Талін: дзве эпохі ў адным горадзе

ЗІМОЙ я цягнуся да паўночнага мора. Па тыя адчуванні, калі стаіш ля самага краю хваль — так, што вецер выбівае слёзы. Сама ўжо наскрозь прапахла соллю і духам прыгод. А мора шыпіць і плюецца пенай, як быццам кідае табе выклік і чакае: прымеш ці не?
Здавалася б, і ў Мядзеле снегу і ветру хапае, мерзні — не хачу. Ды і падчас нашай халоднай зімы часцей мараць пра паездку ў цёплыя краіны, на поўдзень — хоць бы на выхадныя. Пагрэцца пад сонейкам, якога так не хапае, паплаваць у цёплай вадзе, а вярнуўшыся, пахваліцца сябрам і сваякам загарам.
Я ж з года ў год еду да Балтыйскага ўзбярэжжа. Гэтым разам мне выпаў калядны Талін. З факеламі на фасадах дамоў у Старым горадзе, вежамі абарончых сцен і прывіднымі сілуэтамі паромаў, якія вязуць турыстаў у Стакгольм.

Горад
Успамінаючы пра Талін, у першую чаргу хачу расказаць пра гістарычны цэнтр — кропля ў кроплю сярэднявечны абарончы замак. Але самыя першыя ўражанні пачынаюцца яшчэ на ўездзе, на ўскраінах горада. І там Талін не дае ашукацца — ён сучасны, камфортны і тэхналагічны, няхай нават у самым цэнтры яшчэ стаяць абарончыя вежы.
Ад аўтавакзала, куды мяне прывёз аўтобус, да хостэла — у самым цэнтры — пешшу амаль дваццаць хвілін па прамой. Але калі мы выбіралі простыя шляхі? Бо прайсціся па вуліцах — выдатная магчымасць пазнаёміцца з Талінам, такім, якім яго не ўбачыш на паштоўках.
Невялікія кварталы прыватных участкаў, дзе дамы абабіты драўлянымі панэлямі, а хвоі растуць проста сярод пладовых дрэў, змяняюцца шматпавярхоўкамі. Пры тым, што самыя сучасныя будынкі цалкам камфортна суседнічаюць з драўлянымі сядзібамі XIX стагоддзя, якія прыстасавалі дзе пад гасцініцы, дзе пад прыватныя жылыя кватэры. Сустракаюцца і водгаласы савецкай забудовы, але яе часта абнаўляюць, падганяючы пад агульны стыль горада.
Увогуле разнапланавы ўрбаністычны пейзаж з вядомымі элементамі поўначы — бліжэй да Скандынавіі, чым да Усходняй Еўропы.
Але калі за чарговым паваротам раптам вырастаюць дзве вежы і арка варот, гэта не здаецца чымсьці ненатуральным — упісваецца ў агульны настрой. А вось за гэтай умоўнай рысай і пачынаецца зусім іншы горад. Той самы, з жароўнямі на вуліцах і факеламі над дзвярыма дамоў.
Я прыехала напярэдадні Каляд, і цэнтральная плошча была ўпрыгожана да свята. Ёлка, латкі з сувенірамі і вулічнай ежай, прадаўцы ў гістарычных касцюмах — як тут не паверыць, што трапіў на сапраўдны кірмаш?
Праўда, выбіраючы дату паездкі, я зусім забылася, што ні адзін турыстычны аб’ект не будзе працаваць на свята Божага нараджэння. Таму падарожжа выйшла хутчэй шпацырным, без музеяў і экскурсій. Але калі мы гаворым пра Талін — на першы раз гэтага будзе дастаткова.
Адзіны адчувальны мінус — зімой на поўначы занадта рана цямнее. На асветленых вуліцах гэта не моцна страшна, а вось на ўзбярэжжы, у порце, у закрытай на выхадныя Лётнай гавані — трохі жудасна.
Да апошняй — аднаго з найпапулярнейшых музеяў Эстоніі — дабралася пад паўдня, а сышла ўжо ў густых прыцемках.
Пад марскі музей “Лётная гавань” выдзелены цэлы велізарны будынак-ангар з сапраўднымі гідрасамалётам і брытанскай падводнай лодкай, у якую можна не проста зазірнуць, а спусціцца на некалькі ўзроўняў і прайсціся па ўсіх адсеках. Што і планавала зрабіць, пакуль не высветлілася, што музей не працуе. Але аказалася, акрамя інсталяцыі ў ангары, у гавані ёсць на што паглядзець. Проста насупраць комплексу прышвартаваўся стогадовы параход-ледакол. І яшчэ мноства маленькіх і не вельмі ваенных і прамысловых суднаў.
А яшчэ Лётная гавань — выдатная назіральная пляцоўка для тых, хто хоча палюбавацца марскімі краявідамі. З яе адкрываецца цудоўны від на водны фарватар, можна схавацца ад ветру ў прыбярэжным кафэ і, як у рамантычных фільмах, правесці вечар, сустракаючы і праводзячы паромы.
Экспазіцыя марскога музея прадстаўлена не толькі ў Лётнай гавані, частка яе зна ходзіцца ў адной з гарматных вежаў — Тоўстай Маргарыце. Як вынікае з назвы, вежа мае вялікія памеры: пры вышыні дваццаць метраў — дваццаць метраў у дыяметры. У яе таксама не патрапіла, затое пабывала ў іншай вежы і нават змагла прагуляцца па абарончай сцяне!
Наогул на сцяну ёсць тры выхады праз тры вежы, але адна з іх у той дзень была зачынена для наведвальнікаў. Другую знайшла зусім выпадкова, звярнуўшы на паказальнік якогасьці кафэ. Сам участак сцяны вельмі кароткі, але дабірацца да яго давялося па вузкіх лесвіцах з высокімі прыступкамі, дарогу асвятлялі свечкі ў каваных ліхтарах, на лесвічных пляцоўках у сценах былі байніцы. У выніку да кавярні я так і не дайшла, задаволіўшыся ўражаннямі.
Заставаўся толькі трэці варыянт, які вядзе на ўчастак сцяны паміж вуліцамі Нунне і Кульд’яла. Туды можна трапіць таксама толькі праз вежу, так што да прагулкі дадаецца невялікая экспазіцыя са зброяй, даспехамі і абарончымі прыстасаваннямі.
Від са сцяны адкрываецца на цэнтр горада, і лёгка можна ўявіць сябе вартавым: перад вачыма — чырвоныя чарапічныя дахі, з комінаў віецца шызы дымок, ля самага падножжа сцяны расклалі тавар гандляркі.
Дарэчы, у самой вежы знайшла кнігу ўражанняў — таўшчэзны том, старонкі якога былі спісаны пажаданнямі на самых розных мовах. Я таксама пакінула нататку на беларускай.
Яшчэ да адной з самых папулярных славутасцей горада — маленькай рамеснай вулачкі Святой Катарыны — дабралася таксама выпадкова, гуляючы па цэнтры а другой гадзіне ночы. І гэта было вялікай удачай. Так, ноччу ўсе рамесныя крамы чакана зачыненыя, але затое і на вуліцы няма натоўпу турыстаў.
Дапоўніў маё знаёмства з горадам квэст па пошуку назіральных пляцовак. Самыя цікавыя з іх размяшчаліся ў Вышгарадзе, або, па-іншаму, “Горадзе на ўзгорку”. Адзін уздым туды — маленькая экскурсія. Па дарозе нават зімой поўна вулічных мастакоў і музыкаў.
Ежа
Як і ва ўсіх сваіх паездках, імкнулася эканоміць на харчаванні і часцей выбірала мясцовыя сталовыя. Але падчас Каляд цяжка ігнараваць велізарную колькасць вулічнай ежы, асабліва калі шпацыруеш па кірмашах. А шпацыраваць ты там будзеш у любым выпадку, таму што ніколі не ведаеш, за якім паваротам, на якім скрыжаванні або ў іншым, здавалася б, зусім нечаканым месцы знойдзеш ёлку і пару палатак з гарачымі напоямі, сувенірамі і прысмакамі.
Цэны там, вядома, звычайна “турыстычныя” ў найгоршым разуменні гэтага слова — вельмі высокія. Але ўсё ж ёсць сэнс спланаваць бюджэт з улікам кубачка гарачага шакаладу, а таксама пончыкаў або тушанай капусты. За тры дні паездкі гарачы шакалад пакаштавала ледзь не ў кожнай палатцы, у самых розных варыяцыях: з карыцай, гваздзікай, нават з чырвоным перцам. У якасці прысмакаў пару разоў узяла смажаны міндаль са спецыямі і прафітролі, якія гатуюць проста пры пакупніках — такая вось гастранамічная забава.
А тушаная капуста з паляўнічымі каўбаскамі на грылі да гэтага часу здаецца мне самай смачнай стравай, якую калі-небудзь каштавала ў паездках.
Яшчэ чамусьці запомнілася, як, гуляючы недалёка ад порта, зазірнула на звычайную аўтамабільную запраўку, каб купіць каву, і да кубачка капучына па акцыі
атрымала яшчэ і пончык з малінавай начынкай. Не ведаю, што такое асаблівае было ў гэтым пончыку, але запраўка да гэтага часу адзначана ў мяне ў электроннай карце як месца, куды трэба вярнуцца.
А самая запамінальная вячэра здарылася са мной напярэдадні Каляд. У хостэле яшчэ з раніцы аб’явілі, што чакаюць усіх пастаяльцаў увечары ў агульнай гасцінай — будзем адзначаць свята. За дзень пра гэта практычна забылася, але так здарылася — вярнулася якраз да вячэры.
Адміністратары падрыхтавалі для гасцей святочную хатнюю ежу: тушаную з агароднінай курыцу, лёгкую салату і пірожныя. Апошнія пакарылі мяне не толькі смакам, але і сваёй прастатой: звычайная пясочная выпечка з бялковым крэмам і ягадамі.
А пад канец вечара мы ўсе разам пяклі імбірнае печыва і ладзілі міні-спаборніцтвы па ўпрыгожванні яго глазурай. Перамагла дачка адміністратара, але ў выніку печыва падзялілі паміж усімі ўдзельнікамі і яшчэ на наступны дзень на рэсэпшэне стаяла вазачка для новых гасцей. Было пацешна назіраць, як яны адгадвалі, што менавіта мы хацелі выказаць сваімі ўзорамі і малюнкамі.
Гэта сапраўды аказаліся лепшыя Каляды ў маім жыцці! Дзеля справядлівасці скажу, што першыя каталіцкія, якія я святкавала.
Людзі
Больш за ўсё эмоцый ад сустрэч і знаёмстваў з людзьмі звязана менавіта са святкаваннем у хостэле. Увечары ў гасцінай сабраліся амаль усе пастаяльцы. Мне ўдалося пазнаёміцца з хлопцам з Нарвегіі, які ў цэлым разумеў маю ламаную англійскую і з вялікім натхненнем распавядаў пра сваю сям’ю і працу.
Потым дзяўчына-адміністратар палічыла мяне за немку, якая засялілася яшчэ пару дзён таму, і пачала размову на нямецкай. Пасля пары фраз па тым, як акругліліся мае вочы, яна зразумела, што памылілася, перайшла на англійскую, а потым у рэшце рэшт — на рускую мову. Гэта было пацешна, мы разам пасмяяліся і разгаварыліся.
Высветлілася, што бацька гэтай дзяўчыны — беларус, які перавёз сям’ю ў Эстонію. На наступны дзень адміністратар прывяла свайго тату ў хостэл, каб пазнаёміць са мной, мы ўсе разам сустракалі Каляды.
З яе дачкой-першакласніцай Соф’яй правяла большую частку вечара. Дзяўчынка вельмі вясёлая, гаваркая і разумная для свайго ўзросту, з ёй было цікава і размаўляць, і дурэць, а якія ўзоры яна малявала на печыве!
Пасля, вярнуўшыся дадому, знайшла ў сваёй паштовай скрынцы паштоўку з віншаваннем і пажаданнямі шчаслівага Новага года.
Звычайна ў падарожжах лёгка ставішся да сустрэч і расстанняў. Ёсць, вядома, выключэнні, але часцей за ўсё ты больш ніколі не ўбачышся са сваімі выпадковымі і не вельмі спадарожнікамі і суседзямі. Але ад гэтай паездкі ў мяне засталіся самыя цёплыя, па-хатняму ўтульныя ўспаміны.

Аляксандра ГАРАЧКА.



29 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Падарожжы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  img_4257 dsc_5774-3 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела