Добры дзень! Да вас прыйшла аглядальная камісія

НІКОЛІ не чулі пра такую?
Тлумачу: аглядальныя камісіі створаны з мэтай прадухілення пажараў. Наведваюць
домаўладанні грамадзян,
вывучаюць стан электраправодкі, печак, газавага абсталявання, даюць рэкамендацыі па правілах бяспечных паводзін. Найперш пад увагу камісій трапляюць пажылыя людзі (асабліва якія жывуць адны ці ўвогуле не маюць блізкіх сваякоў) і мнагадзетныя сем’і.
А таксама тыя, чый лад жыцця выклікае трывогу: аматары спіртных напояў, сем’і ў сацыяльна небяспечным становішчы і гэтак далей. Каб на свае вочы ўбачыць і расказаць вам, як вядзецца такая праца, ненадоўга далучаюся да аглядальнай камісіі, створанай пры Мядзельскім сельвыканкаме.
У Мядзельскім сельсавеце 45 населеных пунктаў. Ёсць адносна вялікія — аграгарадкі Баяры (352 жыхары) і Лук’янавічы (270), вёскі Лотва (175), Гатавічы (133) і Сосны (114). Сярэднія, у якіх жыве па некалькі дзясяткаў чалавек. І зусім маланаселеныя: Чалеі, Радзькі, Палуяны, Селькава, Міхалі, Лапосі, Беразнякі…
Разам са старшынёй сельвыканкама Вячаславам Стрэжам і кіраўніком спраў Аксанай Яскавец едзем у Баяры. Аказваецца, аглядаць кожнае домаўладанне не абавязкова ўсім членам камісіі. Ды гэта і немагчыма, бо ў яе ўваходзяць прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ТЦСАН, аховы здароўя і адукацыі, энерганагляду і раёна газазабеспячэння, дэпутаты і старасты населеных пунктаў. У кожнага свая праца, і сабрацца разам проста нерэальна. А вось два ці тры чалавекі здольны падладзіцца адзін пад аднаго, каб прысвяціць гадзіну-дзве-тры наведванню домаўладанняў. Але ці змогуць людзі без адпаведнай адукацыі (не выратавальнікі, не электрыкі, не газавікі) разабрацца ва ўсіх тонкасцях даручанай справы? “Зможам, — запэўніваюць мяне спадарожнікі. — Трэба толькі сумленна паставіцца, а складанага тут нічога няма. Да таго ж, у камісію ўваходзіць прадстаўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Булыга. Ён рэгулярна праводзіць з намі інструктажы”.
…Пад’язджаем да першага з запланаваных аб’ектаў наведвання (з этычных меркаванняў не называю адрас і прозвішча ўладальнікаў). Ідзём у хату, вітаемся.
— Добры дзень, — адказвае гаспадар. — Ведаю-ведаю: супрацьпажарная бяспека.
— І мы, і супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях гаварылі вам, што трэба ліквідаваць парушэнні, — нагадвае Аксана Яскавец. — Пакажыце, што зрабілі. Шпалеры на лямпачцы віселі — ці прынялі іх?
— А як жа! — мужчына паказвае, што выканаў абяцанае.
— А ў пажарны апавяшчальнік батарэйку ці ўставілі?
— Не. З пенсіі ўставім, — запэўнівае гаспадар.
— Мы ж з вамі не раз абмяркоўвалі, што курыць у жылым памяшканні нельга.
— Дык мы і не курым амаль… Хіба толькі як зуб забаліць.
У сянях Вячаслаў Стрэж звяртае ўвагу на скрутку правадоў:
— Так быць не павінна!
— Добра-добра, зробім. Мы ж разумеем: супрацьпажарная бяспека!
Гаспадары настроены добразычліва, не спрачаюцца, згаджаюцца з усімі заўвагамі. Але ці ліквідуюць парушэнні, сказаць цяжка.
…Мы ў пад’ездзе шматкватэрніка, звонім у дзверы Вольгі Аляксеевай. Гаспадыня адчыняе дзверы і запрашае ўвайсці. “У плане супрацьпажарнай бяспекі — проста ідэальна”, — пасля правядзення агляду канстатуюць работнікі сельвыканкама. Але на ўсялякі выпадак нагадваюць Вользе Цімафееўне пра асноўныя патрабаванні і пакідаюць інфармацыйныя матэрыялы. І даюць распісацца, што з правіламі супрацьпажарнай бяспекі азнаёмлена. У адзін з папярэдніх візітаў аглядальнай камісіі жанчына выказала жаданне, каб ёй прызначылі сацыяльнага работніка — і ўжо карыстаецца яго паслугамі. “Самой стала цяжка шмат хадзіць, — расказвае гаспадыня мне (члены камісіі пра гэта ведаюць). — Родам я з Маладзечна, раней на будоўлі працавала. Замуж выйшла ў Расію. Дзяцей не было, дык пасля мужавай смерці вярнулася ў Беларусь, купіла гэту кватэру. Бо сястра мая на Мядзельшчыне жыве, у Кабыльніку…”
…Падыходзім да дома прыёмнай сям’і Качарго. “Вельмі добрыя людзі, шчыра клапоцяцца пра дзяцей, — расказваюць мае спадарожнікі. — Ніякіх праблем тут ніколі не бывае. Але зайсці мы павінны”. Дома толькі Алена, гаспадыня. Яна расказвае пра дзетак (дзе хто адпачывае, як вучыцца), запрашае прысесці. Аднак селаваць не выпадае: трэба наведаць і іншыя домаўладанні. Таму члены камісіі пераконваюцца, што з супрацьпажарнай бяспекай тут усё добра, і мы спяшаемся па іншым адрасе.
…Як добрых знаёмых, сустракае старшыню і кіраўніка спраў сельвыканкама Ганна Купрэвіч. Паведамляе, што нядаўна наведваліся газаўшчыкі, праверылі абсталяванне — усё ў парадку. Што ў самой былі сур’ёзныя праблемы са здароўем, але цяпер усё добра: нават схадзіла заплаціць за камунальныя паслугі (доўгі час у такіх выпадках выручала суседка). А таму без сацыяльнага работніка, дзякаваць Богу, абыдзецца і надалей. Адчуваецца, што жанчына рада гасцям. А тыя аглядаюць кватэру і выносяць “вердыкт”: парушэнняў няма.
…Вяртаемся ў Мядзел. Суразмоўцы кажуць, што наведаць домаўладанні — толькі палова справы. Неабходна запоўніць справаздачныя формы. І хоць пісаць у іх трэба няшмат, аднак гэта таксама займае час. Зноў жа, трэба падумаць, у якія арганізацыі звярнуцца для вырашэння выяўленых праблем, накіраваць туды ліст. Напрыклад, хадайнічаць перад тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб аказанні адзінокім старым адраснай дапамогі для замены электраправодкі. Калі ж праблема ў пенсіянераў, якія жывуць адны — напісаць іх дзецям. “Вельмі дапамагаюць у рабоце па прафілактыцы пажараў Ірына Шпак і Валянціна Мірусінская з Лотвы, Валянціна Гардзіенка і Валянціна Чарняўская з Лук’янавіч, — расказваюць мае спадарожнікі. — Гэта работнікі культуры, а значыць, не з’яўляюцца абавязковымі суб’ектамі прафілактыкі. Таму ім — наша асаблівая падзяка”.
***
Мяркую, працу аглядальнай камісіі нельга назваць лёгкай і прыемнай: наведваць домаўладанні складана ў псіхаэмацыянальным плане.
Зразумела, што далёка не ўсе жадаюць бачыць у сваім жытле чужых людзей, хоць тыя і прыйшлі з найлепшымі намерамі. У гаспадароў хат і кватэр, якія даводзіцца наведваць, розны настрой, розныя жыццёвыя сітуацыі. Іншы раз агляд домаўладанняў раздражняе людзей, якім на фоне ўласных сур’ёзных праблем адсутнасць батарэйкі ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку здаецца недарэчнай дробяззю.
Да таго ж… Наведаць утульную працепленую хату, дзе жывуць старэнькія муж з жонкай або нават адзінокі пажылы чалавек, пераканацца, што ўсё добра, а калі нешта крыху не так — падказаць, дапамагчы і пайсці са спакойнай душой і адчуваннем выкананага абавязку — гэта адно. І зусім іншая справа — трапіць туды, дзе трывала пасялілася нядобранадзейнасць. Злоўжыванне алкаголем, бруд, неўладкаванасць, адсутнасць паліва, ігнараванне ўсіх магчымых правіл бяспекі і санітарыі — відовішча не для асоб са слабай нервовай сістэмай. Да таго ж менавіта ў такой сітуацыі шчырыя намаганні камісіі могуць і не прывесці да жаданага выніку. Але ў любым выпадку трэба пастарацца зрабіць усё магчымае. Бо людзі мы ці хто?

Наталля ЛІСІЦКАЯ.



21 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Правапарадак

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        img_4257 Касцёл у Засвіры   84

Пабрацімы Мядзела