Усё пачынаецца з кахання

Нядаўна ў Мядзельскім РЦК прайшоў раённы этап традыцыйнага конкурсу “Мнагадзетная сям’я года Міншчыны”. Пераможца будзе прадстаўляць наш сінявокі Нарачанскі край на занальным абласным мерапрыемстве.
Ініцыятарамі правядзення конкурсу выступілі ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённы савет
грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” пры актыўнай падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел
тры сям’і — са Сваткаўскага,
Княгінінскага і Нарацкага сельсаветаў.
Усіх прывітала вядучая Вікторыя Стэрнад, якая адкрыла мерапрыемства словамі верша Роберта Раждзественскага “Усё пачынаецца з кахання”. Яна пад апладысменты прысутных прадставіла членаў журы, старшынёй якога была начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Габрусенак.
Знаёмства з канкурсантамі пакінула вельмі цёплыя пачуцці. Было прыемна бачыць на сцэне закаханых, жыццярадасных матуль і татаў, іх шчырых, актыўных дзетак. З аграгарадка Княгінін прыехалі ў Мядзел Вапручковы. У іх сямёра дзяцей. Галава сям’і — Анатолій Аляксандравіч — працуе на чыгунцы манцёрам пуці. Ён — добры гаспадар. Любая справа спорыцца ў яго руках. На прысядзібным участку Вапручковых выключны парадак. Дагледжана і гаспадарка, дзе ёсць козы, свінні, трусы, куры… Мама — Святлана Юсуфжонаўна — цяпер знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Яна захапляецца шыццём і кветкаводствам. Жанчына сцвярджае, што муж — надзейная апора для іх сям’і, бо не толькі яе ва ўсім падтрымлівае, але змог стаць сапраўдным бацькам для дачкі і сына ад першага шлюбу. Старэйшая дачка Людміла вучыцца ў каледжы. У вольны час дапамагае матулі выхоўваць малодшых брата і сясцёр. Захапляецца ўсходнімі танцамі і вышываннем, займаецца выпечкай. Аляксей — шасцікласнік. Актыўны, уважлівы, неабыякавы, любіць спорт. Ён — першы памочнік бацькоў па гаспадарцы. Аляксандра, Анастасія і Варвара вучацца адпаведна ў першым, другім і трэцім класах Княгінінскай СШ. Яны спяваюць, танцуюць, наведваюць музычную школу па класе фартэпіяна, ствараюць вырабы з прыродных матэрыялаў. Самыя малодшыя — Сафія і Еўфрасіння — атулены любоўю і клопатам усіх членаў сям’і.

Вапручковы займаюцца будаўніцтвам новага дома. Каб усюды паспець, функцыі ў іх размеркаваны: тата сумяшчае гаспадарча-бытавыя абавязкі, ён жа і галоўны “фінансіст”, мама займаецца дочкамі і сынам, яна ж вызначае, як дзеці з дарослымі будуць бавіць вольны час. Адносіны паміж мужам і жонкай пабудаваны на каханні і даверы, абое вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю маральных якасцей сваіх родных крывінак.
Ляшковічы прадстаўлялі на конкурсе Нарацкі сельсавет, а жывуць яны ў курортным пасёлку Нарач. Галава сям’і — Дзмітрый Уладзіміравіч — мае вышэйшую адукацыю. Ён па спецыяльнасці эканаміст-менеджар, працуе начальнікам службы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі УП “Мядзельская ЖКГ”. Мама, Святлана Анатольеўна, працуе медыцынскай сястрой па фізіятэрапіі ў санаторыі “Белая Русь”. Не зважаючы на малады ўзрост, гэта цудоўная жанчына змагла рэалізаваць сябе і ў выбранай прафесіі, і ў сям’і. Святлана і Дзмітрый, як сцвярджаюць, пакахалі адзін аднаго з першага позірку. Пачалі сустракацца. А там і сям’ю стварылі, дзе зараз выхоўваецца трое дзяцей. Першынец Ягор — шасцікласнік. Гэта даволі самастойны малады чалавек. Старанна вучыцца, удзельнічае ў розных відах дзейнасці, у тым ліку працоўнай і эстэтычнай. Анастасія — трэцякласніца, мэтанакіраваная, актыўная, любіць спорт. Пра поспехі Марыі гаварыць пакуль рана, але з улікам таго, якія бацькі, брацік і сястрычка побач з ёй, можна не сумнявацца, што дзяўчынка таксама многага ў сваім жыцці зможа дасягнуць. Дзмітрый і Святлана пастаянна цікавяцца справамі дзяцей, знаходзяць час для сумеснага адпачынку: ходзяць у паходы, знаёмяцца з новымі гарадамі і цікавымі гістарычнымі мясцінамі.
Сям’я Маціных з Брусоў — неаднаразовы ўдзельнік такіх конкурсаў. Летась яна годна прадстаўляла раён на занальным этапе, які праходзіў у нас у Мядзеле. Галава сям’і, Аляксей Генадзьевіч, працуе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Ён дбайны гаспадар, добры муж і бацька, надзейная апора сваіх блізкіх ва ўсіх справах. Вераніка Чаславаўна — гардэробшчыца ў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Захапляецца кулінарыяй, шмат чытае, займаецца хатняй гаспадаркай. Ёй вельмі падабаецца збіраць грыбы і ягады. Жанчына пераканана: быць добрай мамай не складана, калі побач з дзецьмі знаходзіцца ўважлівы і клапатлівы тата. Маціны выхоўваюць траіх дзяцей. Сын Ілья актыўна займаецца мастацкай самадзейнасцю, любіць прыроду і асабліва жывёл. Паліна — незаменная ўдзельніца школьных канцэртаў, хораша спявае, танцуе. Старэйшыя дзеці дапамагаюць маме па гаспадарцы, глядзяць маленькую сястрычку Яну, якой не сядзіцца на месцы. Дзяўчынка расце актыўнай, рухавай, любіць спяваць, танцаваць. Па шчаслівых тварах, радасці ў вачах было бачна, што ў іх сям’і пануюць згода і ўзаемаразуменне, павага і любоў. Дзеці выхоўваюцца ў атмасферы пяшчоты і дабрыні.
Яны ва ўсім бяруць прыклад з дарослых. Маціны — людзі творчыя. Прыгожа спяваюць, ахвотна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. А яшчэ тата піша вершы. Гэта дружная, працавітая сям’я, якая і вольны час праводзіць разам: займаецца спортам, падарожнічае.
Працягам знаёмства з удзельнікамі мерапрыемства стаў конкурс “Радавод”, дзе патрэбна было прадставіць гісторыю сваёй сям’і, пачынаючы са знаёмства і заканчваючы звычаямі і традыцыямі. Прычым расказаць не толькі пра сябе, дзяцей, але і пра дзядоў, прадзедаў. І зрабіць гэта ў выглядзе невялікага відэафільма. Канкурсанты выдатна справіліся з заданнем. Цудоўны фільм атрымаўся ў Вапручковых. Было прыемна назіраць, як Аляксандр і Святлана, седзячы з дзецьмі за сталом, разглядалі сямейныя фотаздымкі і з пашанай успаміналі сваіх родных: прадзядулю, дзядулю, якія змагаліся з фашыстамі на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны, бацькоў, братоў, сясцёр. З якой любоўю дарослыя гаварылі пра захапленні сваіх дзяцей, а тыя, у сваю чаргу, — пра матулю з татам… Пачынаўся і заканчваўся відэафільм фрагментам, дзе на пярэднім плане быў запалены агонь — сімвал нязгаснага жыцця. Каб ён гарэў і не патух, яго патрэбна пастаянна падтрымліваць і берагчы. Так і ў сям’і: каб яна жыла, усім было побач цёпла і ўтульна, павінен гарэць агонь роднага ачага. І не толькі дома ў печцы, але найперш — у сэрцах.
Выдатным дапаўненнем да відэапрэзентацыі стаў расказ Ляшковічаў пра сваю сям’ю. Да месца быў верш Аляксандра Пушкіна «Я помню чудное мгновенье…», які чыталі муж і жонка. Паэтычныя радкі цудоўна адпавядалі працягу аповеду пра момант першай сустрэчы і зараджэнне кахання з першага позірку, пра стварэнне сям’і, нараджэнне сына-першынца і дзвюх слаўных дачушак.
Змястоўным атрымаўся расказ пра свае карані, басаногае маленства, родныя мясціны ў Маціных. Быў ён вершаваны, на беларускай мове. І гучаў так проста, але разам з тым шчыра і вельмі пранікнёна. Аўтар задушэўных радкоў — Аляксей. Не абмінуў увагай самадзейны паэт і сваё першае спатканне з будучай жонкай, шлюб, нараджэнне дзяцей, якія сталі найдаражэйшым скарбам і сэнсам жыцця. Кранальныя словы яскрава дапаўнялі кадры, паказаныя пра сям’ю на экране. Не адна я заслухалася і песняй пра любую Беларусь, якую прыгожа выканалі Аляксей і Вераніка.
Наступны конкурс называўся “Мая сям’я — мая краіна”. А гэта ўжо сацыяльна значны праект. Па яго ўмовах удзельнікі павінны былі выказаць сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, расказаць пра захапленні, поспехі і дасягненні з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі і сцэнічнага прадстаўлення. Ізноў усе справіліся з заданнем на “выдатна”. Праўда, кожны стараўся па-свойму. Але гэтая адметнасць якраз і спадабалася. Першымі выступалі Вапручковы. У вершаванай форме яны расказалі пра сябе, пра мары і надзеі, захапленні. Матуля з татам гаварылі, якія іх дзяўчынкі актыўныя. Яны — і пявунні, і танцоркі. І ў гэты ж самы момант, нібы ў доказ сказанага, Аляксандра заспявала песню пра ластаўку, якая ляціць на радзіму. Ды так прыгожа, задушэўна. Не ў адной мяне выклікаў захапленне яе чысты, высокі голас. А завяршылі дружныя Вапручковы сваё прадстаўленне песняй “Мы жадаем шчасця вам!”.
Ляшковічы таксама трапна расказалі пра сябе. Пачалі яны выступленне вершаванымі радкамі, у якіх распавядалася пра з’яўленне на зямлі сям’і. Паказалі ролю бацькоў у выхаванні дзяцей, сваю жыццёвую пазіцыю. Яны не без гонару канстатавалі, наколькі дружныя, шчырыя. Што ім вельмі-вельмі хочацца, каб іх паважалі навакольныя і заўсёды казалі: “Якая добрая ваша сям’я!”
Цікава расказалі пра сябе і Маціны, зноў-такі ў вершаванай форме. Аповед адпавядаў фотаздымкам, якія адлюстроўвалі
іх жыццё, працу, радасці, захапленні. Адно з якіх — знаёмства са славутымі мясцінамі, творчымі людзьмі. Адчувалася, што дарослыя і дзеці вельмі любяць родны край, ганарацца, што нарадзіліся і жывуць тут. Да месца ў прадстаўленні быў танец з вяночкамі і стужкамі, выкананы Веранікай з дачушкамі, а таксама верш, які прысвяціў сваёй малой радзіме Аляксей.
Шмат карыснай інфармацыі можна было атрымаць пра сем’ і на выставе, аформленай у фае раённага Цэнтра культуры. Там канкурсанты пастараліся паказаць сваё кулінарнае майстэрства, творчыя здольнасці. Стол ламаўся ад дамашніх прысмакаў у Маціных. Чаго там толькі не было — сала, мёд, сыр, пірагі… А яшчэ і арыгінальныя вырабы са стужак, якія з задавальненнем майструе Вераніка. Былі там і ўпрыгожанні для любых дзяўчынак. Ляшковічы, напрыклад, прывезлі з сабой малюнкі дзяцей, іх дыпломы. З апошніх і даведалася, што Ягор любіць суднамадэляванне і на конкурсе ў Слуцку заняў трэцяе месца. А Насця з задавальненнем займаецца каратэ. Багатая выстава атрымалася ў Вапручковых. Сярод вырабаў — розныя пано, лялькі з лёну, сурвэткі, вышыўкі, кулінарныя шэдэўры, слоікі з марынаванымі агуркамі, памідорамі, сала з уласнага падворка… Быў і майстар-клас па вырабе лялькі, які правяла Святлана Юсуфжонаўна для прысутных. Таму, як спрытна і хутка ўпраўляецца гэта маладая жанчына з лёнам, можна было толькі пазайздросціць, бо за лічаныя хвіліны з’явілася прыгожая “берагіня”, прызначэнне якой — ахоўваць дом, сям’ю, якая ў ім жыве, ад бед.
Неўпрыкмет надышоў час узнагароджання. Як адзначылі члены журы, ім было няпроста выбраць пераможца, бо кожная сям’я-удзельніца заслугоўвае называцца лепшай. Канкурсанты паказалі свае творчыя здольнасці, аптымізм і згуртаванасць, а галоўнае — даказалі, што яны — каманда, дзе адзін — за ўсіх, а ўсе — за аднаго.
Тым не менш, вынікі падведзены. Букет кветак ад раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымала сям’я Ляшковічаў. Так яна была заахвочана за арыгінальную форму адзення — футболкі з намаляванымі на іх вясёлымі чалавечкамі. А раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” адзначыла прызам вельмі таленавітую дзяўчынку — Сашу Вапручкову — за песню пра ластаўку.
Пераможцам конкурсу стала сям’я Вапручковых, за што была ўзнагароджана граматай і каштоўным падарункам. Не засталіся без падарункаў і астатнія канкурсанты. Спонсарамі выступілі раённае аддзяленне Беларускага фонду міру, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, а таксама ўнітарнае прадпрыемства “Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка”, якое адзначыла сям’ю свайго работніка. Атрымалі канкурсанты і сертыфікаты ад санаторыя “Нарачанка”: Ляшковічы — на наведванне фітабара, Маціны — у басейн, а Вапручковы — на спелеапрацэдуры.
Ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцва былі ўручаны дзецям мяккія цацкі.
Удзельнікі шчыра ўдзячны арганізатарам конкурсу, а таксама ўсім, хто дапамог належным чынам да яго падрыхтавацца. Напрыклад, Вапручковы — работнікам сельвыканкама, а таксама настаўнікам Княгінінскай СШ і асабліва Наталлі Жукавень і Кацярыне Гарбачук.
Засталося дадаць, што падчас конкурсу стваралі прысутным добры настрой сваімі песнямі Вольга Буянава, Анжаліка Кароль, Таццяна Іванова, Аляксандр Роліч і Вікторыя Стэрнад.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



03 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        06-043 0-170 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела