Прыжылася на Мядзельшчыне

Ірына Шпак — руская па нацыянальнасці, вырасла ў
Нарыльску. Але так сталася, што ў маладыя гады звязала сваё жыццё з Беларуссю і не здраджвае нашай рэспубліцы дагэтуль. Больш за тое, Нарачанскі край лічыць сваёй другой радзімай. Ды і як інакш, калі тут не толькі прыжылася, але і ўкаранілася: дзяцей нарадзіла, унукаў дачакалася.

— Калі заканчвала школу, задумвалася, якую прафесію набыць, — успамінае Ірына Уладзіміраўна. — А ў нас у Нарыльску, акрамя музычнага вучылішча і горнабудаўнічага інстытута, не было навучальных устаноў. А гэта —
не маё. Вось і дасылала пісьмы ў розныя вучылішчы і тэхнікумы Савецкага Саюза. Аднак на мой ліст прыйшоў адказ толькі з Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя Пушкіна. Туды і паехала паступаць. Напачатку думала, што атрымаю спецыяльнасць і вярнуся дадому. Але маё жыццё пайшло зусім іншым шляхам, і я назаўсёды засталася ў Беларусі. Аднак пра гэта ні разу не пашкадавала. Дарэчы, пазней і мае матуля з братам перабраліся сюды з Расіі.
— А як вы апынуліся на Мядзельшчыне? — цікаўлюся.
— Прыехала па размеркаванні. Адразу працавала ў раённай дзіцячай бібліятэцы, пасля — у курортным пасёлку. Потым пераехала ў Лотву, — расказвае. — На першым часе ўзначальвала сельскі клуб у Мікітках. Калі яго закрылі, перайшла ў Лацвянскі сельскі Дом культуры мастацкім кіраўніком. Апошнія пяць гадоў працую дырэктарам Лацвянскага Дома майстра. Так што звязала свой лёс з культурай, не здраджваю ёй.
— А чым спадабаўся наш Нарачанскі край? — пытаюся ў сваёй суразмоўцы.
— Цудоўныя тут мясціны. Такая прыгожая прырода: азёры, лясы, палі бяскрайнія. Не тое, што на Поўначы, дзе лета толькі месяц бывае, дзе, акрамя снегу і лёду, нічога не бачыш, — дзеліцца сваімі ўражаннямі жанчына. — Там у нас была на ўсіх аднапакаёвая кватэра, дзе з кветак на падаконніку толькі герань, фікус і бальзамін. Гародніну, садавіну куплялі ў магазінах, нават не ведала, як яна расце. А тут дом атрымала — светлы, прасторны. Агароды пасадзіла, кветкі. Жывёлу развяла: карову, козаў, свіней, трусоў, індакачак, гусей… Люблю важдацца з курамі. Нават нядаўна інкубатар набыла. Дарэчы, яго прывёз мне дачнік-расіянін… Даглядаю, гляджу на ўсё і любуюся. Мне ж так цікава было адразу адкрываць для сябе навакольны свет, вывучаць, штосьці новае пастаянна для сябе заўважаць. Тут жа ўсё жывое, можна дакрануцца, памацаць рукамі. Вядома ж, зусім іншае жыццё, чым на Поўначы, нашмат багацейшае, больш змястоўнае. Гэта і пакарыла. Вельмі падабаецца працаваць на зямлі, атрымліваю асалоду ад гэтага. Прыемна і вынікі канкрэтныя бачыць ад зробленага сваімі рукамі… А людзі якія на Мядзельшчыне — добрыя, шчырыя, ветлівыя, апошнім гатовыя падзяліцца! Дарэчы, навучылася па-беларуску размаўляць, чытаць. З задавальненнем выпісваю раённую газету, дзе ўсю інфармацыю бяру пра наш раён.
— Напэўна, вы ў нашым краі і шчасце сваё знайшлі?
— Так, выйшла замуж за беларуса, з Нарачы. Нарадзіла дачку Святлану і сына Дзмітрыя. Яны таксама жывуць на Мядзельшчыне. Святлана са сваёй сям’ёй — у курортным пасёлку Нарач. У яе двое дзетак: Цімафей — трэцякласнік, а Данііл толькі 5 сакавіка нарадзіўся.Так што я ўжо двойчы бабуля! Гэта ж такая радасць! Сын Дзмітрый жыве ў Лотве.
— Ды і праца вам, бачу, па душы?
— Я з васьмі гадоў займалася ў мастацкай самадзейнасці: спявала, танцавала, вершы чытала. Падабалася быць і вядучай. Усе мае здольнасці і спатрэбіліся. І канцэрты наладжвала, і на сцэне выступала, і святы розныя арганізоўвала. Там у нас на Поўначы толькі Масленіцу адзначалі, а тут не адну яе. А яшчэ мне вельмі падабаецца хадзіць па вёсках, гутарыць са старажыламі, вывучаць абрады, традыцыі. Гэта ж так цікава! Дзякуючы дапамозе вяскоўцаў мы ў свой час стварылі ў Лотве пакой сялянскага побыту. Цяпер актыўна займаемся ўзнаўленнем вясельнага ўбрання жаніха і нявесты нашага рэгіёну: збіраем фотаздымкі, гутарым са старэйшымі жыхарамі, высвятляем, як тады апраналіся маладыя. Шмат цікавага паведаміла нам Соф’я Антонаўна Шабовіч з Міхалёў, якая і свае вясельныя фотаздымкі захавала, а замуж яна выходзіла ў 1952 годзе.
— Вас пастаянна можна ўбачыць на раённых святах, дзе прапагандуеце гараджанам і гасцям Мядзела свае вырабы. Бачу, што і цяпер вы з калегай працуеце з саломкай.
— Ні кірмашы, ні святы ў горадзе сапраўды не абыходзяцца без нашага ўдзелу. Часта бываем і на розных абласных мерапрыемствах. Там не толькі выстаўляем свае вырабы на продаж, але і майстар-класы праводзім, і вопыт калег вывучаем… Працуем з саломкай, займаемся валяннем, арыгамі, квілінгам, робім розныя лялькі, выцінанкі… У асноўным удваіх з Валянцінай Мірусінскай, якая з’яўляецца метадыстам-майстрам. Іншы раз бяром у памочнікі ўдзельніц аматарскага аб’яднання “Гаспадынька”. Цяпер вось займаемся велікоднымі сувенірамі, робім саламяных буслоў, лебедзяў, кошычкі… Хоць гэта справа патрабуе ўседлівасці, цярпення, але мне яна не надакучвае. Прыемна бачыць плён рук нашых, а яшчэ тое, як на розных выставах людзі дзівяцца з арыгінальных вырабаў. А гэта і ёсць прызнанне нашага таленту. Ці не так?
— А вы адна жывяце з рускіх у Лотве? — цікаўлюся.
— Не, акрамя мяне, ёсць некалькі чалавек з Расіі, якія купілі тут дачы.
— Што, на ваш погляд, іх сюды прыцягвае?
— Вельмі многае. Тут і прырода прыгожая, ёсць непадалёку азёры, і людзі вельмі добрыя, гасцінныя. Тавары нашы айчынныя расіянам падабаюцца. Яны пастаянна адзначаюць, што ў нас чыста, акуратна, а галоўнае — спакойна. Цяпер гэтым не ўсе могуць пахваліцца, а мы — можам!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Ігната Лубнеўскага.



01 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 84 0-178

Пабрацімы Мядзела