КРЫШТАЛЬНЫ ЗУБР ЗНОЎ “ПАЕХАЎ” У СВІР

ПА даўняй традыцыі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” напрыканцы сакавіка адбыўся чарговы рэспубліканскі конкурс паэтычнай творчасці “Юныя таленты Беларусі”. Сюды з’ехаліся здольныя падлеткі з розных устаноў адукацыі ўсіх абласцей і сталіцы краіны. Так ужо атрымалася, што ў пераважнай большасці — дзяўчаты. З дваццаці чатырох пераможцаў раённых, гарадскіх і абласных фестываляў паэтычнай творчасці, якія патрапілі ў “фінал”, — толькі чатыры хлопцы. Журы конкурсу ўзначальваў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. У яго таксама ўваходзілі вядомы на Беларусі пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат нацыянальнай прэміі краіны, галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня” Зіновій Прыгодзіч і аўтар гэтых радкоў. Сапернічалі юныя паэты ва ўтульнай канферэнц-зале Палаца дзіцячай творчасці цэнтра. Журы ацэньвала тэхніку верша — рытміку і рыфмоўку; змест — вобразнасць, навізну, яснасць і лагічнасць выказвання, глыбіню і актуальнасць; майстэрства дэкламацыі.

Варта дадаць, што ўдзельнікам конкурсу, арганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі нашай краіны, далі на выбар багаты пералік намінацый: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, грамадзянская, пейзажная, філасофская лірыка, вершы для дзяцей, пра жывёл. Аб тым, каб ён прайшоў на высокім узроўні, паклапаціліся дырэктар НДЦ “Зубраня”, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Ануфрыева і педагог-арганізатар цэнтра Таццяна Ярмошына. Парадавала таксама, што на свяце паэзіі такога ўзроўню быў годна прадстаўлены наш азёрны край: Лізавета Дубіна, Валерыя Паршута са Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа і Анастасія Вербіловіч з гімназіі-інтэрната горада Мядзела. А распачала выступленне вершам “Зіхацяць зоркі” Наталля Верас з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна…
На мой погляд, удала выступілі многія ўдзельнікі конкурсу. Шчырую цікавасць выклікалі вершы Дар’і Дзенісюк з народнай студыі “Спадчына” Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, Паліны Сачковай — Полацкая гімназія №2, Віялеты Лёгкавай — узорная школа паэзіі “Лотас” Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Вікторыі Свяцецкай — Дзятлаўская сярэдняя школа №1… Тым не менш, нашы зямлячкі набралі ў свой актыў больш плюсоў. Гэта прывабнае адрозненне заключалася ў тым, што дзяўчаткі чыталі творы на чыстай беларускай мове, у адрозненне ад многіх іншых — выразна і на памяць. Лізавета Дубіна нават падрыхтавала верш, прысвечаны юбілею дзіцячага цэнтра, які сёлета ў жніўні адзначыць сваё пяцідзесяцігоддзе: “Ля Нарачы прыгожай ёсць “Зубраня” лясное, такое сімпатычнае і вечна маладое…” Відаць, усё гэта ў комплексе і прывяло да таго, што журы аднагалосна аддало першае месца школьніцы з вёскі Засвір. Лізавеце Дубінай уручаны адзіны крыштальны зубр і дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, і сёлета вышэйшая ўзнагарода цудоўнага конкурсу адправілася ў Свірскую школу. У мінулым годзе на ім не было роўных таксама выхаванцы гэтай жа ўстановы адукацыі Паліне Малькевіч. Тут проста нельга не сказаць шчырых слоў удзячнасці таленавітаму педагогу школы Валянціне Пісарчык за грунтоўную падрыхтоўку сваіх выхаванцаў да такіх адказных выпрабаванняў. Зыходзячы з гэтага, Уладзімір Ліпскі выказаў меркаванне, што някепска было б у перспектыве фінальную частку творчага рэспубліканскага конкурсу правесці на базе Свірскай школы, дзе настолькі сур’ёзна працуюць з таленавітымі дзецьмі. Сур’ёзную заяўку на перамогу зрабілі таксама Валерыя Паршута і Анастасія Вербіловіч. Аднак іх на шляху да п’едэстала гонару прыпынілі невялічкія шурпатасці, якія пры жаданні нескладана ўхіліць да наступнага конкурсу. Тым больш, з такімі слаўнымі педагогамі!
Што датычыцца астатніх лідараў, то другое месца прысуджана Дар’і Парамонавай са сталічнай гімназіі
№ 21, два трэція — Паліне Казловай, навучэнцы Магілёўскай гарадской гімназіі №1, і выхаванцы Брэсцкай народнай студыі “Спадчына” Дар’і Дзенісюк. Ім таксама ўручаны дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. А ўсе астатнія ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу адзначаны дыпломамі лаўрэатаў НДЦ “Зубраня”. Падагульняючы вынікі, Уладзімір Ліпскі адзначыў важнасць стварэння аптымальных умоў для развіцця творчага патэнцыялу таленавітых дзяцей. Якраз тое, што робіцца на працягу многіх год у “Зубраняці”. Бадай, кожны чалавек нараджаецца з пэўнымі задаткамі, здольнасцямі. Галоўнае тут — развіць іх. А гэта даецца напружанай і мэтанакіраванай працай. Як саміх дзяцей, так і іх педагогаў. Звярнуў Уладзімір Сцяпанавіч увагу прысутных і на такую акалічнасць: чалавек можа размаўляць і на дзясятку моў, аднак з іх толькі адна — родная. І гэтага нельга забываць нікому. А Зіновій Прыгодзіч парэкамендаваў юным творцам больш увагі надаваць рыфме і рытму — аснове вершаскладання. Гэта, прывёў параўнанне Зіновій Кірылавіч, як узводзіць дом з цэглы. Калі адна цагліна вышэй, другая — ніжэй, то прыгожага жытла не атрымаецца, як і з дрэнных рыфмаў — добрага верша.
Цікавым падаўся і аповед Надзеі Ануфрыевай аб той вялікай рабоце, якая праводзіцца ў цэнтры па падтрымцы таленавітых дзяцей. Тут у пашане не толькі пачынаючыя паэты, але і будучыя фізікі, хімікі, эколагі, робататэхнікі, аматары фальклору, майстры прыкладной творчасці… Карыстаецца попытам вочна-завочная фізіка-матэматычная школа, якая дазваляе дзецям з глыбінкі атрымліваць грунтоўныя веды па гэтых прадметах і без усялякіх рэпетытараў упэўнена паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы альбо грунтоўна падрыхтавацца да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. Увогуле, штогод “Зубраня” прымае 16 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Як прагучала ў адным з вершаў: “З усіх куткоў планеты тут госці пабывалі”. І сапраўды, цэнтр наведваюць дзеці не толькі з Беларусі, але і Японіі, Кітая, Індыі, Сірыі… А пасля расказваюць на сваёй радзіме пра цудоўную беларускую краіну дзяцінства, пабываць у
якой — светлая мара ўсіх падлеткаў. Значыць, з юбілеем цэнтра нічога не заканчваецца, яму яшчэ жыць і жыць…

Павел ЖУКАЎ.



04 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 84 на Блакітных азёрах            Паруснікі

Пабрацімы Мядзела