Плён вызначае эфектыўнасць прафілактыкі

НА чарговым пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу разгледжана надзвычай актуальнае пытанне — аб стане і мерах па ўмацаванні пажарнай бяспекі, папярэджанні гібелі людзей на пажарах і ў іншых надзвычайных сітуацыях у мінулым і задачах на 2019 год. Злабадзённасць яго ў тым, што апошнім часам мы нярэдка чуем пра ахвяры ў вы­ніку неасцярожнага абыходжання з агнём. Да адных ніяк не дойдзе, што курэнне ў ложку можа закончыцца жудаснай трагедыяй, як і выпальванне сухой расліннасці каля дома, другія не жадаюць заўважаць рэальнай пагрозы пры карыстанні газавай плітой, якая даўно выпрацавала свой рэсурс, старой электраправодкай… Але ж усіх гэтых страт і ахвяр можна пазбегнуць, дастаткова толькі паўсюдна пры­трымлівацца агульнавядомых правілаў. Тым не менш, рызыкоўных парушальнікаў хапае, адсюль і невясёлая статыстыка. У дакладзе, з якім выступіў выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юрый Вашкінэль, прагучала, што летась на Мя­дзельшчыне адбылося трыццаць шэсць пажараў — на трэць больш, чым годам раней. Прамы ўрон ад іх перавысіў 200 тысяч рублёў. Самыя ж дарагія страты — люд­скія, у агні загінулі два чалавекі. І хаця годам раней ахвяр было пяць, пачуцця задаволенасці гэта не дабаўляе. Асноўнымі прычынамі пажараў з’яві­ліся неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнні правілаў устройства і эксплуатацыі печак, электрасетак і электраабсталявання, газавых агрэгатаў. Больш часта яны сталі ўспыхваць у Мя­дзеле, Крывіцкім, Будслаўскім і Кня­гінінскім сельсаветах. Не дапу­шчана пажараў у Занарацкім сельсавеце.

Юрый Іванавіч адзначыў і тое, што ў нашым курортным краі праведзена значная работа па бяспецы жыццядзейнасці, абароне насельніцтва і тэрыторыі раёна ад надзвычайных сітуацый. Планы па рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі асвятлення і ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія зацверджаны адпаведным рашэннем райвыканкама, выкананы ў поўным аб’ёме. Цалкам асвоены сродкі, выдзеленыя на супрацьпажарныя мера­прыемствы ў рамках Дзяржаўных праграм “Здароўе народа і дэма­графічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады” і “Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў, грамадзян пажылога ўзросту і фізічна аслабелых асоб на 2016-2020 гады”. Сістэматызавана дзейнасць аглядавых камісій па абследаванні супрацьпажарнага стану домаўладанняў і кватэр грамадзян, правя­дзенні з імі растлумачальнай работы, інфармаванні суб’ектаў прафілактыкі па праблемных пытаннях. З мэтай фар­міравання ў падрастаючага пакалення навыкаў паводзін у надзвычайных сітуацыях у рамках вучэбнага працэсу выкарыстоўваўся спецыялізаваны клас на базе Нарацкай сярэдняй школы №2, працягваецца стварэнне іміджавага  аб’екта ў Кры­віцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа.

За мінулы год сістэмамі аўтаматызаванай пажарнай сігналізацыі абсталяваны два інтэрнаты таварыства “Мядзелаграсэрвіс” і адзін — райПО, памяшканне дзіцячага садка ў Свірскім вучэбна-педага­гічным комплексе… Разам з тым, хапае і праблем. Як сведчыць статыстыка, найбольшая колькасць пажараў і гібелі на іх людзей адбываецца ў жыллёвым фондзе. Таму ёсць падстава казаць пра недапрацоўкі аглядавых камісій, якіх у нас дзесяць: дзевяць сельскіх і адна гарадская. Так, жылыя дамы ў вёсках Бонда і Палессе, дзе адбыліся пажары з гібеллю людзей, яны не наведвалі, адпаведных прафілактычных мерапрыемстваў не праводзілі. Вось і ў Будслаўскім сельсавеце два гады запар гараць дамы і гінуць людзі. Аглядавай камісіяй відавочныя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі не выяўляюцца, меры па прывядзенні домаўладанняў у належны стан не прымаюцца. У прыватнасці, летась у ходзе паўторнага наведвання ў аграгарадку Будслаў па вуліцы Савецкай домаўладання грама­дзянкі, якая жыве адна, устаноўлена, што ацяпляльныя печы няспраўныя. Пры гэтым у дакуменце па выніках абследавання названае парушэнне не адлюстравана. Ды і сёлета пры паўторным “візіце” ў домаўладанне шматдзетнай сям’і ў вёсцы Палессе выяўлены шэраг небяспечных хібаў: няспраўныя пажарныя апавяшчальнікі, на печы ў жылым пакоі меліся трэшчыны, злучэнні  электраправодкі ў калідоры выкананы шляхам скруткі па-за размеркавальнымі каробкамі. Тут нават неспецыялісту відавочна: да бяды адзін крок! Аднак у дакуменце аглядавай камісіі ўказана толькі парушэнне наконт няспраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Да таго ж, органы сацыяльнай абароны для аказання адраснай матэрыяльнай дапамогі, адукацыі з мэтай прыняцця мер рэагавання ў рамках Дэкрэта № 18 ніхто не праінфармаваў. Падобныя факты выяўлены і ў рабоце аглядавых камісій Сваткаўскага, Крывіцкага сельвыканкамаў.

Вялікую небяспеку тояць і парушэнні правілаў эксплуатацыі газавых устройстваў і агрэгатаў. Летась яны прывялі да трох пажараў, хаця ў папярэднія чатыры гады з гэтай прычыны ніякіх праблем не было. Больш за тое, сталі цярпець людзі! Можна ўзгадаць мужа і жонку з вёскі Пруднікі Крывіцкага сельсавета, якія ў снежні мінулага года, згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні. Аказалася, гаспадар у жылым доме самастойна мяняў газавы балон, дапусціў нядбайства, якое прывяло да пажару. У ходзе высвятлення прычын другога з іх у гарадскім пасёлку Крывічы, дзе гаспадыня адкараскалася апёкамі, устаноўлена наступнае: апошні інструктаж па правілах карыстання газавым абсталяваннем з ёй праводзіўся ў кастрычніку 2008 года.

Эфектыўным мерапрыемствам у прафілактыцы з’явіўся ў лютым гэтага года месячнік пажарнай бяспекі, які праводзіўся згодна з распараджэннем аблвыканкама. Зацікаўленымі суб’ектамі абследавана 6500 домаўладанняў. Асаблівая ўвага надавалася адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам, шматдзетным сем’ям і сем’ям, у якіх непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама асобам, схільным да злоўжывання спіртнымі напоямі. За гэты перыяд наконт мер пажарнай бяспекі праінструктавана 7229 грамадзян, ініцыявана прыняцце мер упаўнаважанымі органамі па трох фактах неналежнага до­гляду дзяцей, трыццаці сямі — злоўжывання спіртным. Акрамя таго, зацікаўленым накіраваны два дзясяткі інфармацый наконт неабходнасці ўладкавання састарэлых грамадзян у сацыяльныя ўстановы, аказання дапамогі ў прывя­дзенні жылля ў пажарабяспечны стан, пяцьдзясят сем лістоў іх дзецям, блізкім сваякам. У сельскіх населеных пунктах праведзена 169 сходаў грама­дзян, а ў працоўных калектывах — 162 выступленні. У раёне ўдалося дасягнуць пастаўленых мэт і задач месячніка, чарговы раз пацвердзіць эфектыўнасць работы аглядавых камісій, суб’ектаў прафілактыкі ў пытаннях папярэджання пажараў і гібелі на іх людзей.

На пасяджэнні заслухалі справаздачы дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Чарняўскага — невыкананне адказнымі асобамі ўнітарнага прадпрыемства абавязкаў па стварэнні бяспекі на падведамасных аб’ектах: на тэрыторыі раёна ў няспраўным стане знаходзіцца шэсць пажарных гідрантаў, летась дапушчаны пажар у лазні аграгарадка Нарач; старшыні Кня­гінінскага сельскага выканаўчага ка­мітэта Вольгі Галко — значны рост у мінулым годзе колькасці пажараў з трох да адзінаццаці; кантралёра раёна газазабеспячэння вы­творчага ўпраўлення “Маладзечнагаз” Анатолія Роўды — адбыліся тры пажары з прычыны парушэння правілаў эксплуатацыі газавых устройстваў і агрэгатаў. Потым выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталія Жыбуль і намеснік начальніка ўстановы “Мінскае абласное ўпраўленне па надзвычайных сі­туацыях Рэспублікі Беларусь” Міхаіл Драпко, якія прынялі актыўны ўдзел у рабоце пасяджэння. Так, Наталія Пятроўна акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што апошнім часам да яе звяртаюцца людзі з нараканнямі на жорсткія патрабаванні пры замене газавых балонаў. Маўляў, давайце вернемся да старой практыкі, калі можна было пакінуць грошы “пад цаглінай” каля скрынкі і не мець ніякага галаўнога болю. Трэба разумець, што ўзмацненне суровасці нарматываў у гэтым выпадку — выключна ў інтарэсах людзей, з мэтай пазбегнуць нікому не патрэбных выбухаў і пажараў. Тое ж тычыцца і замены газавых пліт, максімальны тэрмін службы якіх абмяжоўваецца двума дзясяткамі год. І калі дыягностыка паказвае, што пліта ў аварыйным стане — яе неабходна тэрмінова мяняць, бо выкарыстоўваць няспраўную крайне небяспечна ў любым індывідуальным доме, не кажучы ўжо пра шматкватэрнікі…

У прынятым рашэнні адзначана станоўчая работа ў частцы папярэджання пажараў старшыні Занарацкага сельвыканкама Ула­дзіміра Зелянкевіча. Адначасна яна прызнана нездавальняючай у яго калег з Будслава і Сватак, Крывічоў і Княгініна — у сувязі з фактамі гібелі людзей на пажарах альбо ростам колькасці апошніх у параў­нанне з папярэднім годам. Тое ж тычыцца і начальніка раёна газазабеспячэння Максіма Цераха — за пажары з прычыны парушэнняў правілаў эксплуатацыі газавых устройстваў; дырэктараў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Чарняўскага — невыкананне плана мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню пажарнай бяспекі аб’ектаў камунальнай формы ўласнасці і таварыства “Мядзелаграсэрвіс” Уладзіміра Бабкевіча — неабсталяванне інтэрната ў Мя­дзеле па вуліцы Нарачанскай сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчальнікамі. Зацвер­джаны таксама планы па бяспецы жыццядзейнасці на гэты год, прывядзенні ў адпаведнасць з па­трабаваннямі нормаў пячнога ацяплення і электраправодкі ў домаўладаннях грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне, спісы па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавя­шча­льнікаў… Безумоўна, усё гэта ў комплексе з іншымі намечанымі мерамі паспрыяе ўмацаванню пажарнай бяспекі ў нашым азёрным краі.

 

Павел ЖУКАЎ



27 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы 223_ 0-170

Пабрацімы Мядзела