Не прамарудзіць з сяўбой яравых

НА календары апошнія дні сакавіка, а ў хлебаробаў ужо клопатаў хоць адбаўляй. І галоўны з іх — своечасова і якасна правесці пасяўную кампанію. Упусціш сёння дзень-другі — восенню недаатрымаеш дзясяткі, а можа, і сотні тон хлеба. Разумеюць гэта механізатары падсобнай гаспадаркі «Лотва» ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга», таму і стараюцца як мага эфектыўней выкарыстоўваць замацаваную тэхніку і працоўны дзень.
— Зараз рабочы дзень у нас пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і заканчваецца не раней за 19, — расказвае кіраўнік падсобнай гаспадаркі Марына Сіўчак. — Яно і зразумела, вясна прыспешвае, тым больш, што трэба выканаць немалы аб’ём работы. Яравы клін сёлета займае 400 гектараў. На плошчы 80 гектараў пасеем ячмень, 150 зойме авёс і 70 гектараў — зернебабовыя культуры. 100 гектараў адвялі пад аднагадовыя травы — проса. Калі ўдасца набыць пасяўны матэрыял, то яшчэ плануем дадаткова пасеяць 30-40 гектараў люцэрны. Гэту справу даручым стараннаму механізатару Івану Таразевічу. Каторы год ён трактарам «МТЗ-1523» у счэпе з сеялкай «СПУ-6Т» сее травы.
— Сёння ці працуюць хлебаробы ў полі? — пытаюся.
— Абавязкова. На падрыхтоўцы глебы задзейнічаны два чызельныя культыватары «КЧ-4». Трактарамі кіруюць Уладзімір Юнковіч і Юрый Таразевіч. А вось на «МТЗ-3022» з дыскатарам «АПД-6» працуе Алег Папок. А самую важную справу, сяўбу яравых культур, даручылі Васілю Лісіцкаму. Ён заслугоўвае шчырых слоў падзякі за руплівасць, акуратнасць, высокую адказнасць. Гэтага чалавека кантраляваць не трэба. Кожную работу выканае якасна. Тым больш, што сейбіт ён са шматгадовым стажам. Больш за тое, Васіль па-гаспадарску эксплуатуе тэхніку, таму і служыць яна надзейна. Сёння ён завіхаецца на палетку непадалёку ад вёскі Міхалі. Там сеем авёс. Давайце пад’едзем, паглядзім, — чую ў адказ.
Марына Анатольеўна расказала, што на падборы камення заняты малады механізатар Аляксандр Таразевіч. Арганізавалі падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі азімых культур, якія займаюць 650 гектараў, з іх 522 — на зерне і 128 гектараў азімага жыта — на зялёны корм. Праводзіць падкормку на «Расе» Аляксей Юнковіч, а падвозіць тукі на аўтамабілі «МАЗ» Анатолій Вайцяховіч. Падсеў шматгадовых траў правялі на плошчы 217 гектараў. Гэту работу выконвалі Аляксандр Юц і Васіль Лісіцкі. Прабаранавалі 131 гектар пашы.
— Ці ўзорваеце глебу? — пытаюся.
— Пакуль не. Амаль усё ўзаралі з восені. Праўда, на палетках, дзе ўносім арганіку, давядзецца араць. Але гэта не праблема. У любую мінуту Алег Крывенькі гатовы ўключыць у работу свой «МТЗ-1221» з плугамі «ППО-8-40», — адказвае кіраўнік падсобнай гаспадаркі. — Яшчэ мы адвозім ад фермы арганіку. На пагрузчыку «Амкадор» працуе Раман Маслоўскі, на адвозцы — Алег Крывенькі і Віталій Качарго. Дарэчы, днямі распачнём падкормку шматгадовых траў. Менавіта Віталій будзе выконваць гэту работу.
— Людзі працуюць у полі. А ці арганізавана іх харчаванне?
— Так, абавязкова кормім. Абеды гатуе прафесійны повар Станіслаў Каралёў, а дастаўляе іх на аўтамабілі Ігар Паслед, — расказвае Марына Анатольеўна.
…І вось мы на палетку ля вёскі Міхалі. Убачыўшы «гасцей», хлебароб спыніў свой трактар, вылез з кабіны.
— Як працуецца? — пытаюся.
— Нармальна. Праўда, месцамі гразкавата, але чакаць, пакуль падсохне, не даводзіцца. У народзе кажуць: сей авёс у гразь, будзеш багаты, як князь, — адказвае Васіль Лісіцкі. — Для мяне гэта справа не новая. Кожны год даводзіцца ёй займацца. І яравыя сею, і азімыя.
— Прастояў па прычыне дастаўкі насення не бывае? — цікаўлюся.
— Не. Іван Фясько, які кіруе трактарам «МТЗ» у счэпе з бункерам ад «КЗР-10», заўсёды своечасова прывозіць пасяўны матэрыял, хутка запраўляе сеялку, — адказвае хлебароб.
… Хутка праляцелі мінуты размовы. Сейбіт паспяшаўся да тэхнікі. І гэта толькі пачатак яравой сяўбы. Напружанне на веснавым палетку ўзрастае з кожным днём.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



01 красавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Царква ў Слабадзе Касцёл у Засвіры   0-170

Пабрацімы Мядзела