Дзеля камфорту іншых

НА сходзе актыву па падвядзенні вынікаў працы ў народнай
гаспадарцы раёна за 2018 год ушаноўвалі машыніста кацельні вёскі Буйкі Васілія Малаша. Яму старшыня райвыканкама
Анатолій Вайнілка ўручыў
пасведчанне лепшага па прафесіі, яго фотаздымак будзе змешчаны на раённай Дошцы гонару. Гэта пацверджанне таго, што Васілій адказны, дысцыплінаваны і
працавіты чалавек.
Галоўны інжынер РВУП «Мядзельская ЖКГ» Уладзімір Шабовіч пры сустрэчы расказаў:
— Васілій Васільевіч карыстаецца аўтарытэтам і павагай у кіраўніцтва прадпрыемства, калег. Стараннасць гэтага чалавека не застаецца незаўважанай. Неаднаразова яго заахвочвалі маральна і матэрыяльна. Летась, напрыклад, за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і добрасумленную шматгадовую працу ў сістэме Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і ў сувязі з прафесійным святам Васілій Малаш быў узнагароджаны Ганаровай граматай дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці». Дарэчы, Васілій у мінулым годзе на працягу ўсяго лета актыўна працаваў падчас падрыхтоўкі Мядзела да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018». Напішыце пра яго ў газеце, чалавек заслугоўвае гэтага…
І вось мы сядзім у кацельні вёскі Буйкі. Адразу і не скажаш, што гэта кацельня. Паўсюдна чыста, акуратна. Сцены і печы зіхацяць белізной. І толькі шматлікія манометры, засоўкі і патрэскванне дроў у топцы нагадваюць, што гэта кацельня. Васілій Васільевіч немнагаслоўны. Літаральна трыма сказамі расказаў пра сябе, маўляў, вучыўся, ажаніўся, зараз працую…
Але паціху разгаварыліся. Нарадзіўся і вырас Васілій на Салігоршчыне, у вёсцы Завыхад. Пасля заканчэння Скаўшчынскай школы паступіў у Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-механіка.
— Пасля вучобы накіравалі працаваць на Мядзельшчыну, а дакладней — у калгас імя Горкага. Было гэта ў 1984 годзе. Займаў пасады механіка, загадчыка майстэрні. Так, напэўна, было наканавана лёсам — застацца тут назаўсёды, — усміхаецца Васілій Малаш.
— Прывабілі мясцовыя краявіды ці што іншае? — удакладняю.
— На танцах у клубе пазнаёміўся з дзяўчынай. Людміла працавала ў ашчаднай касе. Пасябравалі, потым пакахалі адзін аднаго. Згулялі вяселле. Вось і застаўся тут, — тлумачыць суразмоўца. — Спачатку працаваў у калгасе, а ў 2003 годзе перайшоў сюды на кацельню. Адразу накіравалі ў Маладзечна на курсы, дзе атрымаў адпаведныя дакументы, і працую.
— Ці падабаецца работа? — пытаюся.
— Так. Чыста, суха, цёпла — што яшчэ трэба? Заробак даюць рэгулярна. Галоўнае — працуй з адказнасцю. Усведамляй, што твая работа патрэбна іншым людзям. Мы даём цяпло ў дзіцячы садок, школу, ФАП, двухпавярховыя жылыя дамы, — чую ў адказ.
З далейшай размовы высветлілася, што жонка Людміла працуе ў аддзяленні ААБ «Беларусбанк» у аграгарадку Сырмеж. Праўда, толькі два дні на тыдзень, а ў астатнія ездзіць у аддзяленне ў курортны пасёлак Нарач. Безумоўна, складана дабірацца, але нічога не зробіш. Калі на спадарожных машынах, калі муж падвозіць і забірае.
Васілій разам з Людмілай выгадавалі трох дачок. Старэйшая Марыя —медсястра. Жыве і працуе ў Свіры. Яе муж Аляксандр — фельчар «хуткай медыцынскай дапамогі». У іх падрастае сынок Ягор. Сярэдняя дачка Алена пакуль яшчэ не замужам. Яна працуе ў гандлі і жыве ў Маладзечне. Там жа і малодшая дачка Кацярына, якая разам з мужам Міхаілам гадуе сына Арцёма.
— Дочкі добрыя, працавітыя зяці, але галоўная мая і бабуліна радасць — унукі. Менавіта яны з’яўляюцца прадаўжальнікамі нашага роду, — кажа Васілій.
— Праца, сям’я — усё гэта зразумела. А як бавіце вольны час, які любімы занятак? — цікаўлюся.
— Скажу шчыра, няма гэтага вольнага часу. Мы трымаем ладную гаспадарку: карова, свінні, трусы, куры. Толькі сена назапасіць чаго варта. Дагледзець усю жыўнасць таксама патрэбны час. А нарыхтаваць на зіму дроў, пасадзіць, выбраць бульбу?! Іншыя рыбалкай захапляюцца. Але ў іх няма гаспадаркі. Паблукаць з кошыкам у руках па лесе ў пошуках грыбоў — справа іншая, — крыху падумаўшы, адказвае Васілій Васільевіч. — А калектыў на кацельні ў нас дружны, згуртаваны. Тут кожны гатовы прыйсці на дапамогу таварышу. Яно так, лічу, і павінна быць, бо ўсе мы робім агульную справу — падаём людзям цяпло. Мы працуем, каб іншым было ўтульна і камфортна…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



25 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043     Паруснікі                          wjx6x-f4hhi лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела