Студатрад выбірае нас!

МАМА мне часта казала ў дзяцінстве: “Атрымлівай
асалоду ад школы. Табе пакуль лёгка, ты не працуеш”. А так яно і ёсць, падлеткавы ўзрост сапраўды звычайна ўспрымаецца бесклапотным і лёгкім часам.
У хлапчукоў і дзяўчынак яшчэ няма сур’ёзных дарослых
абавязкаў, яны не ведаюць, што такое праца. Але ці сапраўды не ведаюць?
Я, напрыклад, пасля слоў матулі ў тое ж лета запісалася ў студэнцкі атрад. І два тыдні, прыбіраючы тэрыторыю ля школы, даведвалася пра гэтае таямнічае працоўнае дарослае жыццё.
У пачатку сакавіка ва ўсёй рэспубліцы зноў стартавала акцыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” — “Мы выбіраем студатрад!”. Не застаўся ўбаку і наш раён. Пра тое, куды звяртацца хлопцам і дзяўчатам, якія дакументы неабходна сабраць і чаму ўдзел у студатрадах карысны для моладзі, размаўляем з другім сакратаром раённага камітэта БРСМ Сяргеем Багданавым.
— Акцыя праводзіцца штогод, яна працягнецца ўсю вясну. А накіраваная на тое, каб падрыхтаваць “глебу” для летніх работ, — распавядае ён. — Гэта значыць, што вясной мы прымаем заявы ад падлеткаў, наладжваем сувязь з патэнцыяльнымі работадаўцамі, працуем з дакументацыяй і фарміруем самі атрады. Гэта вельмі важны этап. Мы наведваем пярвічныя арганізацыі, тлумачым падлеткам, што наогул за звер такі “студатрад”, распавядаем, як праходзіла праца атрадаў мінулым летам, што плануем у гэтым годзе. Запрашаем леташніх удзельнікаў падзяліцца ўражаннямі.
— Які алгарытм дзеянняў у тых, хто зацікавіцца такой падпрацоўкай?
— Для пачатку звярнуцца ў раённы камітэт, дзе ўсім ахвотным могуць даць самую поўную і актуальную інфармацыю, адказаць на ўсе пытанні. А наогул працэдура падачы заявы вельмі простая. Яна не патрабуе нават дазволу ад бацькоў, калі дзіцяці ўжо споўнілася шаснаццаць гадоў. Хоць мы ўсё ж рэкамендуем паведаміць родным пра свае планы, каб яны ведалі, чаму сын ці дачка раптам не паедуць падчас канікул на дачу, былі ўпэўнены, што дзеці бавяць час карысна і бяспечна. Анкеты на заяўку даволі простыя, трэба назваць асноўныя звесткі: прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, населены пункт пражывання… У заяве можна таксама пазначыць, якім відам работ хацеў бы займацца: атрады будуць фарміравацца з улікам пажаданняў.
— Якія патрабаванні да кандыдатаў?
— Асноўнае — добрае здароўе, якое дазваляе выконваць пэўныя віды працы. Таму трэба праходзіць медыцынскую камісію. Яшчэ адно патрабаванне — на момант працаўладкавання павінна быць не менш за чатырнаццаць гадоў. Ва ўзросце да шаснаццаці гадоў можна заключыць працоўны дагавор толькі пры наяўнасці пісьмовай згоды аднаго з бацькоў або ўсынавiцеляў, папячыцеляў.
— У якіх відах работ задзейнічаны студатрады?
— Кожны год гэта залежыць ад арганізацый, якія гатовы прымаць на працу школьнікаў. Мінулым летам, напрыклад, нашы хлопцы працавалі ў ДУП “Мядзельскае ПМС” і УП “Мядзельская ЖКГ”. Працавалі тры студэнцкія атрады ў ліпені і ў жніўні па дзесяць дзён. Сёлета плануем, што зможам знайсці віды работ не толькі ў Мядзеле. Абласны камітэт БРСМ таксама падрыхтаваў пералік арганізацый, з якімі яшчэ будзем весці перамовы.
— А як жа само працаўладкаванне? Бо не ў многіх школьнікаў ёсць працоўныя кніжкі і вопыт заключэння дагавораў.
— Тут таксама няма аб чым турбавацца, БРСМ суправаджае падлеткаў на ўсіх этапах прыёму на працу. Гэта значыць — мы дапаможам і з запаўненнем дакументаў на працоўную кніжку, і з афармленнем дагавораў у працадаўцы. Але і на гэтым супрацоўніцтва атрадаў і камітэта не скончыцца. Мы ўдзельнічаем у жыцці хлопцаў і дзяўчат на працягу ўсяго працоўнага працэсу. За атрадамі замацоўваецца кіраўнік з арганізацыі, работнікі забяспечваюцца экіпіроўкай, кантралюецца рэжым працы, які залежыць ад узросту школьніка. У чатырнаццаць гадоў, напрыклад, дазволена працаваць чатыры з паловай гадзіны, а ў шаснаццаць — ужо сем. На абед і адпачынак даецца не менш за гадзіну. Унутры атрадаў таксама прызначаюцца камандзір (абавязкова паўналетні) і камісар.
— Раённы камітэт ўдзельнічае ў жыцці студатрадаўцаў па-за працоўным часам?
— Мы кожны год праводзім розныя мерапрыемствы ў рамках ідэалагічнай і выхаваўчай работы ўнутры калектываў. Прыязджаем падчас перапынкаў або пасля працы. Таксама прапануем сустракацца і ў нерабочы час. У мінулым годзе, напрыклад, часта збіраліся пагуляць у настольныя гульні, проста пагутарыць за кубкам гарбаты. Нам здаецца, гэта не менш важна. Бо для многіх студатрад — зусім новы вопыт, якім хочацца абавязкова падзяліцца. І добра, калі можна пагаварыць з тымі, хто мае ўяўленне аб тэме, хто цябе разумее.
— Чаму, як вам здаецца, падлеткам карысна папрацаваць у студэнцкім атрадзе?
— Часта на студатрады вешаюць ярлык прафарыентацыі — магчымасці для дзяцей пазнаёміцца з нейкай прафесіяй і відам дзейнасці, паспрабаваць сябе ў працы. Але нам здаецца, гэта не самае галоўнае. У першую чаргу, студатрады вучаць дысцыпліне і адказнасці, выхоўваюць любоў да працы і даюць усведамленне пра яе важнасць і кошт. А таксама дапамагаюць навучыцца распараджацца грашыма. Бо калі падлетак на сваім вопыце зразумеў, як цяжка дастаўся яму заробак, ён ужо падумае, купляць з яго прысмакі або адкласці для чагосьці больш важнага. Таксама летняя падпрацоўка дае магчымасць выпрабаваць сябе і свае сілы, самасцвярдзіцца.

Гутарыла
Аляксандра ГАРАЧКА.



26 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 _dsc1133-3     Паруснікі                          Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела