“Нарачанкі” верныя сябры

Абласны Дзень падпісчыка праводзіўся на Міншчыне 20 сакавіка. Гэта традыцыйная акцыя арганізоўваецца для таго, каб прыцягнуць увагу насельніцтва да чарговай падпісной кампаніі на перыядычныя выданні.
Прайшла запланаваная акцыя і ў гарадскім аддзяленні сувязі Мядзельскага ўчастка паштовай сувязі Вілейскага РВПС. Удзел у яе правядзенні разам з паштовымі работнікамі прыняла і рэдакцыя раённай газеты “Нарачанская зара”. Супрацоўнікі выдання гутарылі з наведвальнікамі. Цікавіліся, ці выпісваюць яны “Нарачанку”. Што ім падабаецца ў выданні, а што не зусім? Якія яшчэ тэмы хацелі б бачыць на яго старонках?
Мне асабіста было прыемна чуць добрыя водгукі пра раёнку, якой прысвяціла значную частку свайго жыцця. Радуе, што гараджане ведаюць нашу газету і чытаюць яе. Многія сябруюць з ёй на працягу дзесяцігоддзяў. Колькі жыве ў Мядзеле, столькі выпісвае раённае перыядычнае выданне Таццяна Гірвель.
— “Нарачанская зара” — жаданая госця ў нашым доме. Чытаем яе з мужам з задавальненнем і заўсёды чакаем, — гаворыць Таццяна Віктараўна. — Я не ўяўляю, як можна абыходзіцца без газеты. Менавіта з яе старонак даведваемся пра ўсё, што адбываецца ў раёне: пра мерапрыемствы, дзейнасць мясцовай улады, грамадскіх фарміраванняў, пра работу народнагаспадарчага комплексу нашага краю, поспехі і дасягненні працоўных калектываў і асобных работнікаў. Радуюся, калі бачу на старонках выдання знаёмыя твары. Ахвотна чытаю публікацыі, у якіх ідзе аповед пра людзей, якіх добра ведаю.
Даўно сябруюць з раённай газетай таксама мядзяльчане Аляксандр Штура, Тамара Шаўлюк, Галіна Шукела, Галіна Вархаповіч, Валянціна Лізунова… І спіс гэты можна доўга працягваць.
З задавальненнем сустрэла падчас абласнога Дня падпісчыка
сям’ю Зінаіды і Віталія Малько.
— Колькі выпісваем ужо раённую газету, цяжка сказаць, — апавядаюць Зінаіда Уладзіміраўна і Віталій Мікалаевіч. — Словам, вельмі-вельмі даўно. Практычна з тых часоў, калі былі маладыя. Цяпер жа мы — пенсіянеры. Чытаем практычна ўсё. Падабаецца, што там можна атрымаць усю інфармацыю пра жыццё і справы рэгіёну. Шмат на старонках выдання цікавых матэрыялаў пра шчырых і руплівых людзей. Расказваецца і пра ветэранаў, якія шмат год жыцця прысвяцілі працы ў розных галінах вытворчасці. Ёсць старонкі для жанчын, дзяцей. Добра, што друкуюцца і парады — агароднікам, садаводам.
У ліку актыўных падпісчыкаў на раённае перыядычнае выданне таксама Ніна Зэйдзіна. Маладымі спецыялістамі яны з мужам прыехалі на Мядзельшчыну, ды і засталіся тут назаўсёды. Сэрцам палюбілі і наш край Нарачанскі, і яго старанных, добразычлівых людзей.
— Не ўяўляю свайго жыцця без раённай газеты, — прызнаецца Ніна Рыгораўна. — З яе даведваюся навіны. З задавальненнем чытаю пра тых, каго добра ведаю, пра дружныя сем’і, справы прадпрыемстваў і арганізацый, пра мерапрыемствы, якія праводзяцца.
Асноўнай крыніцай інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца ў раёне, лічыць “Нарачанку” таксама Таццяна Мацкевіч. Яна ўжо трыццаць гадоў жыве ў Мядзеле. І столькі ж выпісвае сваю газету.
— Падабаецца мне наша “Нарачанская зара”, — апавядае Таццяна Мікалаеўна. — Яна — галоўная скарбонка вестак пра Мядзельшчыну. У газеце ёсць усё, што трэба. Навіны, публікацыі на розныя тэмы, парады, віншаванні, спачуванні, праграма тэлебачання… Шмат расказваецца там і пра ўстановы адукацыі, у тым ліку пра гімназію-інтэрнат горада, дзе вучыцца мой сын Віталій. Дарэчы, ён ужо неаднаразова трапляў на старонкі выдання, што мне вельмі па душы.
Было прыемна чуць добрыя словы пра газету, якая 7 снежня бягучага года адзначыць 75-годдзе з дня заснавання. Радуе, што яе любяць і з нецярпеннем чакаюць у многіх дамах і кватэрах. Вядома ж, хочацца, каб паболела ў нас пастаянных падпісчыкаў. Каб яшчэ не адзін дзясятак год і надалей “Нарачанка” несла свежыя навіны і добрыя весткі да жыхароў нашага цудоўнага Нарачанскага краю.
Падчас абласнога Дня падпісчыка ўдзельнікі акцыі атрымалі сувеніры. Былі заахвочаны каляндарыкамі з лагатыпам раённай газеты і найбольш актыўныя сябры выдання.
Дарэчы, даволі актыўна ішла падпіска і на іншыя перыядычныя выданні, у тым ліку на рэспубліканскія. А праводзілі яе ў ходзе акцыі намеснік начальніка аддзялення Аксана Баркоўская і інструктар Мядзельскага ўчастка паштовай сувязі Алеся Канопская. Яны добрасумленна і ветліва выконвалі даручаную справу, цярпліва давалі адказы на пытанні. Увогуле падчас правядзення абласнога Дня падпісчыка былі выпісаны 162 экзэмпляры газет і часопісаў на суму звыш 1,5 тысячы рублёў. У тым ліку 85 экзэмпляраў раённай газеты “Нарачанская зара”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Іны Ярчак.



29 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Касцёл у Шэметава   84

Пабрацімы Мядзела