Назіральнікі за надвор’ем і возерам

НА Мядзельшчыне
гэта прафесійнае свята адзначаюць работнікі міжраённага цэнтра
па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя «Азёрная станцыя «Нарач». З 2002 года ўзначальвае калектыў Васілій Цяляк. Менавіта пад яго
кіраўніцтвам на станцыі адбыліся значныя змены: узведзены новы будынак, набыта і ўстаноўлена шмат сучаснага абсталявання.
— Пераважная большасць нашых спецыялістаў — гэта адказныя, вопытныя работнікі, якія добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі, — кажа Васілій Серафімавіч. — Усе яны заслугоўваюць шчырых слоў падзякі. Але з нагоды прафесійнага свята напішыце, калі ласка, пра інжынера-гідролага Аляксандра Іонава. Шчыры, працавіты чалавек. Службовыя абавязкі выконвае якасна, без заўваг. Ён у любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу калегам…
І вось мы сядзім у кабінеце інжынера-гідролага. Аляксандр Валер’евіч расказаў, што ён мясцовы, жыў у курортным пасёлку Нарач. Закончыўшы сярэднюю школу, паступіў у Ленінградскае вышэйшае ваенна-тапаграфічнае каманднае вучылішча, дзе набыў спецыяльнасць інжынера-геадэзіста.
— Службу распачаў на пасадзе камандзіра асобнага геадэзічнага ўзвода. Дарэчы, службу праходзіў у Расіі, — расказвае Аляксандр Валер’евіч. — Але наступілі дзевяностыя гады. Развал Савецкага Саюза. Тады многія звальняліся з арміі. Вось і я звольніўся і прыехаў у родную Беларусь.
Безумоўна, і тут быў спачатку, як кажуць, не мёд. Але паціху наша краіна станавілася на ногі, умацоўвалася эканоміка незалежнай дзяржавы. Аляксандр уладкаваўся ў НДЦ «Зубраня». Потым шмат год аддаў дарожнай службе раёна. Займаў розныя інжынерныя пасады ў філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» «ДРБУ-133».
— Даведаўся, што на станцыю патрэбен спецыяліст. Прыехаў, пагутарыў з Васіліем Серафімавічам. Ён кажа, маўляў, давай паспрабуй — можа, і атрымаецца, — працягвае размову Аляксандр Іонаў. — У маі споўняцца тры гады, як тут працую. Ведаеце, наш калектыў невялікі (толькі восем чалавек), дружны. Поплеч са мной працуе на пасадзе тэхніка-гідролага Дзмітрый Аляксеенка. Гэта надзейны таварыш, старанны, добрасумленны спецыяліст. З ім, як кажуць, я б пайшоў у разведку. Магу шмат добрага расказаць і пра метэаролагаў. Кожны на сваім працоўным месцы імкнецца даручаную справу выконваць якасна, дакладна, у вызначаны тэрмін. А гэта вельмі важна. Бо ўсе даныя кожныя тры гадзіны збіраюцца ў адзіную зводку, кадзіруюцца і перадаюцца ў рэспубліканскі гідраметцэнтр.
— А чым непасрэдна займаецеся вы? — пытаюся.
— Маніторынгам гідралагічнага стану возера Нарач. Замяраем тэмпературны рэжым вадаёма, праводзім гідрахімічны аналіз вады, замяраем яе празрыстасць, таўшчыню лёду, снежнага покрыва і іншае. Увесь сабраны матэрыял назапашваецца, сістэматызуецца і публікуецца ў выданнях Дэпартамента гідраметэаралогіі «Штогадовыя даныя аб рэжыме і рэсурсах паверхневых вод», «Шматгадовыя даныя аб рэжыме і рэсурсах паверхневых вод сушы», выкарыстоўваецца пры выданні даведнікаў, у навуковых манаграфіях і гэтак далей. Назіранні праводзім на пастах, два з якіх знаходзяцца на раўчуках, што ўпадаюць у Нарач, і трэці на возеры, непадалёку ад станцыі, — адказвае суразмоўца. — На пастах устаноўлены самапісцы, якія ў кругласутачным рэжыме запісваюць узровень вады. Паказчыкі мы здымаем у 8 гадзін раніцы і 10 вечара. І тут вельмі важная дакладнасць усіх вымярэнняў. Словам, клопатаў хапае…
— Як разумею, праца вашага калектыву важная для спецыялістаў, якія складаюць прагнозы надвор’я па нашай краіне.
— Так, пры гэтым інфармацыя ад нас павінна паступаць строга ў вызначаны час і вельмі дакладная. Вось і стараюцца ўсе працаваць з душой. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць калег з прафесійным святам. Зычу ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, далейшых поспехаў, — сказаў на развітанне Аляксандр Іонаў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



26 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай возера Глубелька 06-012 0-178

Пабрацімы Мядзела