Газета дарагая і любімая

ЖЫХАРКУ аграгарадка Занарач Зінаіду Усовіч на Мядзельшчыне ведаюць многія. Асабліва — людзі старэйшага пакалення.
Яе прозвішча рэгулярна
можна было прачытаць на
старонках раённай газеты
«Нарачанская зара». Прычым у публікацыях расказвалася не толькі пра Зінаіду Паўлаўну. Многія артыкулы друкаваліся
за подпісам Усовіч ці Сухавіла (дзявочае прозвішча Зінаіды).
Аўтар расказвала пра поспехі вытворчых падраздзяленняў калгаса «Шлях да камунізму», пра перадавых механізатараў і жывёлаводаў, цікавыя мерапрыемствы, якія ладзіліся ў гаспадарцы. Зараз Зінаіда Паўлаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але сувязі з раёнкай не парывае. Праўда, цяпер яна актыўны чытач любімай газеты.
— Не было такога выпадку, каб мы не выпісалі «Нарачанскую зару». Яе заўсёды з нецярпеннем чакаем я і муж Аляксандр. Менавіта з яе пачынаем прагляд перыядычных выданняў, якія прыносіць нам паштальён, — гаворыць Зінаіда Паўлаўна.
Асабіста я знаёмы з Зінаідай Усовіч з 1982 года, калі прыйшоў працаваць у рэдакцыю. Тады на старонках газеты рэгулярна друкаваліся заметкі пад рубрыкай «Інфарматары «Нарачанскай зары» паведамляюць». Няштатныя карэспандэнты, сярод якіх была і Зінаіда Паўлаўна, расказвалі пра поспехі працоўных калектываў, лепшых работнікаў, дасягненні, з якімі вяскоўцы сустракаюць святочныя дні календара.
— Вой, тады не адна я дасылала паведамленні ў рэдакцыю. Памятаю, актыўна супрацоўнічалі з газетай галоўны бухгалтар калгаса «40 года Кастрычніка» Таіса Філіповіч і жывёлавод з гэтай жа гаспадаркі Флавіян Стома, галоўны эканаміст калгаса імя Суворава Таіса Берняковіч і эканаміст калгаса імя Кірава Фаіна Лебедзь. Ды хіба ўсіх пералічыш?! — усміхаецца Зінаіда Паўлаўна.
— Калі вы пазнаёміліся з раёнкай? — цікаўлюся.
— Упершыню раённую газету «Нарачанская зара» ўзяла ў рукі ў 1971 годзе, калі пасля заканчэння Навапольскага сельскагаспадарчага тэхнікума па размеркаванні прыехала працаваць у калгас «Шлях да камунізму». Сама я родам з Глыбоцкага раёна. Прызначылі мяне на пасаду нарміроўшчыцы. Спачатку жыла на кватэры. Вось тады ў гаспадароў і ўбачыла «Нарачанку», — адказвае жанчына. — Газета спадабалася…
— А як вы сталі супрацоўнічаць з рэдакцыяй, хто падштурхнуў да гэтага? — працягваю размову.
— Старшыня калгаса Антон Аляксеевіч Стома. Даў даручэнне рэгулярна паведамляць у рэдакцыю навіны калгаснага жыцця. Паспрабавала — атрымалася. Спачатку па тэлефоне паведамляла, а потым і сама спрабавала пісаць. Прыемна атрымліваць раёнку, у якой надрукаваны твой допіс, — расказвае суразмоўца.
Варта зазначыць, што і зараз у сямейным альбоме захоўваецца шмат нумароў «Нарачанкі» і выразак з газеты з матэрыяламі Зінаіды Усовіч, пра Зінаіду Паўлаўну і яе мужа Аляксандра Міхайлавіча.
Дарэчы, шмат гадоў Зінаіда працавала ў калгасе эканамістам па працы, потым — галоўным эканамістам. Адначасова яна з’яўлялася рэдактарам насценнай газеты «Колас».
— Наша рэдкалегія старалася не толькі рэгулярна выпускаць газету, але і змяшчаць у ёй матэрыялы, якія садзейнічалі выхаванню працаўнікоў гаспадаркі, павышэнню іх свядомасці, актыўнасці. Мы пісалі не толькі пра станоўчыя моманты калгаснага жыцця, але і крытыкавалі нядобрасумленных работнікаў, абібокаў, — прыгадвае жанчына.
У 1987 годзе яна перайшла працаваць сакратаром Занарацкага сельсавета. На новай пасадзе таксама актыўна супрацоўнічала з рэдакцыяй. Скажу шчыра, для нас яна была палачкай-выручалачкай. Трэба ўдакладніць імя ці прозвішча якога-небудзь жыхара сельсавета — тэлефануй да Зінаіды Паўлаўны. Яна заўсёды падкажа, параіць, дапаможа. Добра ведае вяскоўцаў, жыве іх клопатамі.
Пятнаццаць гадоў таму пайшла жанчына на заслужаны адпачынак. Але па-ранейшаму жыве клопатамі вяскоўцаў, перажывае за вытворчыя паказчыкі роднай гаспадаркі, ганарыцца землякамі, пра якіх чытае ў сваёй любімай газеце «Нарачанская зара».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



02 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        84 06-012 Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела