводзінскіх фактараў, якія шкодзяць здароўю. Найперш, гэта штодзённае курэнне (32% насельніцтва вобласці курыць — самы вялікі паказчык па рэспубліцы). Да фактараў рызыкі адносяцца таксама недастатковае (менш за 5 порцый у дзень) спажыванне гародніны і садавіны, гіпадынамія, лішняя вага, павышаны артэрыяльны ціск.
— У сувязі з гэтым, як мне здаецца, і выходзіць на першае месца прафілактыка захворванняў.
— Так, прафілактыка з’яўляецца асноўнай мерай, накіраванай на ўхіленне прычын і ўмоў, якія выклікаюць распаўсюджванне хвароб. Акрамя таго, вялікае значэнне павінна пры гэтым надавацца і стварэнню здароўезберагальнага асяроддзя жыццядзейнасці, фарміраванню ў насельніцтва здаровага ладу жыцця.
— Лічыла і лічу, што любую хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Але адных намаганняў медыкаў мала, трэба, каб і людзі самі не былі абыякавымі да свайго здароўя.
— Згодна з вамі. Але спадзявацца на тое, што ўсе раптам павернуцца да свайго здароўя, не варта. Патрэбен час, каб змяніць псіхалогію чалавека. Мяркую, што нам дапаможа ў гэтым і пілотны праект па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў, выяўленні і карэкцыі фактараў рызыкі, кантролю ўзроўню артэрыяльнага ціску, узроўню цукру ў крыві, які ў бягучым годзе мы сумесна з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі рэалізоўваем у адной з буйнейшых арганізацый горада — УП “Мядзельская ЖКГ”. Ён будзе накіраваны на арганізацыю міжведамаснай прафілактычнай работы па ранняй дыягностыцы і своечасовым пачатку лячэння выяўленай хваробы, на павышэнне інфармаванасці і матывацыі працаздольнага насельніцтва па пытаннях прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў (сістэмы кровазвароту, анкалагічных, цукровага дыябету), вядзення здаровага ладу жыцця.
У рамках праекта будзе весціся міжведамасная прафілактычная работа, у аснове якой — цесныя партнёрскія адносіны, пабудаваныя на прынцыпах узаемапавагі і адказнасці за дасягненне мэт устойлівага развіцця, а галоўнае — павышэнне прэстыжнасці і каштоўнасці здароўя, захаванне і падтрыманне працаздольнасці і актыўнага даўгалецця. Важнейшая задача названага праекта — карэкцыя паводзін насельніцтва на карысць выбару здаровага ладу жыцця і зніжэнне ўплыву на здароўе паводзінскіх фактараў рызыкі, такіх, як курэнне, злоўжыванне алкаголем, нерацыянальнае харчаванне і нізкая фізічная актыўнасць.
— Напэўна, і мерапрыемствы па ажыццяўленні пілотнага праекта вызначаны?
— Сумесным загадам установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” і дзяржаўнай установы “Мядзельскі РЦГіЭ” зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі пілотнага праекта. Згодна з ім складзены графікі правядзення ў работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі шэрагу даследаванняў. У тым ліку лабараторных — вызначэнне ўзроўню глюкозы ў крыві, кроў на ПСА (прастат-спецыфічны антыген), анкамаркеры, СРБ (С-рэўматоідны бялок), дыягнастычных — ультрагукавое даследаванне сэрца, шчытападобнай, малочных залоз і гэтак далей, а таксама правядзенне ЭКГ, вымярэнне артэрыяльнага ціску, разлік масы цела. Акрамя таго, згодна з графікамі будуць арганізоўвацца кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў (кардыёлага, эндакрынолага, анколага, псіхатэрапеўта), а таксама заняткі з работнікамі прадпрыемства. Двойчы пройдзе анкетаванне членаў працоўнага калектыву з мэтай выяўлення паводзінскіх фактараў рызыкі, пачатковага і канчатковага ўзроўню ведаў аб хваробах неінфекцыйнага паходжання. Пасля таго, як прааналізуем атрыманыя даныя, пачнем індывідуальнае кансультаванне асоб, у якіх выяўлены фактары рызыкі. Вынікі пілотнага праекта падвядзём напрыканцы года, а аналітычны матэрыял з высновамі і прапановамі па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў накіруем у райвыканкам.
— Якіх вынікаў ад рэалізацыі названага праекта чакаеце?
— Па-першае, стварэння ў раёне сістэмы работы з суб’ектамі сацыяльна-эканамічнай дзейнасці па наступных раздзелах: прасоўванне этыкі здароўя як элемента агульнай культуры; рацыянальнае харчаванне; фарміраванне фізічнай культуры; прафілактыка залежнасцей; стварэнне ўмоў для распаўсюджвання тэхналогій індывідуальнага аздараўлення і самакантролю здароўя; інфармаванне органаў улады і зацікаўленых арганізацый пра вынікі пілотнага праекта для распрацоўкі здароўезберагальных мерапрыемстваў на раённым узроўні. Па-другое, ахоп работнікаў УП “Мядзельская ЖКГ” кансультацыйнымі, дыягнастычнымі і інфармацыйна-адукацыйнымі мерапрыемствамі, якія дазволяць актыўна выяўляць асоб з фактарамі рызыкі развіцця асноўных неінфекцыйных захворванняў і на ранніх стадыях хваробы, тых, каму патрэбна неадкладная медыцынская дапамога. Па-трэцяе, зніжэння паказчыкаў захворвання і смяротнасці ад асноўных неінфекцыйных хвароб асоб працаздольнага ўзросту.

Гутарыла
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



04 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Медыцына

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 84  возера Мястра  Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела